Политика
Галіна Абакунчык, Радыё Свабода

Якімі былі 12 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі?

10 ліпеня 1994 году па выніках другога туру галасаваньня Аляксандар Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Як вы ацэньваеце вынікі дванаццацігадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі? Гэтае пытаньне вядомым палітыкам і грамадзкім дзеячам задавала карэспандэнтка Радыё Свабода.

Старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў заявіў, што лічыць кіраваньне першага прэзыдэнта выключна станоўчым для Беларусі.

(Папоў: ) “Зроблена дастаткова шмат. У нас мір і паразуменьне ў грамадзтве ёсьць. І, вядома, роля кіраўніка краіны тут першачарговая. Ён сапраўды гарант Канстытуцыі, ня ўмешваецца ў дзейнасьць заканадаўчай, судовай, выканаўчай улады. Але там, дзе дакладна трэба выказаць сваё меркаваньне, ён пра гэта сказаў”.

Падчас прэзыдэнцтва Лукашэнкі Аляксандар Сасноў некаторы час узначальваў Міністэрства працы краіны. Пасаду пакінуў з уласнага жаданьня на знак нязгоды з кірункам дзяржаўнай палітыкі.

(Сасноў: ) “У краіне вярнуўся савецкі час: усё робіцца толькі зь нейкіх указаньняў першай асобы. Каб так жыць, трэба мець нейкія дадатковыя грошы. І пакуль Расея плаціць, такі рэжым і жыве, паразытуе на расейскіх газе й нафце”.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі быў сябрам апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Прэзыдэнцтва Лукашэнкі ён ацэньвае як выключна нэгатыўнае для краіны.

(Беленькі: ) “Ідзе сыстэмнае зьнішчэньне беларускай нацыі й беларускай дзяржавы па ўсіх кірунках. Зьнішчаныя беларуская школа, беларуская сымболіка, беларуская эканоміка. Ня кажучы ўжо пра тое, што за гэтыя гады паспрабавалі выгадаваць пакаленьне маладых людзей-манкуртаў, якія б зьневажалі беларускую мову, маглі б біць дубінкамі жанчын, як мы гэта бачылі. Вось вынікі дванаццаці гадоў”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў быў у складзе дэпутацкай групы, якая абвясьціла галадоўку ў будынку Вярхоўнага Савету. Народныя абраньнікі былі гвалтоўна выдаленыя з залі паседжаньняў. Вось што сказаў “Свабодзе” Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Лукашэнка заявіў нядаўна, што ён збудаваў дзяржаву. Магу пагадзіцца, што дзяржаву ў ягоным разуменьні ён збудаваў. Іншая рэч, што падчас гэтага будаўніцтва дэмакратычныя сродкі былі адкінутыя, а ўзятыя на ўзбраеньне аўтарытарныя мэтады. Дай Бог, каб гэты пэрыяд адышоў у гісторыю мякка”.

Адзін з колішніх сяброў перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заяўляе, што прэзыдэнцтва Лукашэнкі — гэта 12 гадоў страчаных магчымасьцяў для народу Беларусі.

(Лябедзька: ) “Канечне, 3 — 4 % грамадзянаў краіны кажуць, што яны сталі шчасьлівымі за гэтыя 12 гадоў. Для астатніх гэта нерэалізаваныя мроі, гэта эміграцыя, гэта незразумелая й няясная пэрспэктыва. Я думаю, што можна было б зрабіць у разы больш, чым сёньня мае большасьць беларусаў”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)