Общество

Як жыве Раман Зайцаў, паранены гранатай ля стэлы 9 жніўня

З тых падзеяў мінула роўна тры месяцы. Радыё Свабода даведалася, як яны прайшлі для хлопца, які ледзь не загінуў ад выбуху гранаты ў цэнтры Менску.

Пасьля выбараў 9 жніўня будаўнік Раман Зайцаў прачнуўся калі не знакамітым, то дакладна больш вядомым, чым раней. Фатаздымак рэпартэра Свабоды Ўладзя Грыдзіна, на якім з-пад абстрэлу сьвятлашумавымі гранатамі і гумавымі кулямі выносяць акрываўленага Рамана, пабачылі сотні тысяч беларусаў, яго апублікавалі іншаземныя СМІ.

Пасьля той ночы Раман каля месяца правёў у Вайсковым шпіталі і, з словаў лекараў, выжыў ледзьве ня цудам. Цяпер ён зь сям’ёй у Горках, дзе пакрысе вяртаецца да нармальнага жыцьця.

У размове са Свабодай Раман расказаў, ці не шкадуе пра той вечар ля стэлы, чаму больш ня ходзіць на акцыі пратэсту і ці зьбіраецца зьяжджаць з краіны.

«Усё было дакладна так, як паказваюць у фільмах»

— Я з Горак. У прынцыпе, і жыву тут, у Менску я працаваў, — пачынае ўзгадваць падзеі вечара 9 жніўня Раман. — І жыў там на найманай кватэры на час працы. У Горках працу знайсьці цяжка. Я будаўнік.

Кожныя выходныя прыяжджаў дадому. Хацеў і 9 жніўня прыехаць у Горкі, прагаласаваць тут, але была праца і не ўдалося. Таму мы зь сябрам вырашылі пайсьці на мірную акцыю, такім чынам унесьці свой уклад. Прыйшлі.

Некаторыя станцыі мэтро тады ўжо былі зачыненыя, паехалі аўтобусам. Да стэлы. Прыйшлі, стаялі там. Людзей ужо шмат было — паабапал вуліцы, на ўзгорках, на самой вуліцы.

Паводле яго, гэта ўсё адбывалася прыкладна а 23-й гадзіне. Усе стаялі, «ніхто не правакаваў нічога». Максымум чалавек 10 выстаўлялі сьметніцы на праезную частку.

— Сілавікі пачалі кідаць сьвятлашумавыя гранаты. Але спачатку на дарогу, не ў натоўп. А потым пад’ехалі джыпы з рамкамі, вадамёт пачаў паліваць людзей вадой. Стала зразумела, што зараз будзе разгон, пачнуць біць. Мы зь сябрам вырашылі адтуль сыходзіць. Але празь некалькі сэкундаў я адчуў моцны ўдар у грудзі і выбух, — прыгадвае Раман.

Людзі спрабуюць вынесьці Рамана Зайцава пасьля выбуху

Пра тое, што ў яго на грудзях разарвалася сьвятлашумавая граната, Раман даведаўся значна пазьней, ад лекараў. Хлопец расказвае, што зусім ня бачыў, адкуль яна прыляцела, і нават не зразумеў, што адбылося.

— Я нічога больш ня чуў, — кажа ён. — Упаў, усё было запаволена — дакладна так, як паказваюць у фільмах. Папоўз да травы, з рота лілася кроў. Сам увесь у крыві быў. Прапоўз я мэтраў сем. А потым усё, упаў. Мяне падабралі нейкія хлопцы, аднесьлі далей ад сілавікоў, да хуткай.

Там быў адзін мужчына. Ён назваўся былым вайскоўцам і загадаў прынесьці скотч, каб заклеіць мае раны. Далучыўся фэльчар хуткай, мне паставілі кропельніцу, зрабілі іньекцыю. Я ўсё памятаю, быў у прытомнасьці.

Памятаю, як павезьлі ў хуткай. Пэўны час вырашалі, куды мяне везьці, каб я не памёр у дарозе. Так і гаварылі адкрыта. Я тады думаў, каб мяне хоць куды хутчэй адвезьлі.

Дабравольцы аказваюць Раману першую дапамогу

Лекары не спадзяваліся, што ён выжыве​

Раман кажа, што бачыў сваю руку з адарванымі пальцамі, косткі, але болю не было. Напачатку яго адвезьлі ў 2-ю лякарню, там Раман страціў прытомнасьць. Назаўтра параненага перавезьлі ў Вайсковы шпіталь. Лекары не спадзяваліся, што ён выжыве.

— Я калі апрытомнеў, то дактары дзівіліся, — кажа Раман. — Казалі, што я маладзец. Праходзілі побач і так і гаварылі — глядзі ж ты, выжыў. Яшчэ тыдзень я правёў у рэанімацыі, потым перавялі ў хірургію.

