Общество

Які плян перамогі? Дыскусія экспэртаў

На што зараз можна спадзявацца? Што можа грамадзтва зрабіць зараз? За што адказныя палітыкі і грамадзкія дзеячы? Гэтыя тэмы на Свабодзе абмяркоўваюць шэф-рэдактар часопіса Arche Аляксандар Пашкевіч і аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Вадзім Мажэйка.

Пашкевіч:

Досьвед уласнай беларускай паразы — гэта досьвед Плошчы-2010.

Паразы ў паўстаньнях ХІХ стагодзьдзя і ў рэвалюцыі 1905 году былі паразамі ў больш шырокім дзяржаўным кантэксьце, мы былі адно рэгіянальным аспэктам.

Ну, а як выжывалі? Грамадзтва перажывала рэпрэсіі, пераконвалася, што яно пакуль няздольнае скінуць рэжым, і пераходзіла да арганічнай працы.

Гэта ў нас было ў 2010 годзе, тады некаторыя трапілі за краты, іншыя атрымалі фрустрацыю.

Але пасьля ад той фрустрацыі пачалі адыходзіць, і за 10 гадоў разьвілася тое, што зрабіла магчымым падзеі 2020 году.

Нашыя цяперашнія падзеі яшчэ ня скончаныя, нельга сказаць, што рэакцыя канчаткова перамагла, усе ўціхамірыліся і больш не змагаюцца.

Ну, і ўлада не дае магчымасьці адмовіцца ад змаганьня, перайсьці да арганічнай стваральнай працы.

І яна не пачынае рэформаў, якія б вырашылі тыя пытаньні, з прычыны якіх узьнікла нашае народнае паўстаньне.

Улады хочуць вынішчыць усё, што ім не даспадобы, зьнішчыць усе каналы камунікацыі, каб грамадзтва стала ізноў атамізаваным.

Але нельга сказаць, што ў іх усё атрымалася.

Гэтая камунікацыя проста набывае іншыя формы, больш патаемныя.

Напрыклад, зараз камунікацыя адбываецца не празь вялікія чаты, якія налічвалі тысячы людзей, а празь меншыя.

Некаторыя пляцоўкі знаходзяцца ў «сьпячым» стане, яны ў любы момант могуць «стрэліць».

Калі сёньня гэтыя чаты зьнішчылі, схільнасьці, навыкі нікуды ж не падзеліся, заўтра яны могуць аднавіцца.

Працуе і сыстэма дапамогі людзям, якія пацярпелі ад гэтай улады.

Улады спрабавалі гэтыя магчымасьці абмежаваць, некаторыя людзі нават у турме за тое, што аказвалі такую дапамогу.

Зараз гэтая сыстэма таксама працуе, толькі інакш.

Я ведаю, што працуе сыстэма дапамогі канкрэтным людзям, не праз фонды

Палітычная адказнасьць лідэраў, зразумела, існуе.

Але наш рух — не вэртыкальна пабудаваны, у якім лідэры загадалі — і ўсе дысцыплінавана пайшлі выконваць.

І рашэньне, чым можна рызыкаваць, прымае калектыўны розум у Беларусі, а ня хтосьці за мяжой.

Былі людзі, якія заклікалі выходзіць на вуліцы і падчас Усебеларускага сходу, і на 25 сакавіка сёлета, прычым заклікалі, нічым не рызыкуючы.

Каб нешта спрацавала, трэба нешта прапаноўваць, зараз не разьлічыш усе рызыкі.

2020 год даў прыклады прапановаў, якія дасьведчаным людзям здаваліся невыканальнымі, але якія былі рэалізаваныя, хоць і ня ў тым выглядзе, у якім яны меркаваліся.

Мажэйка:

Пачаўся маратон.

Гэта было зразумела і раней, ня толькі зараз.

Былі вялікія адрозьненьні паміж тымі, хто далучыўся на пратэсту толькі летась, і тымі, хто так ці інакш быў у яго ангажаваны даўно.

Для тых, хто чакаў хуткай перамогі, тое, што адбылося, можа выглядаць пэўным расчараваньнем і нагодай для дэпрэсіі.

Я сам зімой казаў: «зіма — вашая, вясна — нашая».

Але нельга казаць, што ўсё скончылася і пануе адно рэакцыя.

У сярэдзіне 2011 году колькасьць палітвязьняў пачала пакрысе зьніжацца.

Цяпер гэтая колькасьць толькі расьце, а рэпрэсіі набіраюць абароты.

Зараз улада не адчувае сябе пераможцам, Лукашэнка не набыў аніякай легітымнасьці.

Мы бачым, як шмат грамадзкіх структураў сфармавалася вакол пратэставай хвалі.

Мы бачылі, як пасьля інцыдэнту з самалётам і затрыманьня Пратасевіча апазыцыйныя структуры прадэманстравалі здольнасьць дамаўляцца і ладзіць супольныя дзеяньні.

Улада робіць шмат памылак, у яе няма разуменьня грамадзтва, адчуваньня, як яно зьмянілася.

Мы гэта бачылі летась, бачым і сёлета, інцыдэнт з самалётам Ryanair — вельмі яскравы прыклад, які ўкладаецца ў агульную тэндэнцыю.

Зразумела, што многія палітычныя ініцыятывы ня будуць мець плёну.

Гэта як у бізнэсе: ніхто ня думае, што ўсе стартапы будуць мець плён.

І загадзя нельга сказаць, які са стартапаў будзе пасьпяховым.

Год таму новы твар у палітыцы заявіў — я пайду на выбары, усё будзе па законе, і мы пераможам.

Было шмат аргумэнтаў за тое, што з гэтага нічога не атрымаецца.

Цяпер, паводле апытаньняў Chatham House, у Бабарыкі — самы высокі рэйтынг.

І наагул зь яго ініцыятывы шмат чаго атрымалася.

І добра, што зьяўляецца шмат разнастайных ініцыятываў.

У 2020 годзе ў грамадзкі сэктар прыйшлі дзясяткі тысячаў людзей.

Гэта ці ня самы вялікі прыток чалавечага капіталу ў грамадзкі сэктар за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

Мы не жывём у наратывах БТ. Ціханоўская, Латушка ці хто іншы — не лялькаводы.

Лялькавод сапраўды нясе адказнасьць за ляльку, бо лялька не нясе адказнасьці за свае рухі.

Але ў Беларусі жывуць дарослыя людзі, якія самі адказваюць за сваё жыцьцё.

У рэпрэсіях вінаватыя не Ціханоўская ці Латушка, у рэпрэсіях вінаваты той рэжым, які іх учыняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(28)