Коктейль
Анастасія Зелянкова

Як Вайцюшкевіч замяніў сабой прэзідэнта (фотарэпартаж)

У клубе “Фартуна” адбылася прэзентацыя новага альбому Зміцера Вайцюшкевіч “Лірыка”, напісанага на вершы Генадзя Бураўкіна. Як падчас выступу быў выкарыстаны шэст для стрыптызу, чым крытык Дзмітры Падбярэзскі не дагадзіў музыкам і ў чым Вайцюшкевіч перабег дарогу прэзідэнту, — усё гэта ў рэпартажы “Салідарнасці”.

Такой рознаўзроставай публікі ў начным клубе “Фартуна”, напэўна, не бачылі ніколі — далучыцца да сімбіёзу творчасці Вайцюшкевіча і Бураўкіна сабраліся аматары ад сямі да сямідзесяці (а можа, і болей) год. Сам паэт прыйшоў з усёй сваёй сям’ёй — жонкай, сынам, нявесткай і двума ўнукамі.

Сярод гледачоў былі таксама заўважаны паэты Уладзімір Някляеў, палітык Сяргей Скрабец, кіраўнік аддзялення амбасады Швецыі в Минске Стэфан Эрыксан. Апошні, дарэчы, неўзабаве збег на канцэрт J:морс, які таксама праходзіў у гэты дзень.

— Мы рады, што зараз у Брайана Адамса недааншлаг, — яхідна заўважыў Вайцюшкевіч, маючы на ўвазе выступленне ў той жа дзень у Мінску замежнага спевака і паабяцаў: — Мы ж вас мучылі, мучым і будзем мучыць сваімі песнямі.

Галоўная “ахвяра” эксперыментаў Вайцюшкевіча паэт Генадзь Бураўкін шчыра прызнаўся:

— Тое, што зрабіў з маімі вершамі Зміцер, для мяне, па праўдзе кажучы, нечаканасць.

Затое сам Вайцюшкевіч быў цалкам задаволены зробленым.

— Нічога! — пахваліў сябе пасля выканання першай песні музыкант і сціпла дадаў: — Яшчэ сорак год, і Нобелеўская прэмія ў нас у кішэні.

А вось заўвагі ў друку наконт яго новага альбому крытыка Дзмітрыя Падбярэзскага, Вайцюшкевіча яўна закранулі за жывое.

— Нічога ён не зразумеў! — кіпеў музыкант. — Вось Падбярэзскі піша, што ў песні “Суседка” гітарыст яўна перашкаджае. Але ж, па задуме, гітарыст п’яны і сапраўды сваёй ігрой не дае кахаць суседку.

І Вайцюшкевіч тут жа падмацаваў сказанае песняй.

— Далей Падбярэскі адзначае, што песня “Як вецер” падобная на Pink Floyd, — ніяк не мог супакоіцца спявак. — А хіба я гэтага не ведаю? Ён што нас — за дурняў лічыць?

Было падобна, што ўся праграма канцэрту будзе пабудавана на тэме “Наш адказ Падбярэзскаму”. Напэўна, калі б той знаходзіўся ў гэты дзень у залі, пад канец вечара прыхільнікі Вайцюшкевіча проста парвалі б крытыка на брытанскі сцяг. На шчасце, сутыкненняў удалося пазбегнуць.

Нарэшце Вайцюшкевіч абвясціў:

— Усё, расслабцеся. Рокавасць скончылася — зараз будуць нармальныя песні.

Пад “Жоўтую лодку” народ умомант разгрупаваўся па танцполе і ў танцы гучна пачаў падпяваць: “І цалую і шыю і локці” (нехта нават спрабаваў наглядна праілюстраваць змест).

На пацалунках гэтых часцей цела Вайцюшкевіч не спыніўся і пайшоў яшчэ далей, праспяваўшы “Твае вочы”.

Як прызнаўся потым “Салідарнасці” Генадзь Бураўкін, пісаўшы некаторыя вершы, ён бачыў іх крыху інакш за Вайцюшкевіча (той, хто знаёмы з лірыкай Бураўкіна, можа ацаніць, што хавалася за гэтым “крыху”).

— З некаторымі песнямі Зміцера я магу пагадзіцца, некаторыя для мяне гучаць неяк... непрывычна, — нарэшце падабраў слова паэт. — Але, можа гэта проста я ўжо такі стары?

Затое на самае маладое пакаленне музыка Вайцюшкевіча дзейнічала вельмі залагоджана. Нягледзячы на ўсеагульны ўздым, віск і крыкі, хлопчык гадоў сямі мірна сапеў, пакуль Вайцюшкевіч выводзіў свае рокавыя трэлі.

Нарэшце, музыкант абвясціў: “Пайду па сталах — каньячку выпью” — і ўпэўнена накіраваўся ў залу. Каньячку выпіць так і не ўдалося, затое на адваротным шляху Вайцюшкевіч нечакана заўважыў шэст для стрыптызу (каля яго, дарэчы, чамусць размясцілі адзіную ў калектыве дзяўчыну — скрыпачку Ксюшу). Спявак не стаў давяраць такую адказную справу дзяўчыне і пад задаволеныя воклічы сваіх прыхільніц зрабіў некалькі досыць прафесійных па.

Вярнуўшыся на месца Вайцюшкевіч, нечакана вымавіў:

— Дарагія мае беларусы! Да Новага года засталося некалькі хвілін. Зараз вы сядзіце перад сваімі “Гарызонтамі” і “Віцязямі” і глядзіце на мяне. Я не буду казаць, як вы правялі гэты год — вы і самі ўсё добра ведаеце. З Новым годам усіх! — нарэшце скончыў сваю прамову музыкант і патлумачыў: — Цяпер у вас ёсць магчымасць за пяць хвілін да Новага года паставіць менавіта мой выступ.

Усе прысутныя радасна загулі. Пасля гэтых слоў песня “З Новым годам!” магла адназначна разлічваць на ўсенародную любоў.

У антракце Генадзь Бураўкін раздаваў аўтографы юным прыхільніцам

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)