Апэрацыяў шмат было, нават не магу сказаць колькі. Каля дзесяці, напэўна. На мне не было жывога месца. Шылі, чысьцілі раны. Агулам я недзе месяц у лякарні быў. Там да мяне вельмі добра паставіліся. І лекары, і ўсе.

Раман расказвае, што сачыў за падзеямі ў краіне, пакуль ляжаў у шпіталі. Тэлефон у яго амаль адразу забралі сьледчыя, але жонка прывезла іншы. Тады ж Раман змог пабачыць зробленыя 9 жніўня ля стэлы фатаздымкі, якія зрабілі яго славутым.

— Мне жонка іх паказала, — кажа хлопец. — Прыехала ў хірургію да мяне, пацікавілася, ці хачу я іх паглядзець. У мяне псыхіка ўстойлівая, таму я нармальна на іх глядзеў. Натуральна, падзеі тыя зноў адчуваюцца, калі гляджу на фота.

Але нармальна ўспрымаю гэта. Жонка пабачыла фота ў першую ж ноч. Ёй расказала родная сястра, яна сачыла за падзеямі. Убачыла фота і пазваніла Аліне, усе вельмі моцна перажывалі.

«Пазнала па ланцужку»

Раман Зайцаў і яго жонка Аліна гадуюць дваіх дзяцей. Старэйшаму 5 гадоў, малодшай толькі споўніўся год. Аліна расказвае, што ўвечары 9 жніўня клалася спаць спакойная, бо думала, што Раман нікуды ня пойдзе.

Раман і Аліна Зайцавы

— Ён мне ў дзевяць гадзін вечара пазваніў зь Менску і сказаў, што неўзабаве кладзецца спаць, — кажа Аліна. — Я паверыла, у панядзелак цяжкі дзень на працы заўсёды. А ў дзьве гадзіны ночы мне пазваніла сястра, якая жыве ў Чэхіі. Яна пісала спачатку, але інтэрнэту не было.

Сястра спытала: дзе Рома? Я кажу, што ён сьпіць. Тады сястра расказала, што бачыла фота ў тэлеграме. І там у чалавека такі ж ланцужок, як у Ромы. Яго тады шмат хто пазнаў па тым ланцужку. Сястра мне таксама расказала, што Рому маглі завезьці ў 2-і шпіталь. Я пачала яму званіць, тэлефон недасяжны. Сябрам яго набрала, пачула, што яны на вуліцы, самі шукаюць майго мужа. У мяне пачалі трэсьціся рукі, я зразумела, што гэта ён на тым здымку.

Каб знайсьці мужа, Аліна пачала званіць 103, пасьля ў шпіталь. Там паведамілі, што Раман на тэрміновай апэрацыі. Пра гранату не расказалі, толькі сказалі, што моцна паранены.

— Адразу пасьля раненьня Рамана мне пачалі пісаць у інстаграме, што гэта ўсё пастаноўка, — расказвае Аліна пра наступныя падзеі. — Што муж у грыме, што насамрэч зь ім нічога ня здарылася. Камэнтары там дагэтуль ёсьць такія, я не выдаляла.

Пісалі, што не было чаго яму туды хадзіць, бо дома жонка і двое дзяцей. Пасьля, калі нам пачалі зьбіраць грошы, зноў пайшлі камэнтары. Маўляў, няма чаго выпрошваць. Пісалі, што нічога ня зьменіцца ўсё адно. У твар таксама казалі такое. Знаёмыя ў тым ліку. Я магла выйсьці ў краму і атрымаць такое ў твар. Гэта было, пакуль Рома ў лякарні быў. Зараз перасталі.

«Цяпер не працую, які зь мяне работнік»

— У нас горад невялікі, тут хадзілі чуткі, што я ня выжыву, — расказвае Раман. — Усе перажывалі. Знаёмыя, родныя, нават незнаёмыя. Мяне зараз пазнаюць ужо, незнаёмыя людзі жадаюць папраўляцца, паляпшэньня самаадчуваньня. Я ў Горках з пачатку верасьня, вярнуўся адразу пасьля выпіскі.

Цяпер не працую, які зь мяне работнік. На будучыню вяду перамовы. Пляную, як можна далей працаваць з кампаніяй, зь якой раней супрацоўнічаў. Дзяцей гадую. Старэйшага ваджу ў садок, дапамагаю ў доме жонцы. У краму хаджу.

Раман прызнаецца, што раны «моцна баляць» і патрэбен час, «пакуль усё гэта зажыве».

— Лекары кажуць, што на рэабілітацыю трэба паўгода. На пачатку лістапада будзе апэрацыя на вушах, барабанныя балоны не зрасьліся. Трэба рабіць перасадку. Але інваліднасьці ня будзе. Я нармальна чую. Ня так, як раней, але нармальна. Жонка мусіць гучней са мной размаўляць.

Пашкоджаная выбухам рука Рамана

Будаўнік расказвае, што грашыма яму дапамаглі беларусы з-за мяжы, а таксама сябры. Ёсьць свой запас, на які зараз жыве Раманава сям’я. Ягоная жонка Аліна пакуль у дэкрэце і таксама не працуе.

