Як змянілася Беларусь за чатыры гады — вачыма амерыканскага беларуса Янкі Запрудніка

Краіна мадэрнізуецца, але страчвае нацыянальную мову, піша патрыярх беларускай дыяспары.

Тая наймілейшая краіна, дзе завязана пупавіна. Няма большага духовага задаваленьня, як адведкі родных на роднай зямлі. Мы з Надзяй ўдзячныя Богу, што нам пасьля чатырохгадовага перапынку пашчасьціла пабачыцца з вамі, пабыць у розных мясьцінах Беларусі, пажыць успамінамі, пацешыць вочы незабыўнымі краявідамі, але адначасова з болем у сэрцы пераканацца ў адыходзе з практычнага ўжытку таго, што нам найдаражэйшае – роднай мілагучнай мовы.

Дарога назад у Амэрыку была камфартабельнай. Польская авіялінія абнаўляе цяпер свой флёт, і з Варшавы ў Нью Ёрк мы ляцелі новым «Боінгам-787». Гэта той, у якога на пачатку году сёлета былі ўсё нейкія праблемы з батарэямі. Нарэшце наладзілі. «Боінг-787» — гэта махіна. На борце 400 пасажыраў. Выгодныя сядзеньні, індывідуальныя тэлеэкраны з багатым выбарам праграмаў. Польскія авіялініі добра кормяць (да выбару дзьве стравы, розныя напоі, уключна зь віном і гарэлкай).

Словам, ад старту да фінішу ўсё наша ліпеньска-жнівеньскае падарожжа – 10 дзён у Польшчы зь Беластокам і 20 у Беларусі – прайшло гладка, прыемна й памятна. Хочацца верыць, што сустрэча наша была не апошняй…

Цяпер тут знаёмыя пытаюцца: «Ну, як там у Беларусі?» Пытаньне ёмістае. Можа й вам будзе цікава пачуць наш адказ.

Мушу сказаць, што за мінулыя чатыры гады зьмены ў вас відавочныя. Значна пашырыўся й мадэрнізаваўся менскі аэрапорт (зь ім мы пазнаёміліся пры адлёце): значна пашырэла электроннае таблё з новымі рэйсамі, больш кіёскаў з сувэнірамі, крамаў з замежнымі бутэлькамі алькаголю й парфумэрыі, перакусачных, банкаўскіх вакон ды іншага.

Пабольшала аўтастрадаў. Новыя, чыстыя, з гладкімі палосамі траўнікаў паабапал. Далейшая хада дарожнага будаўніцтва навідавоку. Прыбыло будаўнічай тэхнікі. Галоўнае, чаго не стае — гэта аўтамабільнай і турыстычнай абслугі. Дзясяткі кілямэтраў без рэстаранчыка, без заправачнай станцыі, бязь месца адпачынку. Па-ранейшаму скупыя, або блытаныя, або зусім адсутныя на бакавых дарогах паказнікі кірунку.

У Менску адразу ж кідаюцца на вочы гмахі новых жыльлёвых кварталаў. Гарадзкія ўлады ўжо нават робяць захады, каб прыпыніць крыху будаўнічы бум.

На вуліцах сталіцы пабольшала аўтамабіляў з павышанай доляй навейшых. Амаль у кожнага пешахода пры вуху мабільнік. Людзі выглядаюць крыху лепш апранутымі. Але ўсе па-ранейшаму з авоськамі або мешкаватымі чыноўніцкімі партфэлямі.

Мадэрнізацыйныя зьмены заўважаюцца і ў правінцыі. Зьявіліся кватэрныя туалеты там, дзе іх яшчэ нядаўна не было, душы зь цёплай вадой, машыны да мыцьця бялізны. Мы былі прыемна зьдзіўленыя, пабачыўшы ў раённых Жыткавічах супэрмаркет. Вялікі выбар прадуктаў, хуткая абслуга. У суседнім Тураве пабудаваны па італьянскай тэхналогіі завод малочных прадуктаў; тут жа побач і новенькая крама з малочнымі й мяснымі вырабамі.

Праўда, калі гаварыць пра заработкі й цэны, то ружовы колер зьнікае. Вочы бачаць, а кішэня не дазваляе. Сямейныя бюджэты трашчаць. Уздоўж дарогаў (падобна як і на Беласточчыне) сёй-той залатвае бюджэтныя дзіркі продажам «дароў» лесу. Але ж такіх прадаўцоў зьнікомая колькасьць. Лес далёка ня ўсім даступны. Дый транспарт каштуе.

Шмат якія гараджане займаюцца «нелегальным вулічным гандлем» (тэрмін менскай адміністрацыі), змагацца зь якім улады заклікалі нядаўна міліцыю ды падаткавую інспэкцыю.

