— Дамовіцца з Кінгам было не так цяжка, як, скажам, наконт «Гары Потэра», таму што зараз ужо дарожка пратораная, ты ведаеш, што рабіць, цябе ўжо крышку ведаюць у свеце, ты можаш атрымаць рэкамендацыі, якіх вы выдалі паважаных аўтараў — гэта ўсё працуе, — расказаў Андрэй Янушкевіч на канале «Ж*знь-малина». — Наконт Кінга было толькі дзве небяспекі: патлумачыць, што мы — беларускае выдавецтва, але працуем не ў Беларусі (і мы расказалі, што з-за палітычных прычын былі вымушаны выехаць за мяжу), а другім быў момант, звязаны з вядомай пазіцыяй Стывена Кінга па Расіі і па Ўкраіне.
Ён забраў правы ў расіян і там зараз яго кнігі не выдаюцца. А Беларусь ідзе ў адной запрэжцы ў вайне з Расіяй. І тут была небяспека, маўляў, вы беларусы і з той прычыны, што вы саюзнікі агрэсара, мы з вамі працаваць не будзем.
Але камунікацыя (з прадстаўнікамі амерыканскага пісьменніка) была выдатная, хуткая. Мы патлумачылі, хто мы ёсць, чаму для нас гэта важна, зрабілі прыстойную прапанову, з намі крышку пагандляваліся і заключылі дамову.
Канешне, Стывен Кінг можа не ведаць пра наша існаванне, адзінае, я ўпэўнены, што яго ставяць у курс справы, хто пагрукаўся, усё ж новая краіна, новая мова. Да таго Кінга на беларускай мове не было ніколі.
І наш выпадак пікантны ў сувязі з вайной Расіі і Украіны, у сувязі з палітычнымі падзеямі ўсё-такі мы не проста чарговая краіна, якая захацела мець Кінга на сваёй мове. Таму, безумоўна, ён у курсе.
Беларускі выдавец, які зараз працуе ў Польшчы, адзначыў, што дамова з агенцтвам сусветна вядомага пісьменніка каштавала як «прыстойны аўтамабіль», больш за 15 тысяч долараў. Але купіць атрымалася правы не толькі на папяровую кнігу, а і на электронную, і на аўдыя.
— Чаго сёння дамагаюцца нашы ўлады? Каб беларушчына, беларуская культура мела такі лубочны выгляд, у лепшым выпадку, такі саўковы кантэнт, заснаваны на нейкіх савецкіх традыцыях, карацей, каб гэта была муляжная культура, пацёмкінская вёска.
Ім патрэбна толькі такая культура, такія сродкі масавай інфармацыі. Каб разумець, у чым заключаецца крывадушнасць у культурнай палітыцы беларускіх уладаў, паглядзіце, у нас да гэтых пор шмат дзяржаўных газет выходзіць з назвамі на беларускай мове, напрыклад, «Рэспубліка».
Але адкройце гэтую газету — і вы слова не знойдзеце ў ёй па-беларуску. Вось такі падыход. А ўсё тое, што жывое, непасрэднае, што можа канкураваць з гэтай рускамірскай культурай, для іх ідэалагічны вораг.
І нашы ўлады, асобы з міністэрства інфармацыі наўпрост шчыра пра гэта кажуць. Што такое літаратура? Гэта ідэалагічная зброя.
І пакуль мы выдаем сваю літаратуру, яны будуць адказваць «мукавозчыкамі» ды «азаронкамі». Іншых пісьменнікаў у іх няма.
За апошні год усё змянілася асаблівым чынам. Калі галоўным беларускім бэстсэлерам прызнаецца кніга пад рэдакцыяй генпракурора «Генацыд беларускага народу», мне хочацца сказаць, вам самім не смешна ад гэтага?
Сама беларуская ўлада асацыюе сябе з такім узроўнем літаратуры, як кнігі Мікалая Чаргінца, — разважае Янушкевіч.
Між тым ён упэўнены, што беларусы за апошнія гады не змяніліся.
— Зараз мы бліжэй да перамогі, чым у 2020 годзе, таму што беларусы не здаліся, не супакоіліся, як гэта, можна сказаць, адбылося пасля 2010 года. Да, у нас абрэзаныя крылы, у нас мала магчымасцяў, але беларусы не перамяніліся.
Нават калі беларусы маўчаць, усе цудоўна разумеюць, што трэба мяняць не проста ўладу, а ўвогуле мяняць жыццёвыя вектары. Мы ідзем проста не туды, дзе нас можа чакаць нармальная светлая будучыня.
Я лічу, што Беларусь і так у Еўропе і ёй наканавана там быць. Бо інакш нас чакае толькі адно ярмо з Расіяй. А ў складзе Расіі мы заўсёды будзем толькі заходняй правінцыяй. Мы будзем валачы правінцыйнае існаванне.
Для мяне беларуская нацыянальная ідэя заключаецца ў двух фразах «Жыве Беларусь» і «Працуй на Беларусь». У мяне няма праблем з ідэнтычнасцю, я даўно для сябе вырашыў, што я беларус і што я працую на гэтую краіну. Я вызначыўся, — падкрэсліў выдавец.