Общество
Сямён Печанко

«Якое піва?! У нас культурная праграма. Бяром семкі — і на возера!»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

Дзве маладыя сям’і з маленькімі дзецьмі раяцца пасярод невялікай крамы:

— Куды пойдзем? Давайце на возера, — прапануе адна з жанчын.

— Добра! На возера дык на возера, — пагаджаецца за ўсіх малады тата, і тут жа прапануе ўзяць піўка з рыбкай.

— Ну якое піва?! У нас культурная праграма. Бяром вялікі пакунак семак і на возера! — камандуе ягоная жонка.

***

Субота, чарга каля абменніка ў адным з нешматлікіх банкаў, што працуе ў выхадны дзень. Людзі ціха абураюцца:

— Чаму астатнія абменнікі не працуюць? Дзе яшчэ можна памяняць?

У размову ўступае ахоўнік-міліцыянт, які тлумачыць сітуацыю:

— Абменнік, што каля рынка, зачыняецца зусім. У банках будуць скарачаць час працы па выхадных, зменшаць колькасць вокнаў. Няма каму працаваць, заробкі касірам парэзалі — ніхто не хоча за такія грошы ды на такую адказную працу ісці.

***

Жанчына расказвае сяброўцы пра тое, як у царкву схадзіла:

— Пайшла ў нашу, што бліжэй. А там за памінальную запіску столькі грошай папрасілі, што ў мяне з сабой і не было. Я падумала і вырашыла ў другую пайсці. І добра, што так зрабіла, бо там цана людская была. Гэта мяне сам Бог, пэўна, туды прывёў!

***

Сцэна ў мінскім тралейбусе. Бабуля спрабуе прысароміць двух школьніц сярэдніх класаў. Прычынай для дакораў у адрас дзяцей сталі іх джынсы, акуратна разарваныя па модзе на каленях.

У адказ на заўвагу іншай пенсіянеркі, што цяпер такая мода, і джынсы ўжо прадаюць з дзіркамі, бабуля не супакоілася, а толькі ўвайшла ў смак:

— Мода-мода... Нічога зараз не шануюць. Яны нас ужо не разумеюць. Хто б у наш час стаў спецыяльна ірваць вопратку?! Яна ж нам з неба не падала! Трэба было лён пасеяць, даглядзець, вырваць, пацерабіць... А што цяпер? Так, у нас быў цяжкі час, можна сказаць, катарга. Але моладзь нас ужо не разумее...

Школьніцы, мяркуючы па іх тварах, і праўда не разумелі прыдзірлівую бабулю. Яны сарамліва ўсміхаліся, адвярнуўшыся ў бок.

***

Мясны аддзел у супермаркеце, чарга. Бадзёры пенсіянер спрабуе пажартаваць з маладой супрацоўніцай аддзела, якая ледзь паспявае ўзважваць замовы пакупнікоў.

— Чаму не ўсміхаюся? Прыходзьце ў панядзелак раніцай, калі людзей будзе меней, тады і пасмяёмся, — стомлена адказвае дзяўчына.

На касе яе калега разлічвае знаёмага пакупніка:

— Дзе Наташа? Звольнілася даўно. У нас тут цякучка, бачыш колькі новенькіх на касах. Чаму цякучка? А хто ж захоча за гэтыя капейкі тут сядзець? Большасць ледзь-ледзь пад тры мільёны зарабляе. Тры гады таму, як крама адчынялася, тут на мільён больш плацілі.

***

Упершыню за колькі год жыцця сустракаю ў Заслаўі чалавека ў майцы з партрэтам Пуціна. Расійскія сцяжкі і георгіеўскія стужкі з надпісамі «Спасибо деду за Победу» на нямецкіх аўто ўжо перасталі здзіўлсяць, а вось Пуцін… Не паспеў я асэнсаваць убачанае, як насустрач трапіўся малады чалавек у майцы з «Пагоняй». Баланс аднавіўся.

Падслуханае ў мінулы раз:

«Хутка ў мяне і зарплата будзе як пры Саюзе — 120 рублёў»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)