Политика
Генадзь Косараў, “Заўтра тваёй краіны”

Як зьменяцца стасункі паміж Варшаваю й Менскам з прыходам у Польшчы новага прэм’ера?

Зь вялікаю доляю верагоднасьці можна сьцьвярджаць, што ў выніку пазачарговых парлямэнцкіх выбараў у Польшчы й перамогі на іх лібэральнае партыі “Грамадзянская плятформа” новым прэм’ер-міністрам краіны стане лідэр “ГП” Дональд Туск. У жніўні бягучага году Дональду Туску, а таксама кіраўніку дэпутацкае групы “Салідарнасьць зь Беларусьсю” у польскім Сэйме і дэпутату ад “Грамадзянскай плятформы” Робэрту Тышкевічу было адмоўлена ва ўезьдзе ў нашую краіну.

Як зьменяцца стасункі паміж Менскам і Варшаваю па прыходзе новага прэм’ера — у дачыненьні да якога ўлады паступілі ““недыпляматычна”?

Палітоляг Валеры Карбалевіч мяркуе, што зьнешняя палітыка такой краіны, як дэмакратычная Польшча, рэзка ня зьменіцца з прыходам новага ўраду.

— Польшча — гэта краіна Эўразьвязу, дзе асноўныя кірункі зьнешняе палітыкі каардынуюцца ў межах усёй эўрапейскай супольнасьці, — лічыць экспэрт. — Таму нейкіх важных зьменаў у беларуска-польскіх дачыненьнях чакаць ня варта.

Зь ім згодны сустаршыня Нацыянальнага камітэту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, адказны за міжнародныя стасункі, Вінцук Вячорка.

— Стаўленьне Польшчы да Беларусі фармуецца на панадпартыйным роўні, і я ня думаю, што будуць нейкія прынцыповыя зьмены, — мяркуе лідэр Партыі БНФ. — Адказныя польскія палітыкі зыходзяць з таго, што Беларусь павінная быць незалежнай дэмакратычнай дзяржавай, і многія зь іх прыклалі шмат намаганьняў на міжнародным узроўні, каб такая пазыцыя Польшчы ў гэтым пытаньні сталася і пазыцыяй агульнаэўрапейскай.

Вінцук Вячорка адзначыў, што прадстаўнікі менавіта “Грамадзянскай плятформы” спрычыніліся да падтрымкі дэмакратычнае будучыні Беларусі. “Маючы новыя магчымасьці, яны праявяць сябе яшчэ больш”, — спадзяецца палітык.

— Дональд Туск, які ўдзельнічаў у канфэрэнцыях, прысьвечаных дэмакратычнай будучыні Беларусі, як і знаныя сябры “Грамадзянскай плятформы” Ян Ракіта, Барбара Кудрыцка, Яцэк Сар’юш-Вольскі, Богдан Кліх, Робэрт Тышкевіч ня толькі маюць фармальную пазыцыю, але і добра ведаюць сытуацыю ў Беларусі, — адзначае Вінцук Вячорка.

На думку Валерыя Карбалевіча, існуе шэраг момантаў, якія здольныя ўсё ж унесьці нейкія негатыўныя адценьні ва ўзаемадачыненьні паміж кіраўніцтвамі дзьвюх дзяржаваў. Гэта і згаданы прыклад з адмовай у візе, і тое, як пракамэнтаваў гэты факт сам кіраўнік Беларусі.

Поўную версію артыкула чытайце тут

//www.zautra.by/art.php?sn_nid=1137&sn_cat=11

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)