Общество
Дзмітрый Гурневіч, «Наша Ніва»

Як выхоўваюць дзяцей у Польшчы

Уявіце сабе, што пасля нараджэння дзіцяці дзяржава не дае ні капейкі дапамогі.

Дзмітры Гурневіч з жонкай Юліяй і сынам Максам.

Вы нарадзілі трэцяга і ідзяце па свой заслужаны льготны крэдыт, а вам дулю. Нарадзілі пятага і хочаце пазмагацца за кватэру, а вашую заяву нават разглядаць не хочуць.

Хочаце запісаць дзіця ў садок — амаль нерэальна, а калі і ўдаецца, то рыхтуйцеся да касмічных выдаткаў. У вашага дзіцяці тэмпература 42 градусы? Не званіце ў хуткую, да вас наўрад ці прыедуць. Witamy w Polsce.

У еўрапейскім рэйтынгу сацыяльнай сямейнай палітыкі Польшча знаходзіцца на перадапошнім месцы перад Балгарыяй.

Паводле прагнозу Еўрастата, дэмаграфічная перспектыва палякаў на наступныя 40 гадоў — адна з найгоршых у Еўрасаюзе. 2013 год урад краіны аб’явіў Годам сям’і і... прыняў бюджэт, у якім выдаткі на падтрымку сем’яў — найменшыя ў ЕС. Дык як жа бацькі гадуюць і выхоўваюць сваіх дзяцей у краіне з найгоршай сямейнай палітыкай у Еўропе?

Падрыхтоўка да родаў

Полька нараджае першае дзіця ў 28 гадоў.

Але ўсе часцей рашэнне пра прыход на свет нашчадка прымаецца пасля трыццаці. Бацькі хочуць стабільна стаяць на нагах, атрымаць досвед працы, «пакаштаваць» маладога жыцця, займець уласны куток (пераважна ў крэдыт). Бясспрэчны плюс «позняга» бацькоўства — больш свядомы падыход да выхавання дзяцей, мінус — рызыка ўскладненняў падчас родаў альбо адмова ад цяжарнасці.

Праўда, за апошнія 10 гадоў адбылося пераасэнсаванне ролі жанчыны-маці ў грамадстве. Цяжарнасць у Польшчы зрабілася моднай. Велізарны станоўчы ўплыў на перамены робяць недзяржаўныя арганізацыі, фонды, якія прасоўваюць адказнае бацькоўства, вучаць будучых мамаў і татаў сучасным метадам выхавання.

Моднымі сталі курсы для бацькоў. Будучыя мамы і таты гатовыя плаціць больш як 100 даляраў за некалькі заняткаў, каб атрымаць перадавыя веды наконт родаў і выхавання.

Тыя, хто не ў стане заплаціць такую суму, могуць скарыстацца паслугамі арганізацый нон-профіт.

Дарэчы, аборты ў Польшчы забароненыя, кантрацэптывы можна набыць толькі па рэцэпце. Спробы палітыкаў змяніць гэта не давалі плену. У Польшчы вялікую ролю адыгрывае Касцел, і нават урады левага і ліберальнага кірункаў не ішлі далей за антыклерыкальную рыторыку.

Роды

У 1980-х і пачатку 1990-х цяжарных жанчын у Польшчы масава накіроўвалі ў аддзел «Паталогіі цяжарнасці». Падчас родаў меркаванне цяжарнай нікога з дактароў і акушэрак не цікавіла. А калі дзіця прыходзіла на свет, яго тут жа забіралі на абследаванне.

Сення ўсе наадварот. Жанчын вельмі рэдка кладуць у бальніцы на так званае «захаванне». Зрэшты, ад любой прапановы доктара пацыентка можа адмовіцца, і рэдкі доктар будзе «вучыць яе жыццю».

Чэргаў у польскіх радзільнях няма. Калі нечакана выяўляецца, што ў найбліжэйшыя некалькі гадзін у бальніцы няма вольных месцаў, «хуткая» абавязаная завесці жанчыну ў іншую бальніцу, дзе яе без праблем прымуць.

