Скандалы

«Яны тэлефануюць начальству, ім кажуць: «Шукайце далей» Як праходзіць вобшук на дачы маці Ціханоўскага

З 15 гадзін да позняй ночы ішоў вобшук на лецішчы маці Сяргея Ціханоўскага. Ягоны сябар Ігар знаходзіцца там, піша Радыё Свабода.

«Прайшло ўжо тры агляды. Змянілі тры разы панятых. Начальнік нейкі прыехаў і пытаецца: «Знайшлі забароненыя рэчывы?» — распавёў Свабодзе Ігар.

«Нешта ўсё шукаюць, ніяк не могуць знайсці. Ужо тры пратаколы напісалі, увесь дом агледзелі тры разы, увесь двор — лазню, хлявы, прыбіральню. Яны тэлефануюць начальству, ім кажуць: «Шукайце далей», — зноў нешта шукаюць», — зазначыў сябар Ціханоўскага.

Фота «Радыё Свабода»

Паводле яго, на лецішчы следчыя знайшлі шмат дакументаў, якія тычацца дзейнасці Сяргея Ціханоўскага як прадпрымальніка. «Забралі больш за 200 тэчак з дакументамі, прычым не апісвалі, што там, грэблі ўсё запар. Там паперы з 2003, 2006 года. Не ведаю, для чаго ён іх захоўваў. Забралі рацыі — такія амаль дзіцячыя, прымітыўныя, яны выкарыстоўваліся на пляцоўцы даўно, калі Сяргей здымаў рэкламныя ролікі», — дадаў Ігар.
Следчыя канфіскавалі пнеўматычны аўтамат і будуць высвятляць, ці законна Сяргей яго трымаў. Бо паводле закону аўтаматы, якія маюць да 7,5 джоўляў дульнай энергіі можна трымаць дома без рэгістрацыі ў міліцыі, што звыш 7,5 джоўляў — неабходна рэгістраваць.

Ігар кажа, што маці Сяргея сябе нядобра адчувае, у яе хворае сэрца, прасіла следчых ужо паехаць у Гомель — там у яе лекі. «Следчыя сказалі, што маюць права ноччу праводзіць свае дзеянні, калі гэта тэрмінова», — кажа сябар Ціханоўскага.

З пастановы на ператрус вынікае, што Ціханоўскі праходзіць падазраваным у крымінальнай справе па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Затрымалі аўтара канала «Мазыр для жыцця». Рабілі начны ператрус у фермера, якога здымаў Ціханоўскі

У Мазыры затрымалі Аляксандра Цуканава — аўтара Youtube-каналу «Мозырь для жизни», які толькі 2 чэрвеня быў вызвалены пасьля 25 сутак арышту за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, піша Радыё Свабода са спасылкай на праваабаронцаў з Палескай вясны.

Фермер Аляксандр Сіраш. Кадр з відэа Ціханоўскага

Затрыманы таксама сябар Цуканава па імені Дзяніс (прозьвішча пакуль невядомае), які прыходзіў падтрымаць яго на судзе і сустракаў з ізалятару.

У вёсцы Прудок Мазырскага раёну сярод ночы праваахоўнікі пачалі ператрус у гаспадарцы фэрмэра Аляксандра Сіраша, які даваў камэнтары блогеру Сяргею Ціханоўскаму для каналу «Краіна для жыцця». Менавіта ў Сіраша Ціханоўскі здымаў «інтэрвію» са сьвіньнямі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(45)