Скандалы
Анастасія Зелянкова

Як хлопчык сiстэму перамог

Дзевяцігадовы Янка Лапіцкі з Жодзіна — адзіны на ўвесь 60-тысячны горад хлопчык, які адстаяў сваё права вучыцца на роднай мове. 10 кастрычніка Жодзінскі гарвыканкам прыняў рашэнне пра беларускамоўную адукацыю Янкі Лапіцкага па індывідуальнай праграме.

Вось ужо тыдзень як Янка пайшоў у школу пасля гадавога перапынку. Увесь гэты час ён вымушаны быў вучыцца самастойна, бо беларускамоўны клас, які ён раней наведваў, расфармавалі з прычыны “нерентабельного расходования средств”. Вучыць сына па-руску сям’я Лапіцкіх не згадзілася, а альтэрнатывы закрытаму класу не было — гімназія, куды ён хадзіў, была адзінай сярэдняй навучальнай установай у Жодзіне, якая мела статус беларускамоўнай.
— А куды падзеліся іншыя дзеці, яны ж таксама былі пазбаўленыя магчымасці вучыцца па-беларуску?
— На той час разам з Янкам у класе вучыўся толькі адзін хлопчык, — распавяла маці Янкі Святлана Лапіцкая. — Ён цяпер вучыцца па-руску. На ўсіх — і бацькоў, і дзяцей — тады вельмі моцна ціснулі.
— Нам у гэтым сэнсе прасцей, — падхапіў размову Янкаў бацька Аляксей. — Дзяржаўная праца нас не трымала: я займаюся грамадскай дзейнасцю, Святлана ў той час збіралася быць прадпрымальнікам. А вось дзецям прыйшлося складана. Да іх прычапілі ярлык — “бэнээфаўскія акцябраты”. Калі ў класе дзяцей было яшчэ трое — Янка, той хлопчык і дзяўчынка, — адміністрацыя школы пачала “апрацоўваць” бацькоў дзяўчынкі: маўляў, уявіце, як ёй вучыцца сярод хлопчыкаў?! Потым ужо нам пачалі ўводзіць у вушы, што гэта ненармальна, калі ў класе толькі адны хлопцы…
Аляксей Лапіцкі некалькі гадзін запар расказваў мне пра безвыніковае змаганне з чыноўнікамі за права атрымліваць адукацыю на дзяржаўнай мове, паказваў стосы папер, дасланых з розных устаноў. Мясцовы аддзел адукацыі, напрыклад, прапанаваў Лапіцкім вазіць сына ў пасялковую школу ў Плісе, што за 10 кіламетраў ад Жодзіна. Прычым Янка, які зусім не па сваёй волі вымушаны быў вучыцца дома, мусіў для залічэння туды яшчэ і здаваць за прапушчаны год экзамены экстэрнам ці, як варыянт, ісці на клас ніжэй. Да таго ж пліская школа, у адрозненне ад былой Янкавай, не мела ні музычнага ўхілу, ні статусу ліцэя.
— Мы не разумеем, чаму не можам вучыць Янку па-беларуску? І нам яшчэ выгаворваюць, што гэта мы парушаем Канстытуцыю, пазбаўляючы сына права на адукацыю! — абураецца Святлана.
Не дачакаўшыся вырашэння пытання ад мясцовых улад, Лапіцкія накіравалі ліст на імя міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Неўзабаве прыйшоў адказ, у адпаведнасці з якім аддзелу адукацыі Жодзінскага гарвыканкама было даручана да 15 кастрычніка “прыняць неабходныя меры па стварэнні ўмоў для працягу навучання Янкі Лапіцкага на беларускай  мове”.
— Я вельмі задаволены, што пайшоў у школу, — кажа Янка. — Надакучыла сядзець дома.  
Увесь гэты час Янкавым навучаннем займаліся выключна бацькі, прычым не маючы на тое ні адпаведнай адукацыі, ні школьных праграм. Але, здаецца, ад сваіх аднагодкаў Янка не адстаў.
— А цябе не палохае, што ты адзін будзеш вучыцца? — пытаюся Янку.
— Мне не прывыкаць. Да таго ж некаторыя прадметы я буду вучыць з іншым класам — спевы, фізкультуру, прадмет “Мая Радзіма — Беларусь”.
— Не думаеш, што астатнія вучні да цябе будуць ставіцца насцярожана?
— Ды не, — адказала за сына Святлана. — Ён з дзецьмі хутка знаходзіць паразуменне. І сяброў у Янкі хапае. Аднаго ён нават па-беларуску размаўляць навучыў. Мы некалі зрабілі памылку, калі згадзіліся старэйшага сына Алеся, пасля таго як быў расфармаваны ягоны беларускамоўны клас, вучыць па-руску. Тады мы былі менш юрыдычна падкаваныя.
— І ўсё ж такі, чаму такая прынцыповая пазіцыя?
— Калі б Янка не жадаў сам, мы б нічога гэтага не рабілі. Колькі кабінетаў прайшлі, колькі лістоў напісалі, колькі абразаў выслухалі!.. Але тым не менш мы перамаглі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)