Японка Ефрасіння: «Вельмі хочацца, каб беларусы не страцілі мары пра вольную Беларусь»
Па спецыяльнасці японка Ефрасіння (гэта яе царкоўнае імя) — рэлігіязнаўца. Яна расказала Нашай Ніве, як зацікавілася нашай культурай, чаму вырашыла вучыць беларускую мову і якое ўражанне ў яе склалася пра Беларусь.
Ва ўніверсітэце ў старой сталіцы Японіі — Кіёта — жанчына выкладае расейскую мову, а таксама займаецца даследаваннем стараабрадніцтва ў Беларусі.
«У Японіі пазнаёмілася з беларусамі з пратэснага руху»
Вывучаць беларускую мову Ефрасіння (яна просіць не пазначаць яе японскае імя) пачала ў 2020-м. Але сувязь з Беларуссю ў жанчыны завязалася значна раней.
— Я ў 90-х удзельнічала ў дабрачыннай дзейнасці па дапамозе беларускім дзецям, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай трагедыі. Цяпер захоўваю сяброўства з адной дзяўчынай з той групы, перапісваюся нават з яе дачкой, — расказвае яна.
Ефрасіння вывучае рэлігійную дзейнасць, пытанні моў (у тым ліку літургічных) у Рускай праваслаўнай царкве, а таксама ва ўсходнеславянскіх краінах.
У 2005 годзе яна атрымала з Мінска «Праваслаўны малітваслоў», які быў перакладзены з царкоўнаславянскай мовы на беларускую.
— Раней у 1990-х у РПЦ была тэндэнцыя перакладу царкоўнаславянскай мовы на сучасную рускую. Тады мне стала цікава, якая сітуацыя з гэтым у Беларусі і ва Украіне. У апошняй краіне ўжывалі, вядома, украінскую.
Я звязалася з Мінскай духоўнай семінарыяй, каб даведацца, як у Беларусі.
Тады яны праводзілі апытанне сярод вернікаў, якую мову тыя лічаць роднай. Беларуская не займала першае месца, нават лічылася нейкай вясковай мовай. У знаёмых, сяброў пыталася, на якой мове яны гавораць. Некаторыя нават ставіліся тады неяк адмоўна да беларускай. Мне было шкада, што так. І вось тады я пачала чытаць па-беларуску, — тлумачыць яна.
З часам Ефрасіння заўважыла, што ў беларусаў паступова стала з’яўляцца цікавасць да роднай мовы.
— А ў 2020 годзе ўжо шмат хто на ёй пачаў гаварыць, — кажа жанчына. — У Японіі пазнаёмілася з беларусамі з пратэснага руху. Я сама актыўна ўдзельнічала ў мясцовых маршах. Дык вось яны спачатку не вельмі ўдала размаўлялі па-беларуску, але адна дзяўчына ўзяла на сябе ініцыятыву прасоўваць мову, мы стварылі чат — «Беларуская гутарня».
Там беларусы, якія жывуць у Японіі ў розных гарадах, камунікуюць толькі на беларускай. Яшчэ далучаюцца пары беларусаў з Карэі і Тайваня. Мы збіраемся раз на тыдзень на «гутарню» анлайн.
Часам абмяркоўваем літаратуру, кіно, святкуем Каляды, часам ладзім майстар-класы па знаёмстве з беларускай традыцыяй, запрашаем гасцей з-за межаў Японіі, з Беларусі і іншых краін. У гэтай суполцы я адна японка, успрымаюць мяне як родную.
Я яшчэ саромеюся нешта пісаць на беларускай, у асноўным чытаю паведамленні. Мне пакуль складана пачаць размаўляць на беларускай.
Упадабанае слова ў беларускай мове ў Ефрасінні «хата». Жанчына заўважыла, што беларусы з цеплынёй ужываюць яго ў гутарцы.
— У рускай мове гэтае слова таксама ёсць, але яно носіць зусім іншае значэнне — вясковая, нейкая напаўразбураная хата, — расказвае яна.
«Падарожнічала па Беларусі, сустракалася са стараверамі»
У Беларусі Ефрасіння была некалькі разоў. Апошні — у сакавіку 2020-га.
«Яшчэ ў 2019-м некалькі разоў пыталася ў людзей, якая палітычная сітуацыя ў краіне, самі беларусы неяк не былі зацікаўлены ў ёй, а некаторыя ставіліся нават вельмі абыякава. Мне было няёмка ў беларусаў пытацца пра палітыку.
