Без категории
Зьміцер Панкавец, ”Наша нiва”

Яраслаў Берніковіч: “Гэта ўжо ня першая мая выбарчая кампанія, але такая зычлівасьць і спагада з боку людзей назіраецца ўпершыню”

Распаўсюджаны міф пра тое, што апазыцыя страшна адарваная ад народу цалкам аспрэчвае сваім прыкладам глыбачанін Яраслаў Берніковіч. Ужо за першыя тры дні працы ініцыятыўная група лідэра нацыянальнага кола з Глыбокага сабрала тысячу подпісаў. Уся кампанія праходзіць выключна на беларускай мове.

«Для мяне самога такі пасьпяховы пачатак кампаніі быў шокам, — дзеліцца ўражаньнямі Яраслаў. — Згадваю, што нават падчас прэзыдэнцкіх выбараў мы зьбіралі за Домаша і Мілінкевіча ў лепшым выпадку 1300—1500 подпісаў за месяц. А сёлета вось такая актыўнасьць».

У ініцыятыўную групу Яраслава Берніковіча ўваходзяць 28 чалавек, хаця, па прызнаньні самога актывіста, подпісы зьбіраюць далёка ня ўсе. Дый з трох раённых цэнтраў выбарчае акругі — Глыбокага, Докшыц, Вушачы — актыўная праца вядзецца толькі ў Глыбокім.

У Вушачу пасьля шостай вечара прыяжджаюць сябры ініцыятыўнай групы з Наваполацку. Хочуць выставіць пікет і ў Докшыцах. На сёньняшні дзень за патэнцыйнага кандыдата на мандат у Палаце прадстаўнікоў сабрана каля 3600 подпісаў — найлепшы вынік у краіне. Кандыдаты-лукашэнкаўцы далёка адстаюць.

«Гэта ўжо ня першая мая выбарчая кампанія, але такая зычлівасьць і спагада з боку людзей назіраецца ўпершыню. Падчас абыходу кватэр амаль кожны імкнецца выказаць сваю падтрымку», — працягвае Я.Берніковіч.

Актывіст ужо балятаваўся на парлямэнцкіх выбарах у 2004 годзе. Першапачаткова яго кандыдатуру ЦВК не зарэгістраваў, бо Берніковіч не пазначыў ганарару за публікацыю ў часопісе ў памеры 2 тысяч рублёў. На гэтым кандыдат ад Дэмакратычных сілаў рук ня склаў, і дамогся такі рэгістрацыі. Паводле ярмошынскіх зьвестак, Берніковіч на тых выбарах набраў каля 10% галасоў і заняў другое месца, саступіўшы Васілю Хролу.

Сёлета ў Яраслава Берніковіча супернік на выбарах ад улады — старшыня Віцебскага аблвыканкаму Віктар Андрэйчанка. «У мяне часта пытаюцца, чаму Андрэйчанка ідзе менавіта па Глыбоцкай акрузе? Адказваю на гэта, што мне шукалі годнага канкурэнта», — жартуе Берніковіч.

Пры канцы пытаюся, ці ёсьць спадзяваньні, што можа перамагчы ў акрузе. «Усякае бывае. Каб не спадзяваўся, то і не ішоў бы», — адказвае Яраслаў.

Даведка

Яраслаў Берніковіч нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Варанцы (Глыбоччына). Скончыў Бабруйскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Служыў на Далёкім Усходзе (1987—1993). Працаваў на розных пасадах у Глыбокім. У Партыі БНФ ад 1999 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)