Общество
Сямён Печанко, «Наша Ніва»

Якім чынам «зарабляюць» лоўкія старшыні СВК

Памятаеце гісторыю старшыні сельгаскааператыва з Дзятлаўшчыны, у якога скралі дзясяткі тысяч даляраў?

На мінулым тыдні КДБ заявіў пра раскрыццё злачыннай групоўкі, якая вывозіла ў краіны ЕС калійныя ўгнаенні. У паведамленні гаворыцца, што ўгнаенні афармляліся для атрымання беларускімі гаспадаркамі, вывозіліся ў розныя раёны краіны, а потым па падробленых дакументах вывозіліся за мяжу. Камітэт пакуль не паведамляе, кім з’яўляюцца затрыманыя. Аднак можна дапусціць, што да справы маглі быць датычныя кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, на імя якіх першапачаткова афармляўся груз.

На просьбу рэдакцыі галоўны спецыяліст аднаго з сельгаскааператываў расказаў, якім чынам старшыні і галоўныя спецыялісты СВК атрымліваюць «шэрыя» прыбыткі.

За 2–3 гады кіраўнік моцнага калгаса можа назбіраць пару дзясяткаў тысяч, кажа ён.

Сумленны і сумнеўны

Існуе два варыянты дасягнення поспеху — сумленны і сумнеўны.

Разгледзім першы. У моцных гаспадарках старшыні атрымліваюць 5–6 мільёнаў рублёў у месяц (пры сярэднім заробку па гаспадарцы да 1,7 мільёна). Калі ў такога старшыні яшчэ і жонка ў апараце працуе намесніцай ці галоўным эканамістам (такое часта сустракаецца), то яе заробак будзе адрознівацца ад заробку мужа працэнтаў на 20%. Калі такая сям’я будзе ашчаджаць на прадуктах — усё ж сваё, то назбіраць можна $ 10 тысяч у год.

Кіраўнікі слабых гаспадарак задавольваюцца сумамі ў 2–4 разы сціплейшымі.

Другі спосаб прадугледжвае атрыманне прыбыткаў з розных крыніц. Не трэба нагадваць, што ён незаконны.

Адна з галоўных крыніц несумленных прыбыткаў — адкаты. Набыццё ветпрэпаратаў, пестыцыдаў, запчастак у абранага пастаўшчыка могуць прыносіць старшыні 10–15% «узнагароды» ад памеру цаны паставак. Па выніках года на маніпуляцыях з запчасткамі можна «зарабіць» да 30 мільёнаў рублёў, на ветпрэпаратах — да 20 мільёнаў.

Як зарабляюць на мясе

Здаровую адкормленую карову ці бычка можна «ўсушыць» удвая, занізіўшы ў дакументах яе рэальную вагу і стан.

Палову мяса афіцыйна прадаць шараговаму супрацоўніку прадпрыемства ці старонняй асобе, а рэшту — набліжанаму да «шэрага» бізнэсу камерсанту.

Выглядае, аднак, што гэты спосаб нажывы даволі рызыкоўны. Бо ў працэс даводзіцца прыцягваць супрацоўнікаў фермы, ветдоктара, камерсанта. І справа тут не толькі ў тым, што старшыні даводзіцца дзяліць «ганарар», а ў наяўнасці дадатковых носьбітаў інфармацыі.

Схема продажу гародніны, найперш бульбы, даволі простая: набываеш па заніжанай цане і прадаеш па рынкавай.

І на пестыцыдах

Галоўныя спецыялісты маюць доступ да хімікатаў. Тут аддаецца перавага пестыцыдам: тара значна меншая, цана высокая. Прэпарат спісваецца як выкарыстаны. Але частка прытойваецца і прадаецца за 50% ад рынкавай цаны.

Наш суразмоўца перакананы: адзіны спосаб выкараніць карупцыю ў сельскай гаспадарцы — развіваць фермерства.

Ні высокія заробкі для кіраўнікоў, ні дамоклаў меч праверак і арыштаў выбудаваную сістэму «каб заўсёды жыць у шчасці…» не зламаюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)