Але ўсе часцей жанчыны загадзя дамаўляюцца з акушэркамі і плануюць роды да драбязы. Паслугі акушэркі пачынаюцца ад 100 даляраў і заканчваюцца некалькімі тысячамі. Гэта гарантуе высакаякаснае абслугоўванне і адсутнасць стрэсу. Акушэрка не адыходзіць ад цяжарнай, пачынаючы з прыезду ў бальніцу і да выпіскі. Існуе рынак эксклюзіўных акушэрак. Іх паслугі каштуюць каля 3 тысяч даляраў, але, нягледзячы на высокую цану, магчымасць дамовіцца з такой акушэркай у Варшаве мяжуе з фантастыкай. Іх календары распісаныя на год наперад.

Большасць полек нараджае ў дзяржаўных радзільнях. Прыватныя акушэрскія клінікі на пальцах можна пералічыць, а плата за роды складае там каля 5 тысяч даляраў.

Зрэшты, усе часцей дзяржаўныя бальніцы мадэрнізуюць, і ўмовы ў іх не саступаюць прыватным: радзільная зала для адной асобы, палата на дзве асобы з асобным душам і туалетам.

Супольнымі родамі ў Польшчы мала каго здзівіш. Цікава, што ў Беларусі, каб трапіць у радзільную залу, трэба здаць шэраг аналізаў. У Польшчы дастаткова прыйсці за некалькі хвілін або падчас саміх родаў, памыць рукі з мылам — і вы ўдзельнік аднаго з найшчаслівейшых момантаў жыцця.

Дактары абавязаныя паведамляць будучай маме пра кожны свой крок, абследаванне, кожны ўкол і яго магчымыя наступствы. Пярэчыць доктару і спрачацца з ім — нармальная з’ява. Пасля таго як дзіця прыйшло на свет, ні доктар, ні медсестры не маюць права забіраць яго ў маці.

Альтэрнатывай родам у бальніцы робяцца роды дома. Лічбы пакуль сціплыя — каля 200 родаў за год, але гэтая лічба штогод напалову павялічваецца. Пакінуць бальніцу маці і дзіця могуць на трэція суткі пасля родаў.

Для тых, у каго есць сацыяльная страхоўка, роды бясплатныя (93% людзей карту страхоўкі маюць). Неграмадзянін без страхоўкі мусіць раскашэліцца — роды ў такіх выпадках каштуюць больш за тысячу еўра.

Першая дапамога дзяржавы

Пастаяннай грашовай дапамогі сем’ям з малымі дзецьмі, як у Францыі, скандынаўскіх краінах, і нават у Беларусі, у Польшчы няма. Да мінулага года за кожнае народжанае дзіця бацькі атрымлівалі ад дзяржавы аднаразовую выплату 300 даляраў. Але ад 1 студзеня яе адмянілі. Цяпер на гэтыя сродкі могуць прэтэндаваць толькі самыя бедныя грамадзяне.

Дэкрэтны адпачынак доўжыцца 1 год (нядаўна было паўгода). Жанчына атрымлівае штомесяц 80% заробку (пры ўмове, што яна ўладкаваная на стаўку). Можна абраць 6-месячны варыянт са 100% заробку. Пасля 14-га тыдня жанчына мае права замяніцца дэкрэтным з мужам. Закон дазваляе заставацца ў выхавальніцкім адпачынку да трох гадоў, але за свой кошт. Аднак тут закон не гарантуе, што пасля вяртання на працу жанчына зможа працаваць далей. Вельмі часта працадаўцы адмаўляюцца чакаць вяртання жанчыны.

Але дэкрэтныя выплаты ў Польшчы паспяхова замяняюць падатковыя льготы. Чым больш дзяцей і чым менш зарабляюць бацькі, тым большую суму вяртае падаткаплатніку дзяржава. Сям’я з двума дзецьмі можа разлічваць на вяртанне штогод па 550 еўра! У суме гэта выходзіць нашмат больш, чым беларускія дэкрэтныя.