Як вынік сацыяльнай дыфэрэнцыяцыі й росту жыцьцёвага ўзроўню часткі насельніцтва, растуць і цэны. А рост цэнаў даймае якраз найбяднейшых. Жанчына ў харчовай краме: «А што ж гэта такое?! Учора батончык быў пяць тысячаў, а сёньня ўжо сем! Вось табе й падвысілі пэнсіі…» Адна рука дае, другая забірае.

Часткова прыватызаваная камэрцыя закідала рынак замежнымі таварамі, асабліва галянтарэйнага кшталту (крэмы, туалетныя прылады,біжутэрыя й г.д.). Паправілася тэхналёгія апрацоўкі й абсталяваньня кватэраў.

Замежныя тавары нагэтулькі пераважаюць сваімі якасьцямі, што ўрад мае праблему з гандлёвым дэфіцытам: валюта ўцякае за мяжу. Урад змагаецца з гэтымі ўцёкамі рознымі спосабамі, у тым ліку этыкеткамі ў крамах: «Зроблена ў Беларусі». Беларусы, будзьце патрыётамі!

За мяжу ўцякае ня толькі валюта, а й маладыя людзі ў пошуку нармальных бытавых умоваў. Наяўны прыклад: настаўнік-пачатковец зь месячнай зарплатай 275 даляраў шукае кватэры ў Менску й даведваецца, што найтаньнейшая аднапакаёўка будзе каштаваць яму 200 даляраў. Вось і ўладкуй свой быт, калі ня маеш дапамогі ад бацькоў зь дзядамі.

Густой заслонай над беларускай зямлёй павісла расейская мова й русіфікаванае маўленьне. Дэнацыяналізацыйныя ўплывы дабраліся ўжо да фанэтыкі, да цьвёрдых і фрыкатыўных гукаў беларускай мовы. У моўна зьнявечаным Менску засталіся адно бледныя сьляды нацыянальнага моўнага скарбу — на некаторых шыльдах, на вулічных табліцах, дзяржаўных будынках ды ў гарадзкім мэтро, дзе яшчэ лашчыць слых прыемны мужчынскі барытон: «Асьцярожна! Дзьверы зачыняюцца. Наступная станцыя Купалаўская».

Пры ўсім гэтым варажнечы да нашай беларускай мовы, якою мы ўсюды карысталіся, мы не адчулі.

Папулярнасьць расейскае мовы, апрача ўсяго іншага, падтрымліваецца фактам, што Расея застаецца, як сказаў адзін суразмовец (які займаецца вырабам мэблі), «бяздонным рынкам збыту тавараў». Рынкавая мова – мова бытавых патрэбаў, штодзённай практыкі, мова масаў. А мова нацыянальнай спадчыны, калі яе актыўна не падтрымлівае ўрад і мясцовыя ўлады, застаецца аб’ектам абароны з боку лічаных адзінак і малалікіх групаў грамадзянаў.

Трэба падкрэсьліць, што такая абарона паступова пашыраецца ў выніку праводжаньня, у дадатак да агульных заяваў пра русіфікацыю, канкрэтных практычных абарончых мерапрыёмстваў, як гэта робіць Таварыства беларускай мовы (ТБМ) пад старшынствам сп. Алега Трусава, або Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» пад старшынствам сп-ні Алены Макоўскай. Абаронцы беларушчыны абапіраюцца на заканадаўства. Падобныя захады даюць пазытыўныя вынікі, як нам было сказана. З псыхалягічнага боку такая тактыка вельмі карысная, бо яна дае, хоць і малыя, але наяўныя вынікі, якія трымаюць абаронцаў на духу.

Ня выключана, што акцыя маламаштабнай абароны мовы ўзьдзейвае на зьмяншэньне беларусафобіі. Ня трэба таксама выключаць з аналізу й магчымага пашырэньня ў грамадзтве разуменьня беларускай гістарычна культурнай анамаліі — існаваньне тытульнай дзяржаўнасьці бяз тытульнай мовы.

Несамавітым аднак застаецца яшчэ сярод многіх беларусаў інтэлектуальны вывіх у паглядзе на нацыянальную мову. І на самой рэчы: з далёкіх вякоў як і зь нядаўных дзесяцігодзьдзяў гучаць ва ўнісон галасы найвыдатнейшых постацяў айчыннай гісторыі, што родная мова Богам дадзеная. Пра гэта казалі й кажуць Францішак Скарына, Леў Сапега, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Рыгор Барадулін ды мноства іхных сучасьнікаў. Але мазгі ў нашых людзей нагэтулькі затуманеныя русіфікацыяй (або палянізацыяй), што нават тыя, хто глыбока вераць у Бога, не разумеюць свайго першароднага грэху, калі яны здаюць на пагібель Божы дар, родную мову.

На гэтым пакуль што спынімся. Паспрабуем прасеяць празь сіта развагі ўсё бачанае й чутае. Ды будзем жыць далей думкамі й мроямі пра родную Беларусь.

Янка Запруднік, Самэрсэт, кастрычнік 2013

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)