Комментарии
Аляксандар Класкоўскі, ”Наша нiва”

Якой будзе хватка Мядзьведзева?

Абіраючы пераемнікам Мядзьведзева, Пуцін падае сыгнал Захаду: не сьпяшайцеся забіваць цьвікі ў труну расейскай дэмакратыі! Але сьвядомую айчынную публіку найперш, канешне, хвалюе, каб тамтэйшы новы цар не паклаў у труну беларускую незалежнасьць.

Не забывайма, што Мядзьведзеў пры ўсім сваім іміджавым лібэралізьме ёсьць старшынём Рады дырэктараў "Газпрому" — карпарацыі з сапраўды мядзьведжай хваткай. Так што выводзіць Беларусь на арбіту эўрапейскіх цэнаў Крэмль зараз будзе з асаблівым веданьнем справы.

Мядзьведеў наўрад ці ёсьць прыхільнікам грубага аншлюсу. Ён стане выразьнікам палітыкі эканамічнай экспансыі.

Натуральна, мае развагі грунтуюцца на тым, што прасоўваньне выбранай фігуры на трон ёсьць фактычна справай тэхнікі.

Увогуле ж сярод палітолягаў папулярная думка, што пэрсона тут асаблівай ролі ня грае. Маўляў, любы наступнік будзе мэтанакіравана праводзіць курс "калектыўнага Пуціна", у тым ліку і датычна Беларусі.

Аналітык Валер Карбалевіч не зусім згодны. "Асоба ў гісторыі заўжды значыць шмат. Тым болей у расейскіх умовах", — толькі што пачуў я ад Карбалевіча. На ягоную думку, Мядзьведзеў — гэта ці не найлепшы для Беларусі варыянт. Бо калі б на чале Расеі стаў вядомы "ястраб" Іваноў, рызыка ўцягненьня нашай краіны ў недарэчнае супрацьстаяньне з Захадам была б значна большая.

А вось ці будзе лягчэй размаўляць з новым расейскім прэзыдэнтам Мядзьведзевым нязьменнаму беларускаму афіцыйнаму лідэру?

Тут вялікае пытаньне. З аднаго боку, стасункі амаль што з чыстага аркуша. Гэта плюс. Аднак жа зь лібэралам трэба і лексычна шукаць агульную мову. Мядзьведзеў нязмушана разважае аб правах чалавека і ня лічыць інтэрнэт памыйкай.

Карацей, стылістыка зносінаў з Крамлём таксама запатрабуе мадэрнізацыі. Але па вялікім рахунку, праблема не ў падборы слоў, а ў тым, што Беларусь дасюль ня выскачыла з посткаляніяльнай парадыгмы. Наўрад ці можна будзе лічыць уцехай, калі браць за горла стануць рукою ў мяккай пальчатцы.

Разам з тым, новы расейскі лідар можа зь лёгкай душой атрэсьці з падэшваў пыл "братняй інтэграцыі". З прагматычным рыначнікам ва ўладзе ёсьць шанец адбудаваць прадказальныя, празрыстыя эканамічныя стасункі. Але дзеля гэтага самой беларускай уладзе трэба прайсьці цераз мэнтальную ломку, адкінуць небясьпечную завядзёнку палітычнага торгу за прэфэрэнцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)