Комментарии
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Я.Раманчук: “Беларусь прайграла, бо паддалася на вельмі закрыты спосаб продажу акцый “Белтрансгазу”

“Газпром” афіцыйна паведаміў аб падпісаньні з беларускім бокам кантракту на пастаўку і транзыт газу ў 2007-2011 гадах. У гэтым годзе Беларусь будзе атрымоўваць газ па 100 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук, камэнтуючы падпісаныя дамоўленасьці сказаў, што Беларусь прайграла, бо паддалася на вельмі закрыты спосаб продажу акцый “Белтрансгазу”. Паводле спадара Раманчука, гэта нельга было рабіць у такім рэжыме, гэта нэгатыўны спосаб прыватызацыі. Аднак Беларусь выйграла, бо мае газ не па 200, а па 100 даляраў за тысячу кубамэтраў.

(Раманчук: ) “Безумоўна, гэта сьведчыць пра тое, што Крэмль перамог, а афіцыйны Менск спужаўся. Бо атрымаць адразу нафтавы і газавы ўдары, і не пайсьці на рэформы Беларусь ня можа. Гэта азначае канец той палітыкі, якая вялася цягам апошніх пяці гадоў у галіне нафты і газу.

Дамоўленасьці па перадачы акцый — рэч для Беларусі вельмі неспрыяльная. Такім чынам прыватызаваць кампаніі нельга — без тэндэру, без якаснай прапрацоўкі пытаньня, пад ціскам. Я думаю, што ёсьць вельмі буйныя прэтэнзіі да гэтай зьдзелкі і пакуль “Газпром” не атрымае гэтых акцый , я не змагу паверыць, што гэта зьдзелка адбылася. Можа здарыцца так, як і з “Крыніцай”. Калі “Балтыка” купіла нашу “Крыніцу” , а потым усё адматалі і я не выключаю такі сцэнар.

Для Беларусі 100 даляраў гэта лепш у параўнаньні з тым, што маюць Армэнія, Малдова, Польшча, гэта больш спрыяльная схема. Цану ў 100 даляраў нельга разглядаць як палітыку, бо гэта пераход на рынкавыя стасункі з Расеяй. Беларусі трэба да гэтага прыстасоўвацца, а не наракаць на Крэмль, на ворагаў на ўсходзе і захадзе. А вось 2006 год, спрыяльны для нашай гаспадаркі, беларускі ўрад, на жаль, для гэтага не скарыстаў.

Я думаю, Лукашэнка адчувае, што гэта будзе вельмі балючы ўдар па эканоміцы, а тое, што адбылося па нафце — мае значна больш сур’ёзныя наступствы. Але ўлады пастараюцца перакласьці гэта на прадпрыемствы і насельніцтва. Нас чакае ўжо гарантаванае падвышэньне цэнаў на жыльлёва-камунальныя паслугі й транспарт, паліва стане значна даражэйшым, магчымасьці фінансаваньня інвэстыцыйных праграмаў таксама скароцяцца. Я бачу пагрозы для стабільнасьці фінансавай сыстэмы, банкаўскай сыстэмы”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)