Общество
Сяргей Макарэвіч, «Наша Ніва»

Якім інтэлектуалам быў Гайдукоў, абвінавачаны ў здарадзе дзяржаве?

Андрэй Гайдукоў, якога вінавацяць у здрадзе дзяржаве, з’яўляўся намеснікам старшыні незарэгістраванага Саюза маладых інтэлектуалаў. Структура існуе тры гады, а пра яе дзейнасць фактычна нічога невядома.

Яўген Канстанцінаў, які называе сябе старшынёй арганізацыі, расказаў пра сваю дзейнасць і ролю ў ёй Гайдукова.

Што за Саюз маладых інтэлектуалаў?

Арганізацыя не зарэгістраваная. Узнікла каля трох гадоў таму. Гэта моладзь, якая хоча развівацца, якая мае грамадскую пазіцыю, — «людзі патрыятычнага складу».

Канстанцінаў адзначае, што сярод прыхільнікаў Саюза маладых інтэлектуалаў ёсць людзі на кіруючых пасадах, але не можа іх назваць. А таксама сябры АГП, БНФ, «Еўрапейскай Беларусі».

Летась падчас адной з маўклівай акцыі Яўген Канстанцінаў пазнаёміўся з Гайдуковым. Хлопец падаўся адукаваным, і Яўген зрабіў яго сваім намеснікам па Саюзу маладых інтэлектуалаў. Дзякуючы працы апошняга, незарэгістраваную арганізацыю прынялі ў Беларускую платформу Усходняга партнёрства, Альтэрнатыўную моладзевую платформу.

Па словах Канстанцінава, Гайдукоў займаўся міжнароднымі адносінамі — шукаў партнёраў, а таксама рыхтаваў дакументы для рэгістрацыі саюза ў Беларусі. Праводзіў нейкія перамовы з расійскімі юрыстамі наконт стварэння статута арганізацыі. Выязджаў нават у Маскву. Але падрабязнасці не расказваў.

Да Гайдукова прыходзілі людзі з КДБ і папярэджвалі, што ў яго будуць праблемы, калі ён не спыніць справу з рэгістрацыяй.

Але хлопец не спыніўся.

Па словах Канстанцінава, Саюз маладых інтэлектуалаў правёў чатыры форумы, у тым ліку на тэмы «Фашызм-антыфашызм», «Патрыятызм». Да папярэдніх выбараў сябры саюза займаліся выключна культурніцкімі праектамі. А затым далучыліся да маўклівых акцый. На выбарах Гайдукоў быў звязаны з камандай Андрэя Саннікава. Сам Канстанцінаў збіраў подпісы за Уладзіміра Някляева.

Хто такі Яўген Канстанцінаў?

Канстанцінаў мае дзве вышэйшыя адукацыі — гістарычную і эканамічную. Але працаваў ахоўнікам у краме. Пасля розгаласу справы з Гайдуковым да дырэктара прыходзілі міліцыянты. Кіраўнік папярэдзіў, калі прыйдуць другі раз, то хлопец не зможа больш працаваць у краме. Другі раз прыйшлі, і хлопец звольніўся па ўласным жаданні.

З папарэдняга месца працы, «Нафтана», ён звольніўся пасля затрымання на хвалі маўклівых акцый. Па словах Канстанцінава, ён рыхтваў «Марш Свабоды» ў Наваполацку, але напярэдадні яго арыштавалі і асудзілі за нібыта дробнае хуліганства. А праз месяц затрымалі паўторна на акцыі.

Мае папярэджанне з пракуратуры за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.