Да пандэміі кавіду я даволі часта бывала ў Расіі, Украіне і Беларусі, хаця б у адной з краін амаль штогод. І наогул увесь час падтрымліваю зносіны з калегамі і сябрамі з гэтых краін. Па маім уласным назіранні, украінцы, напрыклад, заўсёды вельмі любілі размаўляць пра палітыку, расіяне таксама, але прыкладна пасля 2000 года яны сталі «цішэйшыя», менш абіралі гэтую тэму для размовы».
Ефрасіння была ў Гомелі, «зоне адчужэння», Бабруйску, Барысаве, Полацку, Браславе, Шаркаўшчыне, Ветцы, Чачэрску, Асіповічах, Браславе.
Адна з яе навуковых тэм — стараабрадніцтва ў Беларусі.
— У нас вялікія спецыялісты па гэтай тэме ў Еўропе, ЗША, але ніколі ніхто не займаўся вывучэннем гэтага ў Беларусі. І вось я падарожнічала па Беларусі, сустракалася са стараверамі.
Дарэчы, была ў Вільні і Коўне, каб наведаць старавераў, памятныя мясціны беларускага дыпламата Восіпа Гашкевіча і японскага дыпламата Сугіхара Ціунэ, — расказвае яна.
Жанчына імкнецца распаўсюджваць інфармацыю пра Беларусь сярод сваіх студэнтаў.
— Расказваю ім, як адрозніваюцца расіяне, беларусы, украінцы. А гэта культура, менталітэт, характар і іншае. Нават паказваю на занятках тры розныя кірыліцы, расказваю, чым яны адрозніваюцца, дакранаюся і да палітыкі. У Японіі, вядома, паведамляюць навіны пра Украіну. Пра Беларусь нашмат менш, кажуць «прэзідэнт Лукашэнка». Нашы беларускі з гэтай нагоды сумуюць, — кажа яна.
Вывучаць расейскую мову Ефрасіння пачала яшчэ студэнткай. Тады пры паступленні трэба было абраць другую замежную мову. Першая ў жанчыны — англійская.
— Абрала расейскую, таму што сярод усіх астатніх моў яна была для мяне самай незнаёмай. Гэта яшчэ было якраз пасля Чарнобыльскай аварыі.
Для мяне Савецкі Саюз быў загадкавай краінай, нічога практычна пра яго не ведала. А ён жа амаль быў суседам Японіі, знаходзімся побач праз мора. Тады ўзнікла цікавасць да гэтай краіны.
Ефрасіння прызнаецца, што падчас навучання расейскай мове яны была самай дрэннай студэнткай. Ёй складана давалася новая мова.
— Было толькі два заняткі на тыдзень, мне падалося гэтага мала, таму пасля паступіла ў аспірантуру і стала больш сур'ёзна займацца мовай, зацікавілася праваслаўнай царквой, — расказвае яна.
«Японская праваслаўная царква аўтаномная»
Тры гады таму Ефрасіння прыняла праваслаўе. Таму яна цяпер носіць такое імя. Узяла яна яго ў гонар Еўфрасінні Полацкай.
— Да гэтага была пратэстанткай, — расказвае яна. — Але каб стаць праваслаўнай, трэба перахрысціцца. Лічыла гэта дзіўным, таму доўга думала, ці варта гэта рабіць, хадзіла проста ў праваслаўную царкву.
Чытала жыціе Еўфрасінні Полацкай, яна займалася асветай. Я вось таксама выкладчыца, займаюся перакладамі, асветай, таму ад яе я хацела папрасіць сілу, уменне. Хоць яна для мяне занадта вялікі вобраз.
Мне спадабаліся ў праваслаўнай царкве спевы, праз вучэнне вера пранікла ў мяне. Вядома, складана ўсё вучэнне ўспрымаць адразу цалкам. І я нават не ўпэўненая, што цяпер яго разумею. Дарэчы, лічу, што вывучыць якую-небудзь мову таксама немагчыма, гэта вечная праца.
Для сям’і Ефрасінні было натуральна, што яна прыняла праваслаўе.
— Доўга займалася яго вывучэннем, — кажа яна. — Вядома, сярод маіх сяброў ёсць людзі зусім не рэлігійныя, яны вельмі розныя, але ўсё роўна яны абсалютна нармальна да гэтага паставіліся.
Ефрасіння — рэдкае імя ў Японіі. Там японкі, якія сталі праваслаўнымі, часцей носяць іншыя імёны — Марыя, Ганна, Вольга, Алена.
— Японская праваслаўная царква адразу пасля пачатку вайны выказала сваю пазіцыю, што мы супраць вайны, супраць гвалту. Вядома, што Японію пазнаёмілі з праваслаўем расейскія місіянеры. Канечне, цяжка пазбегнуць уплыву Расеі, Маскоўскага патрыярхату. Хаця японская праваслаўная царква аўтаномная.
