«Яны тут увесь дзень насіліся на гэтай машыне»
Рэпартаж Радыё Свабода зь Белаазёрску, дзе ў аўтааварыі загінулі пяць чалавек.
Тут і далей фота Уладзі Грыдзіна
Месца, дзе ўдзень 7 ліпеня здарылася трагедыя, — побач зь Белаазёрскай электрастанцыяй. Ад цэнтру гораду да яго каля 15 хвілін на аўтамабілі. Побач з каналам, у які заехаў перапоўнены аўтамабіль, некалькі дачных пасёлкаў. У адным зь іх перад трагічнай паездкай адпачывала ўся кампанія, якая пазьней села ў машыну да Андрэя Букрабы.
«Як можна было не заўважыць павароткі?»
— У мяне тут лецішча, у пасёлку, 30 гадоў ужо, — расказвае Аляксандар Іванавіч, якога сустракаем на месцы трагедыі. — Я ўчора акурат на лецішча ехаў, калі машыну даставалі. Сьледчыя працавалі на месцы, не пусьцілі мяне блізка. Машын тут было шмат. Міліцыя, хуткая. Потым гэтую машыну з вады даставалі. Пагрузілі на ляфэт і павезьлі.
Па словах пэнсіянэра, у горадзе ўсе гадаюць, як такое магло здарыцца. Ён паказвае на дарогу, што ідзе ад лецішчаў у бок каналу.
Ад краю дарогі да стромкага берага — каля трох мэтраў. У месцы, дзе перапоўнены «Мэрсэдэс» вылецеў у ваду, дарога робіць рэзкі паварот улева. Па словах відавочцаў, аўтамабіль спрабаваў павярнуць, але на вялікай хуткасьці перакуліўся і зьляцеў у ваду.
— Ня ведаю, як такое магло адбыцца, — разважае Аляксандар Іванавіч. — Такая бяда. Я сам тут ежджу на машыне на лецішча. Як так можна было не заўважыць павароткі, проста ў ваду паехаць? Кажуць, што хуткасьць была высокая. Але дзе тут можна разагнацца? Тут жа вось выезд зь лесу — і ўсё, адразу паваротка. Хаця машыны замежныя могуць хутка разагнацца, ім шмат ня трэба.
Дарога, на якой кіроўца «Мэрсэдэса» разагнаўся перад паваротам
У гэты паварот не ўпісаўся кіроўца «Мэрсэдэса»
У аўтамабілі, якім кіраваў 31-гадовы Андрэй Букраба, у момант аварыі былі 10 чалавек. 7 дарослых і 3 дзяцей — двое дзевяцігадовых, хлопчык і дзяўчынка, і адна чатырохгадовая дзяўчынка.
Па словах відавочцаў, выжылі толькі тыя, хто змог выбрацца з машыны самастойна. Аўтамабіль вельмі хутка пайшоў на дно. Разам з трыма дзецьмі ў ім засталіся двое дарослых. Выжылі пяць чалавек, у тым ліку кіроўца.
«Год таму трое хлопцаў зьляцелі на машыне ў ваду»
У аварыі загінуў мужчына, які быў у багажніку аўтамабіля. А таксама маладая маці з 9-гадовай дзяўчынкай. У іншай маладой жанчыны загінулі двое дзетак — 4-гадовая дзяўчынка і 9-гадовы хлопчык. Сама жанчына выжыла.
— Увесь Белаазёрск гаворыць цяпер пра гэтае здарэньне, такая бяда, — расказвае Аляксандар Іванавіч. — Дзяцей шкада. Дарослыя, можа, і самі вінаватыя, а дзеці пры чым тут? Шкада дзяцей. Цяпер тут на каналах, відаць, міліцыі наставяць. Ці яшчэ што зробяць. Тут жа як лета, то людзей поўна. Нехта рыбу ловіць, нехта адпачывае. Езьдзяць хто як хоча, ніхто ж не пільнуе. Год таму тры маладыя хлопцы на машыне ў канал заляцелі. То не паведамлялі ў міліцыю, самі выбраліся, потым машыну выцягнулі, і ўсё.
Дом, дзе адпачывала кампанія
Па словах уладальнікаў лецішчаў, што побач зь месцам трагедыі, Андрэй Букраба 7 ліпеня прыехаў да сваіх сяброў. Яны набылі лецішча ў пасёлку ўсяго некалькі месяцаў таму, яшчэ не пасьпелі пазнаёміцца з усімі суседзямі. За некалькі гадзін да здарэньня кампанія гучна адпачывала. Слухалі музыку, весяліліся.
— Мы іх учора бачылі, — расказвае Валер Яскевіч, сусед па лецішчы. — Яны тут паўдня адпачывалі ў сябе на ўчастку. І машына гэтая насілася туды-сюды. Вельмі хутка езьдзілі яны тут. Ці былі п’яныя, я ня ведаю. Ня бачыў, што яны там рабілі. Музыка толькі была чуваць, галасы. Ну і машына гэтая, вялізная.
Дарога, па якой на вялікай хуткасьці езьдзіў «Мэрсэдэс»
Мужчына гаворыць, што не зьдзівіўся, калі даведаўся пра аварыю. Па яго словах, «усё да гэтага ішло». Ён ахвотна верыць, што прычынай ДТЗ стаў алькаголь.
— Можа, у яго тармазы адмовілі, можа, яшчэ што з машынай здарылася, — разважае Валер Яскевіч. — Ня можа ж быць, каб вось так проста ў ваду. Там глыбіні — чатыры мэтры. Ня выберасься так проста. Машына цалкам пад ваду пайшла. Ну, дзеці і ня выплылі. Там і даросламу цяжка, ня тое што малому.
«Цяжка пра гэта гаварыць»
Андрэй Букраба, які ў момант аварыі быў за рулём, змог выбрацца з аўтамабіля. Яго затрымалі на месцы здарэньня. Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, у крыві Букрабы было 1,4 праміле алькаголю.
Паведамляецца таксама, што хлопец ня меў правоў кіроўцы. Яго пазбавілі іх дзесяць гадоў таму, таксама за кіраваньне ў стане алькагольнага ап’яненьня. Апошнія гады Букраба жыў адзін, асобна ад бацькі.
— Я амаль нічога ня ведаю, — сказаў Свабодзе бацька Андрэя Букрабы. — Учора даведаўся пра ўсё, толькі калі мне пазванілі зь міліцыі. Прыехаў на месца адразу, сына там ужо не было, я не пабачыў яго.
Ня ведаю, у якім сын быў стане. Кажуць цяпер, што ён быў п’яны, але я не магу сказаць, ці гэта праўда. Мы жылі асобна ўжо шмат гадоў. Машыну сын браў, але куды езьдзіў і ў якім стане, я сказаць не магу. Прабачце, цяжка пра ўсё гэта гаварыць зараз. Ведаю толькі, што аўтамабіль у сьледчых у Бярозе. Сын затрыманы.
Па інфармацыі праваахоўнікаў, Андрэю Букрабу пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Тых, хто загінуў, у тым ліку траіх дзяцей, пахаваюць у Белаазёрску 9 ліпеня.
Читайте еще
Избранное