Медыцынскае абслугоўванне

Дзяржаўная сістэма аховы здароўя ў Польшчы — самае слабае месца. Каб трапіць да педыятра ў дзяржаўную паліклініку, даводзіцца чакаць некалькі дзен. Да дактароў-спецыялістаў чэргі стаяць ажно некалькі месяцаў. Нават у прыватных медцэнтрах прыемаў у алерголагаў, ларынголагаў і г.д. трэба чакаць некалькі тыдняў. Хоць прыем у прыватнага доктара-спецыяліста каштуе больш за 30 даляраў.

Хуткая дапамога ў Польшчы прыязджае толькі ў выключных выпадках — каб рэанімаваць чалавека.

На святы наша сям’я захварэла на грып. Жонка з тэмпературай 40 градусаў карміла грудное дзіця. Хуткая адмовілася прыехаць.

Сітуацыю ратуюць прыватныя дактары. Цэны пачынаюцца ад 120 злотых і сягаюць 200. Праўда, падчас калядных святаў знайсці такога доктара ў 2-мільеннай Варшаве было праблематычна. Адзіны доктар, які пагадзіўся наведаць нашу сям’ю, дзе хварэлі 4 чалавекі, прапанаваў цану — 250 злотых за агляд адной асобы.

Асартымент лекаў у аптэках багаты, цэны на шмат якія прэпараты меншыя, чым у Беларусі. Многія лекі, якія ў Беларусі прадаюцца свабодна, у польскіх аптэках можна купіць выключна па рэцэпце, напрыклад, антыбіетыкі. Дарэчы, дактары выпісваюць антыбіетыкі толькі ў выключных сітуацыях.

Садкі-школы

У 90-тысячным варшаўскім раене, дзе мы жывем, у садках есць толькі 150 месцаў для дзяцей трох гадоў. Месячная аплата ў такім садку каштуе больш за 100 даляраў. Трапіць у дзяржаўныя садкі ў Польшчы могуць толькі шчасліўцы. У дзяржаўных яслях у Варшаве — усяго 4300 месцаў.

Затое як грыбы растуць прыватныя садкі і яслі. Цэны там вагаюцца ад 150 да 400 даляраў за месяц. Знаемыя, якія мелі магчымасць параўнаць дзяржаўныя і прыватныя, кажуць, што якасць выхавання і адукацыі ў прыватных у разы лепшая. Пачынаючы ад танцаў і ангельскай мовы і заканчваючы каратэ і егай для 3-гадовых дзяцей.

Сям’я

Лепшага спосабу выхавання дзяцей, чым сям’я, пакуль ніхто яшчэ не прыдумаў. Нягледзячы на тое, што сямейная палітыка польскай дзяржавы ніякая, сям’я для палякаў — найвышэйшая каштоўнасць (так лічаць 80%).

Магчыма, і таму, што яны разумеюць: калі не яны самі, то ніхто пра лес іх дзяцей асабліва не паклапоціцца.

Калі я ўпершыню прыехаў у Польшчу, адразу кінуліся ў вочы партнерскія адносіны паміж мужам і жонкай, трапяткое, а часам, можа, і празмерна мяккае стаўленне да дзяцей. На іх тут вельмі рэдка крычаць, а пляскач ці штурханіна ў публічным месцы нерэальныя. Мяне ў свой час моцна ўразіла, што бацькі размаўляюць з дзецьмі як з роўнымі, не хочучы іх пакрыўдзіць, паважаючы іх пункт гледжання.

У маім маладым раене часцей можна сустрэць тату з вазком, чым маму. У чарзе да педыятра мужчын не менш, чым жанчын.

Прыблізна пароўну абавязкі дзеляцца і дома. Мадэль патрыярхальнай сям’і паволі размываецца, на яе месца прыходзіць ключавое для польскай гісторыі слова — салідарнасць.

Цяпер у Польшчы — свабода і бурны эканамічны рост. Магчымасцяў для выбару — мора. Тым не менш, большасць маладых палякаў разумеюць, што дзеці — самае галоўнае ў жыцці.

***

Дзмітрый Гурневіч журналіст «Белсата» і Польскага радые. Вырас у Налібаках (Стаўбцоўскі раен Мінскай вобласці). Бацька двух сыноў — Макса і Янкі. Жыве ў Варшаве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)