Як жыве памежная расейская вёска зь беларускімі каранямі
«Тут паміраюць...» — гэтак каротка выказаўся пра жыцьцё ў памежным зь Беларусьсю паселішчы Акцябрскае яго жыхар.
Тутэйшы калгас «Борец» даўно пакінуў вёску, разьмешчаную пры шашы зь Мсьціслава ў Смаленск. Для моладзі працы няма, таму ў вёсцы дажываюць век пэнсіянэры. Жывуць з настальгіяй па мінулым савецкім часе з калгасамі і ўробленымі палямі. І дзякуюць беларусам за дапамогу і кантрабанду.
Тут паміраюць, а маладых даўно няма
Вёска Акцябрскае — за пяць кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы. 30 гадоў таму «немілагучную» назву вёскі «Гразь» зьмянілі на цяперашнюю. Тым ня менш на шыльдзе аўтобуснага прыпынку старая назва засталася.
Паводле перапісу насельніцтва 2007 году, жыло ў паселішчы 106 чалавек. Колькі засталося цяпер, пэўна ніхто сказаць ня змог.
«Хто яго ведае, колькі тут засталося сядзібаў», — зь неахвотаю адрэагаваў на пытаньне журналіста вясковец, які разам з сынам рамантаваў машыну.
«Адсюль ужо ніхто не выяжджае. Тут паміраюць, а маладых даўно няма. І калгасу тут даўно ўжо няма. З навакольля хто яшчэ можа, дык выяжджае на заробкі ў Маскву. А на стала — які сэнс адсюль выяжджаць? Бо ў вялікім горадзе будзеш аддаваць за жытло палову заробку».
Пра беларускую вынаходку ў барацьбе з дармаедамі — падатак з тых, хто не «фінансуе дзяржаўныя выдаткі» — сын і бацька ведаюць. «І ў нас зьбіраюцца такое ўводзіць», — незадаволена заўважылі абодва.
«Такая задума — дурнота. Калі ў чалавека няма працы, дык дзе яму ўзяць грошы? Спачатку трэба чалавеку даць працоўнае месца, а потым зь яго нечага патрабаваць. У нас на біржы прапануюць працу за дзьве тысячы нашых рублёў, і людзі пагаджаюцца, бо тады здымаюць з уліку», — казалі суразмоўцы.
Шыльда на прыпынку зь «немілагучнай» назвай вёскі
На пытаньне, ці гатовыя будуць расейцы пратэставаць супраць прымусу да працы, старэйшы адназначна заявіў, што не.
«Хто будзе пратэставаць? Тры калгасьнікі? Масква і Піцер пратэставаць ня будуць. Там у кожнага добрая праца. Вялікія гарады ня выйдуць. Ну, як — выйдуць, пакрычаць, і ўсё», — кажа ён.
Раней калгас быў «Борец»
Да падзелу Рэчы Паспалітай землі цяперашняга Хіславіцкага раёну Смаленшчыны былі беларускімі. У Хаславічах, як даўней называлі беларусы цяперашні расейскі райцэнтар, жыло нямала ўніятаў, якія мелі ў мястэчку сваю царкву.
«Працы тут няма. У Маскву на заробкі езьдзяць. Дый тут засталася жменька людзей, якіх 17 сядзібаў. Адны пэнсіянэры збольшага, — працягвала аповед у сваёй хаце суседка папярэдніх суразмоўцаў. Як шматдзетная маці яна выйшла на пэнсію раней за звычайны тэрмін.
«Наша вёска была вялікая. І школа ў ёй была. І калгас быў. І фэрмы былі. Цяпер жа на ўсю вёску толькі адна карова», — кажа гаспадыня. Паводле яе, заняпад у вёсцы пачаўся гадоў пятнаццаць таму. У тым, што разваліўся калгас, вінаваціць начальства.
«Той, хто вышэй, вінаваты, я ж яго не развальвала», — кажа кабета.
«Калгас жа наш называўся „Борец“. Як ён быў, дык я пасьпела шмат кім папрацаваць. І вартаўніком рабіла. Зь людзьмі пагутарыць мне было ў радасьць. А цяпер народ наш стаў азлоблены. А да вас, у Мсьціслаў, мы часта езьдзілі. У вас усё ў крамах тады было. Цяпер жа цэны зраўняліся з нашымі. У вас нават даражэй стала».
Жыхарка вёскі: «Цяпер народ стаў наш азлоблены»
Апавядальніца прыгадала, што ў паселішча раз на тыдзень прыяжджае аўталаўка, якая забясьпечвае вяскоўцаў харчамі. На замову прывозіць і іншыя тавары.
На пытаньне, ці пагоршае жыцьцё, калі на мяжы зь Беларусьсю зьявіцца мытны пост, кабета адказала няпэўна:
«Мы езьдзілі да вас і тады, як была з вамі мяжа. А як яно будзе, горш ці лепей, дык пабачым».
Навалач прэцца, а гультаі жывуць
На беларуска-расейскай мяжы пэрыядычна выстаўляецца мытны і транспартны кантроль. Правяраюць пераважна вялікія фуры, бо нярэдка яны перавозяць кантрабандны тавар. Ва ўладальнікаў легкавікоў спраўджваюць пашпарты і адпускаюць.
«Памежную зону зьбіраюцца рабіць ужо даўно. І нашы, і, як мы чулі, вашы таксама», — кажа жыхар расейскай вёскі.
Расейская вёска Гразь
«Кантроль павінен быць, — кажа ён. — Шмат едуць з Малдовы, Украіны. Уся навалач да нас прэцца. Ім жа трэба праз пункты пропуску праяжджаць, а яны іх абмінаюць. А некаторыя нават у „чорных сьпісах“. Гэта абароніць і вас таксама».