— Заявы ў Сьледчы камітэт я не пісаў, яны самі завялі справу, — працягвае сваю гісторыю хлопец. — Зараз мне прыходзяць адпіскі. СК накіроўваў запыты ў МУС, тыя адказваюць, што зь іхнага боку парушэньняў не было.

Груба кажучы, так, я даслоўна ня памятаю, што яны там пішуць. Ніякага руху ў бок нейкай праўды, пакараньня вінаватых я не назіраю. Усе разумеюць, чаму так адбываецца. Ніхто ня хоча зараз разглядаць нашыя справы.

Паводле яго, сілавікі самі ня ведаюць, што будзе далей.

— Зразумела, зь якога боку прыляцела мне гэтая граната. Але хто яе запускаў? Які канкрэтна чалавек? Ведаю, што супраць некаторых пацярпелых ля стэлы пачалі справы. Але мяне пакуль не выклікалі нікуды. Я званіў свайму сьледчаму даведацца, як усё прасоўваецца. Ён сказаў, што справу ў яго забралі і перадалі іншаму. На гэтым усё, я нават ня ведаю, хто зараз займаецца маёй справай. Ніхто са мной больш ня зьвязваецца.

Параненыя падчас акцыяў могуць паехаць на лячэньне альбо рэабілітацыю за мяжу — у Чэхію, Літву, Польшчу альбо Латвію. Раман кажа, што ня хоча так рабіць. Надалей езьдзіць да лекараў у Менск, кажа, што там да яго ставяцца надзвычай добразычліва.

— Я хачу тут жыць, у Беларусі, не хачу нікуды зьяжджаць, — кажа Раман. — Навошта мне некуды ехаць хавацца? Я хачу, каб справядлівасьць у нас усё ж перамагла.

Спадзяюся, што так і адбудзецца, што вінаватыя будуць пакараныя і жыцьцё вернецца на нармальны шлях. Натуральна, калі пачнецца перасьлед, я вывезу адсюль сваю сям’ю. Але так зьяжджаць я нікуды не зьбіраюся.

Раман і ягоная жонка Аліна ня сталі хаваць ад старэйшага сына таго, што адбылося з бацькам. Зь іхных словаў, 5-гадовы Мацьвей пакуль успрымае гэтую гісторыю як нешта несур’ёзнае.

— Мы яму расказалі, — кажа Раманава жонка Аліна. — Цяпер, калі ў яго спытацца: «Мацьвей, што з татам?» — то ён адказвае, што тата падарваўся на гранаце, што ў яго раны і няма пальцаў. Сын яшчэ не ўсьведамляе, наколькі сур’ёзна ўсё было. Гэта для яго як гульня, як нейкі фільм».

«Напачатку я шкадаваў, што пайшоў туды»

Раман з Алінай гавораць, што не вялі «сур’ёзных размоваў» пасьля таго, як ён вярнуўся ў Горкі. У сям’і няма рознагалосьсяў наконт таго, што зараз адбываецца ў Беларусі.

— Напачатку я шкадаваў, вядома, што пайшоў да стэлы, — прызнаецца хлопец. — У шпіталі быў зусім у бездапаможным стане. Натуральна, былі думкі, што калі б не пайшоў, то ўсё было б нармальна. Але зараз разумею, што калі б там са мной ня здарылася гэтага, то я дагэтуль хадзіў бы на ўсе акцыі.

Такая ў мяне пазыцыя цяпер. Пакуль не хаджу нікуды. Нават не змагу ўцячы са сваімі ранамі. Бегаць я яшчэ не магу. Але мы кожную нядзелю сочым за тым, што адбываецца ў Менску. Гэта ўжо абавязковая наша праграма. Кожны дзень сочым за навінамі.

Хлопец кажа, што тады, на пачатку жніўня і нават у сам дзень выбараў, ніхто не чакаў такога жорсткага разгону. На думку Рамана, гэта стала адной з прычынаў такіх значных пасьлявыбарчых пратэстаў.

— Людзі выходзяць, бо разумеюць, што гэта ўсё няправільна, — кажа хлопец. — Народ ня хоча маўчаць. Колькі пакалечаных, нават забітыя. Як гэта ўсё можна дараваць? Мне падаецца, што людзі ўжо наеліся ўсяго.

Трэба, каб штосьці зьмянілася. У лепшы альбо ў горшы бок. У кожным разе ў будучыні ўсё адно будуць перамены да лепшага. Я сам пайшоў тады на стэлу, калі пачуў пра 80%, якія прагаласавалі за Лукашэнку.

Гэта было апошняй кропляй. Ніхто за яго не галасаваў, нікога няма ў маім атачэньні, хто б яго падтрымліваў. Адзін сябра толькі такі. Мы не перасталі сябраваць, але палітычных тэмаў не закранаем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(30)