Филин

Сяргей Васілеўскі

Якія аргументы даюць Пуціну войскі ў Беларусі на час рэферэндума

Ці патрапіць лютаўскі рэферэндум Лукашэнкі у падручнікі гісторыі. Пра гэта Филину расказаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.

— Папярэднія рэферэндумы не былі для ўладаў лёгкай прагулкай. Галадоўка дэпутатаў, якую давялося спыняць грубай сілай, спроба імпічменту. Нават адносна беспраблемны рэферэндум 2004-га скончыўся акцыяй пратэсту. Аднак, дагэтуль на плебісцытах Лукашэнка карыстаўся рэальнай падтрымкай значнай часткі грамадства.

Што можна сказаць пра сёлетні рэферэндум?

— Пра падтрымку грамадства цяпер казаць не выпадае. Мы бачылі ўзровень гэтай падтрымкі ў 2020-м, калі адбываліся прэзідэнцкія выбары, якія Лукашэнка відавочна не выйграў, не набраўшы большасць галасоў.

Думаю, нічога прынцыпова не змянілася. Хаця ўладам ўдалося задушыць пратэстны рух, загнаць яго ў падполле, людзі баяцца выказваць свае думкі адкрыта, тым не менш, не думаю, што ў гэтым плане штосьці змянілася. Што хтосьці стаў падтрымліваць Лукашэнку з тых, хто раней яго не падтрымліваў.

Таму выйграваць нейкія электаральныя кампаніі сёння Лукашэнка проста не можа ні пры якіх абставінах. Ён гэта і сам разумее, пра што сведчыць атмасфера, у якой праходзіла падрыхтоўка да рэферэндума. Відавочна, што няма ніякіх магчымасцяў для таго, каб ён адлюстроўваў грамадскую думку, настроі. 

Улады ў прынцыпе не глядзяць на захаванне знешніх прыкметаў прыстойнасці, каб правесці гэтае мерапрыемства так, каб яно паспрыяла аднаўленню іхняй легітымнасці.

Мне падаецца, што гэта мерапрыемства больш адчэпнае — проста правесці, скінуць з плячэй і забыцца.

— Што вы думаеце пра план апазіцыі — прыходзіць грамадой у вызначаны час, вітацца па-беларуску, ставіць два крыжыкі? Ці знойдзецца ў сённяшніх варунках столькі адчайных грамадзянаў, каб гэтая акцыя стала хоць колькі заўважная?

— Намеры апазіцыі добра зразумелыя. Тая ж Святлана Ціханоўская, а таксама іншыя лідары, мусяць прапаноўваць нейкую тактыку. І яна павінна быць мабілізацыйнай, а не дэмабілізацыйнай.

У сённяшніх умовах, пры такім накале рэпрэсій вельмі складана прыдумаць тое, што будзе рэальна працаваць. Хаця б, як на мінулых выбарах, калі можна было фатаграфаваць бюлетэнь, даслаць фота ў тэлеграм. Тады гэта была добрая ідэя для тых умоваў, яна адыграла сваю ролю.

Відавочна, што цяпер такія ідэі будуць крыміналізаваныя, фатаграфаваць без наступстваў не дадуць. Тым больш, што мы ведаем, колькі на ўчастках будзе наглядчыкаў, што на кабінках для галасавання не будзе фіранак. Фактычна, не будзе таемнага галасавання. Любыя спробы пратэставаць будуць падаўляцца.

У першы дзень датэрміновага галасавання ў Зэльве столік у кабінцы для галасавання паставілі так, каб былі бачныя ўсе дзеянні выбаршчыка

Таму я думаю, што сапраўды не шмат знойдзецца людзей, гатовых ад пачатку да канца правесці гэты сімвалічны акт. Магчыма нехта і знойдзецца, але наўрад ці гэта будзе мець прынцыповае значэнне.