Знаўцы мясцовай гісторыі кажуць, што назву «Гразь» паселішчу дала нібыта расейская імпэратрыца Кацярына ІІ. Яна ехала ў здабыты беларускі Мсьціслаў у адведкі да свайго фаварыта Пацёмкіна і загразла ў тутэйшых мясьцінах. З таго часу і зьявіўся на мапах тапонім зь «немілагучнай» назвай.
«Каровы не трымаюць, бо гультаі. Сядзяць галодныя, але нічога ня робяць», — гэткімі словамі сустрэла нас вяскоўка, якая адна на ўсё паселішча мае рагулю. Гаспадыня прызналася, што ў 79-гадовым веку трымаць карову цяжка, таму зьбіраецца ад яе пазбавіцца.
Ксенія Паўлаўна — так завуць гаспадыню — адрабіла на фэрме 40 гадоў. Даўно заўдавела. Паставіла на ногі дзяцей. Мае ўнукаў і праўнукаў. Узнагароджаная савецкім ордэнам Чырвонага Сьцяга. Пэнсія — больш за 14 тысяч расейскіх рублёў.
Адна дачка гаспадыні ў Смаленску, другая — у Мсьціславе.
«Як праца ёсьць, дык няблага жывецца ў вас. Толькі што дадалі два гады да пэнсіі, дык дачка, што ў Мсьціславе, на пэнсію пазьней пойдзе, гэта кепска. У Расеі ж не дабавілі, толькі пакуль думаюць. А ваш Лукашэнка прыбавіў», — казала кабета гасьцям зь Беларусі.
Дачка, што ў Беларусі, паводле суразмоўніцы, вяртацца на расейскі бок не зьбіраецца. Як выйдзе на пэнсію, застанецца ў Мсьціславе.
«Там жа ў яе свая гаспадарка. Сям’я там, дык навошта варочацца ёй? Да мяне прыяжджае, дапамагае мне. Разам з той, што ў Смаленску. А тая, старэйшая, ужо на пэнсіі, дык яшчэ працуе. Дзецям сваім дапамагае», — кажа Ксенія Паўлаўна.
Ксенія Паўлаўна: «Гультаі, таму і каровы не трымаюць»
«Дык і наш Жырыноўскі выступаў і казаў, што трэба абкладаць падаткамі тых, хто ня хоча плаціць дзяржаве», — адрэагавала старая на згадку пра беларускую барацьбу з дармаедамі.
«Дык я за зямлю плачу падатак 1500 рублёў, бо пай свой не прадала, як іншыя ў вёсцы, — кажа гаспадыня. — У дзяцей запытала, ці варта, а яны сказалі — ня трэба прадаваць. Ён тады тысячы дзьве каштаваў, а цяпер больш за 15 тысяч за 5 гектараў».
Дзякуем беларусам за дапамогу і кантрабанду
Кожны вясковец завалодаў калгаснай дзялянкай зямлі і меў поўнае права ёю распараджацца. Так тлумачылі ў вёсцы гасьцям зь Беларусі, як вырашалася зямельнае пытаньне.
Цяпер, паводле вяскоўцаў, тыя дзялянкі, ня раз перапрададзеныя, скупляе аграпрамысловы холдынг «Міраторг». Ім валодаюць бізнэсоўцы, блізкія да расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева. Спэцыялізуецца холдынг на гадоўлі жывёл і вырабе мясной прадукцыі. Вырабляе і гэтак званае «мармуровае мяса».
Пакуль гутарылі з Ксеніяй Паўлаўнай, да яе прыехаў унук. Хлопец працуе ў Смаленску. Па ягоных словах, заробак мае добры. На жыцьцё не наракае. Нядаўна атрымаў расейскае грамадзянства. Меркаваньні пра ўвядзеньне памежнага кантролю між Беларусьсю і Расеяй чуў.
«Для людзей, якія жывуць паводле закону, сытуацыя мала зьменіцца. А вось хто займаецца кантрабандай, то па іх гэта ўдарыць, — кажа ён. — Кантрабанды нямала правозяць. Але для знаўцаў нашых мясьцін памежны кантроль не праблема, бо шмат тут аб’язных дарог, таму наўрад ці гэта палепшыць сытуацыю».
Пакуль «Міраторг» з сваімі магчымасьцямі да Акцябрскага не дабраўся, забясьпечваць суседзяў харчамі і іншай правізіяй дапамагаюць беларусы.
«Мы ўдзячныя беларусам, што яны скасілі ў нас лугі, бо яны зарастаць ужо без прыгляду сталі. Палі нашы аралі, пакуль была магчымасьць, — распавядаюць расейскія вяскоўцы. — Цяпер жа кажуць, што сваімі трэба займацца. Але ўсё адно ў жніво едуць некуды пад Хіславічы».
«Калі дамовіцца з патрэбнымі людзьмі ў Мсьціславе, то адтуль даставяць любы тавар, — пад сакрэтам кажуць суразмоўцы. — Памежнікаў яны аб’яжджаюць, бо ведаюць мясьціны. Тутэйшыя ў беларусаў бяруць усё прывезенае імі гуртам. Во такое ў нас суседзтва».
Дапушчальна, што цяперашняя вёска Гразь існавала задоўга да прыходу расейцаў. Верагодна, што і назву мела інакшую. Разам з тым у Беларусі дагэтуль багата тапонімаў, якія так і называюцца — Гразь — або маюць назвы, вытворныя ад гэтага слова.
За Хрушчовым невялікі кавалак беларускай некалі зямлі аддалі Беларусі. Гэтак памежная вёска Каськова стала зноў беларускай, а суседняя Гразь засталася ў Расеі разам з вытокамі некалі цалкам беларускай ракі Сож.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное