Скандалы

«Яна не вінаватая. Чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку»

Карэспандэнты Радыё Свабода не знайшлі на працы ў берасьцейскім вучэбна-пэдагагічным комплексе «Дзіцячы садок – пачатковая школа № 1» Анастасію Кулічкову, якую назіральнік засьпеў на спробе ўкіду стосу бюлетэняў у скрыню.

Па раскладзе Кулічкова павінна была прыйсьці сёньня на працу ў 11 гадзін.

Фоты Уладзь Грыдзін

Тацяна Мосіна, дырэктарка дзіцячага садка-пачатковай школы №1, якая зьяўляецца таксама і старшынёй участковага выбаркаму № 37, дзе назіральнікі зафіксавалі на відэа Анастасію, паведаміла, што яе супрацоўніца захварэла.

Яна сказала, што Анастасія ёсьць у сьпісах выбарцаў на гэтым участку: «Яны ў мяне ўсе жывуць, працуюць па мікрараёне».

— Чаму яна ня ўкінула бюлетэнь?

— Яна спужалася і па стане здароўя сёньня нават ня выйшла на працу, — адказала Тацяна Мосіна. — Яна рыдала. Яна сказала, што так напужалася, што пабегла ў школу і пачала плакаць. Яна маладзенькая дзяўчынка зусім. Учора яе муж забіраў, мы сядзелі зь ёй у школе да 8-мі вечара. Нельга да такога стану даводзіць выбарца. Яна не вінавата. Чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку.

—​ Але назіральнік кажа, што ў яе быў стос бюлетэняў?

— Ну а ён яе ўзяў за руку? Ён цяпер сьцьвярджае, што там яшчэ ўкідваліся бюлетэні. Калі і хто ўкідваў? Калі ты бачыў, трэба было фіксаваць. А не казаць проста так і цяпер на ўсю краіну нагнятаць абстаноўку і ўводзіць у зман. Я таксама напішу заяву ў міліцыю, як ён хапаў мяне за рукі і не даваў прайсьці на ўчастак. Ён узяў і паставіў крэсла каля скрыні. На якой падставе?.

Як трэба было назіральніку фіксаваць парушэньні, старшыня камісіі не патлумачыла карэспандэнту Свабоды. Яна сьцьвярджае, што ў Анастасіі быў «адзін бюлетэнь і гэта было бачна».

Ці ён быў разгорнуты ці складзены? «Я гэтага ня бачыла. Я наогул да скрыні не падыходжу, каб мяне ні ў чым не абвінавацілі», — сказала Тацяна Мосіна. Яна адмовілася даць тэлефон Анастасіі і сказала, што яе падначаленая па садку-школе «відаць на бальнічным», але «дакладна ня ведае».

Яшчэ адна супрацоўніца школы і сакратарка камісіі Раіса Валевіч сказала, што Анастасія «паехала ў іншую краіну і нават не спрабуйце да яе датэлефанавацца».

Тацяна Мосіна сказала, што ёй вельмі кепска і ў яе вялікі ціск. Яна скардзілася на назіральніка, маўляў, «немагчыма нават працаваць у памяшканьні камісіі». Зь іншага боку Тацяна Мосіна кажа, што на ўчастку «усё ціха і спакойна, ідуць людзі».

— Калі робіцца прэцэдэнт, ён яўна бачны, а калі ўвесь гэты бруд і што кажа малады чалавек, вы мяне прабачце, — кажа са сьлязьмі на вачах старшыня камісіі. — Я сядзела і працавала з выбарцамі, я не разумею, чаму ён ускочыў з крэсла і пабег нешта здымаць. Я гэтай сытуацыі не разумею і за гэта я таксама не адказваю. Я не зрабіла нічога заганнага. Усе бюлетэні, якія выдаюцца, паказваюцца.

Юры Вашчанчук працягваў спакойна назіраць на ўчастку № 37 Берасцейскай-Усходняй акругі № 3. Ён сказаў, што падаў скаргу ў акруговую камісію, пра спробу ўкіду бюлетэняў, якую ён зьняў на відэа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(54)