Хутчэй за ўсё, рэферэндум удасца правесці так, як хоча Лукашэнка. Не варта чакаць ад дня галасавання нейкага выбуху. Думаю, галасы ніхто лічыць не будзе, патрэбныя лічбы запісаныя загадзя. І нават калі людзі будуць ставіць тыя крыжыкі, мы не даведаемся рэальныя вынікі, ды і чальцы камісій, пэўна, не будуць ведаць у поўнай ступені.

Гэта хутчэй акт адчаю (ініцыятыва апазіцыі — Ф.), рашэнне, прынятае ад безвыходнасці. Улічваючы, што часу засталося зусім мала, гэты крок не будзе мець прынцыповага значэння.

— Рэферэндум пройдзе ў прысутнасці расійскіх войскаў. Месяц таму эксперты выключалі верагоднасць крымскага сцэнару ў Беларусі. Як вы лічыце, маюць права на жыццё такія паралелі?

— Не думаю, што тут варта праводзіць такую наўпроставую паралель. Хоць бы таму, што вядома, які рэферэндум праводзіўся ў Крыме. У нас ужо вядомыя пытанні, якія вынесеныя на галасаванне. Нельга ж за тыдзень да рэферэндума дадаць пытанне пра далучэнне Беларусі да Расіі.

Пытанні ёсць пра новы праект Канстытуцыі, у якім пра гэта нічога не згадваецца. Рэферэндум улады правядуць з патрэбнымі для сябе вынікамі. Расійскія войскі не патрэбныя, каб дасягнуць такога выніку, хапае ўнутраных сілаў рэпрэсіўнага характару.

Іншая справа, пакінутыя на тэрыторыі Беларусі войскі даюць у рукі Пуціну дадатковы аргумент для таго, каб палажэнні новай Канстытуцыі імпліментаваліся не так, як хоча таго Лукашэнка. 

— Проста зараз мы робімся сведкамі чарговай спробы перадзелу мапы свету. У навінах і каментарах прыгадваюць Мюнхен 1938-га, Гляйвіц. Пэўна, гэтыя падзеi ўвойдуць у сусветную, еўрапейскую гісторыю. А ці трапіць у падручнікі гісторыі лютаўскі рэферэндум у Беларусі?

— Я не думаю, што гэтая падзея будзе мець вельмі вялікае значэнне. Вядома, што гэты рэферэндум фармальны, ягоныя вынікі ні на што не ўплываюць. Калі б праз яго рэальна збіраліся праводзіць транзіт улады і Лукашэнка сам быў настроены рабіць пэўныя змены, камусьці перадаваць уладу, гэта была б адна справа. Тады рэферэндум меў бы пэўнае гістарычнае значэнне.

Але Лукашэнка відавочна праводзіць яго вымушана, ён не хацеў гэтага. Відаць, на яго ціснула Масква дзеля сваіх нейкіх мэтаў. І ён мусіў ёй падпарадкоўвацца.

Мы бачылі як рыхтаваліся змены ў Канстытуцыю, як зацягваўся час усімі магчымымі спосабамі. Як дапісвалі і перапісвалі тыя змены, выхалошчвалі любыя моманты, якія маглі штосьці памяняць.

Прадугледжана ўсё, каб і пасля рэферэндума ўся ўлада засталася ў руках Лукашэнкі. Ён можа ўзначаліць і так званы Усебеларускі народны сход. Паколькі ад вынікаў рэферэндуму, ад новай канфігурацыі, якую ён зацвердзіць, нічога прынцыпова ў Беларусі не зменіцца, гэта будзе прахадны эпізод.

Эпізод, які не акажа істотнага ўплыву на ўнутрыпалітычную сітуацыю, тым больш ён не будзе заважны за мяжой. Тым больш, што мы тут жывём не паводле Канстытуцыі, не яна вызначае нашае ўнутранае палітычнае жыццё. Гэта нават не тая навіна, пра якую будуць доўга гаварыць і ўзгадваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(28)