Общество
Наста Манцэвіч, «Еўрарадыё», фота dengi.onliner.by

Як я шукала таннае малако

У сталіцы за таннае малако людзі б’юцца ў чэргах, а ў рэгіёнах аддаюць сваю пачку тым, каму не хапіла…

Журналіст «Еўрарадыё» паспрабавала купіць таннае малако. Але, напэўна, па гэты прадукт давядзецца ехаць у Бабруйск.

— Купіце малако 1,5%… Першага малочнага завода. Тры з капейкамі каштуе, — прапануюць ва ўжо «славутай» краме па вуліцы Убарэвіча.

Але мне патрэбнае таннае «сацыяльнае» малако! Па дзве тысячы.

Нечакана пра «сацыяльнае» малако мне раяць забыць…

Крама: «Пра гэтае малако забудзьце!»

«Еўрарадыё»: Чаму?

Крама: «Малаказаводы ўжо не даюць. А калі і даюць, то па 4600. Ну, таму што перабудоўваюцца малочныя заводы…»

Што ж… Як кажуць — давярай, але правярай. Яшчэ спадзяючыся купіць малако па дзве тысячы, еду ў іншую краму. У краме «Закрама», што на Партызанскім праспекце, не разумеюць або робяць выгляд, што не разумеюць, пра што ідзе гаворка.

«Закрама»: «У нас усё малако — сацыяльнае!».

На паліцах жа ляжыць малако — усё даражэй за 4 тысячы.

Нават у фірмовай краме «Малочнага завода №1» таннага малака няма.

Фірмовая крама: «У нас таннага малака няма ўвогуле. Ой, даўно ўжо не было!»

У чым жа рэч? І дзе мне цяпер купіць «сацыяльнае» малако?

Таннае малако ў сталіцу вязуць з рэгіёнаў. Тэлефаную адразу на малочныя заводы. Але на малаказаводзе ў Паставах кажуць, што, калі забяспечыць танным малаком Мінск, то самі закрыюцца!

Малаказавод, Паставы: «Вы ж ведаеце, што прадукцыя стратная! Вы хочаце, каб мы памерлі?! Маё прозвішча не Камікадзэ. Мы сацыяльную прадукцыю вывозім толькі ў свой раён — сваіх людзей мы «кінуць» не можам… Ну, прабачце! У нас завод 200 чалавек, мы ваш 2-мільённы Мінск не накормім. Калі мы вам заўтра прывязем малако, то паслязаўтра закрыемся».

Вытворчасць «сацыяльнага» малака сапраўды стратная. Закупачная цана большая за тую, па якой прадаецца ў краме!

«У нас рэнтабельнасць — мінус 60%!» — скардзіцца журналістам дырэктар завода «Клецкая крыначка». Цяпер закупачная цана малака — каля трох тысяч рублёў за літр, і яна расце кожны месяц, а цэны на гатовую прадукцыю падымаць нельга.

Дарэчы, якасць таннага «сацыяльнага» малака нічым не адрозніваецца ад звычайнага, запэўніваюць на малаказаводзе.

Малаказавод: «Рэч не ў тым, з чаго складаецца. Рэч у забароне Міністэрства сельскай гаспадаркі на пад’ём цэн. Адпускная цана з завода ніжэй за закупачныя цэны, якія мы плацім калгасам за малако. Таму малако такое таннае».

«Еўрарадыё» знайшло людзей, якія рэгулярна купляюць таннае «сацыяльнае» малако. Праўда, жывуць яны не ў Мінску.

Дзед Барыс з Вілейкі кажа, што «размятаюць» малако адразу. Паводле яго падлікаў, з літра эканомія 2 тысяч рублёў!

Дзед Барыс: «У магазінах чэргаў няма, таму што хутка разбіраюць. Калі рана прыйдзеш — можна ўзяць. Мы бярэм 4 літры адразу, на балконе яно добра захоўваецца… А так мігам расхопліваюць. Няма такога, каб малако стаяла, а людзей не было».

Праўда, кажа — не б’юцца.

Дзед Барыс: «У нас не б'юцца. Учора, наадварот, баба пайшла, а ёй не засталося малака. Яна пайшла да касы і кажа: а мне малака не дасталася. Дык жанчына кажа: я вунь тры пачкі ўзяла, вазьміце адну ў мяне».

Ужо амаль страціўшы надзею знайсці «сацыяльнае» малако ў Мінску ды зэканоміць 2 тысячы, заходжу на ўсялякі выпадак яшчэ ў адну краму…

Крама: «Заўтра прывязуць. Але прывозяць не столькі, колькі мы замаўляем, — па скрыні ўсяго. Нашы мінскія перасталі — не даюць. У панядзелак абяцаў Рагачоў падкінуць пару скрыняў — кефіра і малака».

Назву крамы да панядзелка пакіну ў сакрэце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)