Общество
Алесь ДАШЧЫНСКІ, ”Радыё Свабода”

Якой будзе кампэнсацыя ахвярам?

У лякарнях застаюцца 32 пацярпелыя ад выбуху 4 ліпеня на канцэрце да Дня незалежнасьці. Двое — у стане сярэдняй цяжкасьці, адзін — у цяжкім стане. Пытаньне кампэнсацыі параненым пакуль канчаткова ня вырашана.

З 28-гадовай Ліляй Мельнік карэспандэнт “Свабоды” сустрэўся ў першы дзень яе шпіталізацыі ў 6-й менскай лякарні. Яна апынулася каля самага цэнтру выбуху. У яе моцна параненыя ногі.

Што памянялася за гэтыя дзесяць дзён? Лілю перавялі ў палату на адно месца, але хадзіць яна пакуль ня можа. Разам зь ёй увесь час знаходзіцца маці. Ніводзін чыноўнік за гэты час яе не наведаў. Прыходзілі толькі сьледчыя.

“Увесь час пасьля таго, як вы ў мяне былі, дагэтуль ляжу з бутэлькамі, дагэтуль катэтэры ў нагах мне не прыбіраюць. Чысьцяць ногі, прамываюць.У мяне нага зашыта па ўсёй даўжыні. Тэмпэратура не праходзіць, значыць, нейкі запаленчы працэс ідзе”.

Спадарыня Ліля спадзяецца на кампэнсацыю ад уладаў, але пра гэта ёй пакуль ніхто нічога не казаў. І сама яна ня ведае, куды зьвяртацца, бо прыкаваная да ложка:

“Калі б нехта прыйшоў зь міністэрства і сказаў — не хвалюйцеся, на рэабілітацыю будзе нейкая пэўная сума. Бо ляжыш і перажываеш: як я буду, калі выйду зь лякарні?! Якія лекі, за што купляць?! Ня ведаю. Ніякіх слоў — адны сьлёзы. Я ж, атрымоўваецца, не працую, я валяюся ў лякарні. Мне сказалі, што пасьля гэтага трэба аднаўляцца і аднаўляцца. Бо раны агнястрэльныя вельмі дрэнна зажываюць. Ня ведаю, што са мной будзе далей. Я хачу, каб я хаця б хадзіла, бо сказалі, што некалькі навылёт, некалькі засела — усяго шэсьць гаек у адной назе, а ў другой дзьве”.

Ліля Мельнік пакуль не падлічвала, якім павінен быць памер кампэнсацыі. Але яна мяркуе, што якімі-небудзь ста тысячамі рублёў не абыдзецца. Дакладна яна можа сказаць толькі пра матэрыяльныя страты:

“Адны караценькія шорты — 55 даляраў, атлясны пінжак — 40 даляраў, шлёпанцы — 30 даляраў. Вось ужо сума, гэта ж усё прастрэленае, выкінула.

Я так не зьбіраюся гэта пакідаць. Я пайшла, як нармальны чалавек, паглядзець канцэрт. Атрымалася, ляжу зараз як плотка і не падымаюся другі тыдзень. Я думаю, што нашы ўлады гэта так без увагі не пакінуць. Бо трэба яшчэ аднаўляцца і аднаўляцца, самі лекары казалі”.

17-гадовы Міхаіл Еўтух, навучэнец энэргетычнага каледжа, пераведзены з рэанімацыі ў аддзяленьне хірургіі 6-га шпіталя. У палаце каля Мішы ўвесь час знаходзіцца маці. Ён пачаў хадзіць, хоць мае некалькі цяжкіх раненьняў брушной і грудной поласьцяў з пашкоджаньнем пячонкі і дыяфрагмы, пераломамі рэбраў і хрыбетніка, правай нагі і правай рукі. Цяпер яго стан здавальняючы. Але мэдыкі кажуць пра неабходнасьць яшчэ адной апэрацыі.

“Пайшоў на канцэрт зь сябрам. Прыйшлі, селі пад кусты ці пад елкі. Тут, карацей, выбух. І далей адчуў боль у сьпіне і пайшоў да “хуткай дапамогі”. Міліцыянт мяне падхапіў. Далей — рэанімацыя. Ужо нармальна, адышоў.

Відаць, тыдні паўтара яшчэ буду, засталося зажыць, і ўсё”.

Пытаньне пра кампэнсацыю пацярпелым пакуль канчаткова ня вырашана. Прэс-сакратар міністэрства сацыяльнай абароны насельніцтва Галіна Трафіменка сказала, што праект указу накіраваны ў адміністрацыю прэзыдэнта:

“Так што чакаем, калі прэзыдэнт падпіша. Усе ўзгадненьні ўжо атрыманыя, і ў пятніцу з Савета міністраў праект пайшоў у адміністрацыю прэзыдэнта. Я ня маю права праект камэнтаваць і агалошваць нейкую інфармацыю. А раптам ён памяняе нейкія лічбы?! Мы стараліся па максымуме кампэнсаваць шкоду, нанесеную людзям пры гэтым выбуху”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)