Комментарии

Кірыл Іваноў

Якія пытанні засталіся пасля 2020-га і якія ўрокі мы з яго вынеслі

Чатыры гады мінула з дня, які без усялякага перабольшвання змяніў гісторыю краіны.

Фота: AP

Але ці да лепшага тыя змены? Ці магла гісторыя пайсці іншай дарогай? Было гэта непазбежным?

Пытанняў, насамрэч, шмат. І над многімі з іх пакуль што мы можам толькі разважаць, будуючы выключна гіпатэтычныя адказы. Бо гісторыя гэтая яшчэ не завершаная, беларуская рэвалюцыя не скончаная.

Ці мог чатыры гады таму перамагчы мірны пратэст? Выглядае на тое, што шанцаў для гэтага было вобмаль. Час магчымасцяў для змены ўлады мірным шляхам, хутчэй за ўсё, мінуў.

Пра што, сярод іншага, можа сведчыць маштабная падрыхтоўка ўладаў да магчымых забурэнняў: ад папаўнення арсеналу для разгону пратэстоўцаў, да стварэння канцэнтрацыйнага лагера ў цэнтры краіны.

Ці маглі беларусы змяніць уладу сілай? Мы бачылі, што адбывалася на вуліцах беларускіх гарадоў падчас адносна мірных пратэстаў. Не складана ўявіць, што было б, калі пратэсты перасталі быць такімі.

Многія ў тыя дні баяліся ўмяшальніцтва Расіі. Гэтым часта тлумачыўся падкрэслена мірны характар выступленняў. Падзеі ва Украіне на пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійскіх акупантаў даюць ўяўленне пра магчымыя наступствы аказання «братэрскай дапамогі» з Усходу.

Дагэтуль гучаць развагі пра тое, што ў 2020-м здарыўся фальстарт. Што беларусам трэба было перачакаць. Даспець, скарыстацца напоўніцу сітуатыўнай гульнёй рэжыму ў беларусізацыю.

Ізноў вернемся да падзей ва Украіне. І тут пытанне: як доўга ў Крамлі хапіла б цярпення глядзець на такія працэсы ў Беларусі? Масква відавочна рыхтавалася да вайны, самы кароткі шлях на Кіеў ляжыць праз Беларусь.  

Ёсць думка, што знішчэнне ўсяго беларускага ў Беларусі рукамі лукашэнкаўскага рэжыму было элементам падрыхтоўкі да вайны, зачысткай тэрыторыі, якую збіраліся выкарыстаць дзеля нападу.

Калі дапусціць, што паўнамаштабны напад на Украіну быў непазбежны, то ці не было пытаннем часу, калі гэтая зачыстка адбудзецца? З Лукашэнкам ці без яго. З рэвалюцыяй у жніўні 2020-га, ці з паўтарэннем бяззубага сцэнара 2015-га?

Зрэшты, адсюль для ўсіх нас вынікае адзін з галоўных урокаў 2020-га і яго наступстваў — выключная важнасць нацыянальнай самасвядомасці, пра што тры дзясяткі год казалі і працягваюць гаварыць аўтары нашай незалежнасці, яе прыхільнікі.

Беларуская мова, гісторыя краіны і нацыянальная сімволіка, як і іх носьбіты, зусім невыпадкова апынуліся пад магутным ударам лукашэнкаўскага рэжыму. Адсюль выснова — вучым, шануем і не забываем. Натуральна, памятаючы пра меры бяспекі, калі вы ў Беларусі.

Сотні тысячаў беларусаў, якія ў жніўні 2020-га выйшлі на вуліцы, прыемна здзівілі не толькі саміх сябе. На нас глядзеў увесь свет, для многіх тады мы сталі адкрыццём.

Сёння стаўленне да беларусаў па зразумелых прычынах якасна іншае. І да тых з нас, хто насуперак уласнай волі апынуўся на чужыне. І да тых, хто застаўся на радзіме.

Але гэтае стаўленне было б куды горшае, каб не падзеі чатырохгадовай даўніны. І хочацца спадзявацца, што гэта наш шанец на хутчэйшае вяртання да нармальнасці, калі ў нас з’явіцца магчымасць на гэта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(17)