Скандалы

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй

41-гадовы Аляксандар Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці» і расказаў пра свой удзел у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму, апісаў месца меркаванага забойства былога віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара і ягонага сябра бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Карэспандэнты Свабоды паглядзелі, як цяпер выглядае гэта месца.

КПП на былой базе СОБРу каля Бегамля

Гараўскі сьцьвярджае, што 19 верасьня 1999 году ён удзельнічаў у выкраданьні і забойстве Ганчара і Красоўскага. Апошніх нібыта застрэліў тагачасны камандзір СОБРу Дзьмітры Паўлічэнка (ён адкідае ўсе абвінавачваньні). Адбылося гэта на закансэрваванай вайсковай базе за 5 кілямэтраў ад Бегамлі, дзе базаваўся СОБР. Тамсама, па ягоных словах, і закапалі целы апанэнтаў Лукашэнкі ды іх джып.

Карэспандэнты Свабоды дабраліся да былой базы, якую мясцовыя жыхары завуць мэтэастанцыяй, бо калісьці там месьцілася вайсковая мэтэастанцыя, а пасьля і частка МНС.

Як мы даведаліся, 5 гадоў таму аб’ект плошчай 2 на 3 кілямэтры выкупіў бізнэсовец Дзьмітры Пятровіч (прозьвішча ён адмовіўся называць).

Усярэдзіне тэрыторыі, абгароджанай 2-мэтровым плотам, ёсьць «некалькі карпусоў, старая казарма». Уласьнік, які зьбіраецца запусьціць тут драўляную вытворчасьць, сказаў Свабодзе, што на ягонай тэрыторыі няма аб‘ектаў, пра якія згадваецца ў сьведчаньнях Гараўскага. Публікацыю ён чытаў.

2-мэтровая агароджа вакол былой базы

Аднак ахоўнік на КПП аб’екта Цімафей паказаў карэспандэнтам Свабоды месца, дзе імаверна была згаданая паласа перашкодаў. Яна месьціцца за тэрыторыяй базы, з супрацьлеглага ад КПП боку.

Там карэспандэнты Свабоды пабачылі старую браму з замком. Празь яе можна было выяжджаць з тэрыторыі базы ў лес, да паласы перашкодаў.

За 150 мэтраў ад задняга ўваходу карэспандэнты знайшлі прыкметы былой паласы перашкод — згнілыя бярвеньні, слуп ад шлагбаўма...

Меркаваныя рэшткі збудаваньняў

На зарослай лесам тэрыторыі ёсьць бэтонныя канструкцыі, якія нагадваюць ачышчальныя збудаваньні.

Бэтонныя канструкцыі могуць быць рэшткамі ачыстных збудаваньняў

Таксама журналісты пабачылі яміну, якая, па словах былога вайскоца ахоўніка КПП Цімафея, выглядае на прыдатнае стрэльбішча якраз для байцоў спэцназзу. Аднак ці тут сапраўды трэніраваліся спэцназаўцы, невядома.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)