История

Галіна Кудрук

Якія вядомыя беларусы сядзелі ў віленскай Лукішкскай турме

Турэмны комплекс быў пабудаваны ў Лiтве ў 1901-1904 гадах. Ён выкарыстоўваўся ў якасці месца для заключэння палітычных апанентаў улады падчас царскай Расіі, Польскай Рэспублікі, нямецкай акупацыі і СССР.

У Вільне да 2019 года Лукішская турма служыла следчым ізалятарам. Пасля комплекс закрылі, ён стаў адкрыты для наведвання, а на тэрыторыі з’явіліся пляцоўкі для івэнтаў і бар.

«Салідарнасць» расказвае, хто з вядомых беларусаў сядзеў за кратамі ў Лукішскай турме, а таксама паказвае, як яна цяпер выглядае. 

Максім Танк. Паэт у 1932-м за ўдзел у выданні першага (і адзінага) нумара беларускага літаратурна-палітычнага «Часопіса для ўсіх», а таксама за падпольную камуністычную дзейнасць быў арыштаваны, яго пасадзілі ў віленскую турму Лукішкі. Праз месяц ён выйшаў на волю.

Увосень таго ж года Макім Танк перайшоў савецка-польскую мяжу і накіраваўся ў Мінск. Аднак маладога паэта затрымалі і дэпартавалі.

У канцы 1933 года, знаходзячыся ў чарговым зняволенні ў Лукішскай турме, сумесна з іншымі зняволенымі Максім Танк выдаў часопіс «Краты». У ім былі апублікаваны вершы Танка і іншых паэтаў, якія знаходзіліся ў турме.

Таксама Макім Танк у турме вёў дзённікі, фрагменты якіх склалі кнігу «Лісткі календара».

Максім Гарэцкі. Працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», з якой у 1919 годзе пераехаў спачатку ў Мінск, потым у Вільню. Падчас існавання Польскай Рэспублікі за сувязь з камуністамі трапіў у Лукішскую турму ў 1922-м.

З кастрычніка 1923 года жыў у БССР. Працаваў выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў розных навучальных установах. З 1928-га займаўся навуковай працай у Інбелкульце і БАН.

У 1930 годзе быў арыштаваны па справе так званага Саюза вызвалення Беларусі і высланы на 5 гадоў у Вятку (Кіраўск).

Антон Луцкевіч. Ажно тройчы – 1920, 1927, 1939 гады – быў у віленскай вязніцы адзін з бацькоў беларускай дзяржаўнасці і прэм’ер-мiнiстр Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч.

За кратамі ён здзейсніў частку перакладу «Кнігаў джунгляў» Кіплінга, напісаў шэраг літаратурна-крытычных артыкулаў, накіды да хрэстаматыйных успамінаў «За 25 гадоў».

Рыгор Шырма. Кампазітар з 1922 года вёў вялікую культурна-асветніцкую дзейнасць у Заходняй Беларусі, выступаў з лекцыямі, артыкуламі, выдаваў зборнікі твораў беларускіх паэтаў (у тым ліку Максіма Танка).

З 1927-га быў адным з кіраўнікоў прагрэсіўнай культурна-асветніцкай заходне-беларускай арганізацыяй Таварыства беларускай школы аж да яе забароны польскімі ўладамі ў канцы 1936 года. За сваю дзейнасць двойчы арыштоўваўся. Адбываў пакаранне ў віленскай турме «Лукішкі».

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1940 годзе арганізаваў і ўзначаліў Беларускі ансамбль песні і танца. З пачаткам вайны калектыў знаходзіўся на гастролях у РСФСР, адкуль выехаў на Каўказ, а потым у Краснаярск. Тут быў арыштаваны НКВД і знаходзіўся ў турме да сакавіка 1942 года. Пасля перавезены на Лубянку.

Вызвалены па хадайніцтве Якуба Коласа перад Пятром Панамарэнкам і высланы пад нагляд органаў НКУС у Паўночны Казахстан, дзе працаваў настаўнікам сярэдняй школы.