Наш прыход невялікі, але шматнацыянальны. Мы заўсёды молімся за ўкраінцаў і не толькі, кожную нядзелю ў маёй парафіі падчас літургіі згадваюць усіх загінулых, якія пакутуюць, незалежна ад нацыянальнасці.
Памятаю, у нас аднойчы быў госць з Расеі, ён неяк абуральна рэагаваў на слова «Украіна» ў малітве, але на нас гэта ніяк не паўплывала, — расказвае Ефрасіння.
«На Вялікдзень Евангелле чытаю на беларускай мове»
Жанчына лічыць, што для таго, каб чалавек не баяўся гаварыць на новай мове ў асяроддзі, яму трэба даваць вольную прастору для гэтага. Яна павінна быць камфортнай і ўтульнай.
— Трэба памятаць, што заўсёды будуць тыя, хто хоча вучыць іншага, — кажа яна. — Неяк пра гэта ішла размова з маімі сябрамі з Расеі. У японскай мове ёсць выраз — «зламаць паясніцу размовы».
Паясніца — самая важная частка цела, таму гэты выраз азначае перашкодзіць размове, калі суразмоўцы не хочуць працягваць яе. Трэба не перашкаджаць, «не ламаць», таму што гэта знізіць матывацыю спрабаваць размаўляць на новай мове. Мусіць, па-руску можна сказаць «згубіць нітку гутаркі».
Але, напрыклад, беларусы, якія ёсць у нашым чаце, наадварот, хочуць, каб іх выпраўлялі, калі яны робяць памылкі. І дзяўчына, якая добра ведае мову, гэта робіць вельмі спакойна і паважліва. Таму яны хутка ўспомнілі беларускую, сталі яе выкарыстоўваць.
Ефрасіння таксама падзялілася кнігамі, якія чытае на беларускай мове:
— Пачала знаёміцца з «Кароткай гісторыяй Беларусі», кнігу рэкамендавалі ў нашым чаце, моўнымі падручнікамі карыстаюся.
На Вялікдзень заўсёды чытаем часткі Евангелля паводле Яна на розных мовах, я ўжо два гады запар раблю гэта на беларускай. Калі ў нас бываюць госці з Украіны, яны лічаць, што чытаю па-ўкраінску. Падобныя мовы. Украінскую я цяпер пасля пачатку вайны таксама пачала вывучаць, — дзеліцца яна.
«Мару паехаць у вольную Украіну і вольную Беларусь»
Па словах жанчыны, яна не адзіная японка ў Японіі, якая вывучае беларускую мову. Ёсць спецыялістка, якая выкладае яе студэнтам.
— Хаця асобнай кафедры беларускай мовы ў нас, у Японіі, няма. Але ёсць японцы, якія хочуць яе вучыць.
Пасля пачатку вайны ва Украіне мы, вядома, баяліся, што попыт на вывучэнне рускай мовы раптам стане меншым. Але выявілася, што ў некаторых ВНУ стала нават больш абітурыентаў, якія хочуць вывучаць яе, каб атрымаць магчымасць знаёміцца са славянскімі мовамі для доступу да навін, для лепшага разумення гэтых народаў, іх гісторыі. Людзі захацелі даведвацца пра ўсё гэта непасрэдна.
Акрамя вайны ва Украіне, у Беларусі працягваецца барацьба з нелегітымным і дэспатычным рэжымам. Якраз пра гэта я расказваю тут пры магчымасці, асабліва падкрэсліваючы крэатыўнасць беларускага народа.
Апублікаваны мой вялікі артыкул пра мастацтва ў пратэсных рухах Беларусі з 2020-га, пару разоў выпускалі выступленні анлайн на гэтую тэму. Кожны раз аўдыторыя ў захапленні ад унікальнасці гэтага нябачанага і дзіўнага народа, праяўляе жаданне даведацца пра яго, культуру, у тым ліку і мову, — расказвае яна.
У сваім горадзе Ефрасіння цяпер дапамагае бежанцам з Украіны з перакладам у бальніцы.
— Адна пацыентка, хворая на сур'ёзную хваробу, называе мяне Сонейка-Еўфрасіннюшка. Гэта так прыемна, кранальна, а я проста раблю тое, што магу.
Мару паехаць у вольную Украіну і вольную Беларусь, дзе жывуць мае любімыя сябры. І каб там людзі гаварылі на сваёй роднай мове. Мне вельмі хочацца, каб беларусы не страцілі мары пра вольную Беларусь, — падсумоўвае яна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное