Общество

Таццяна Гусева

Як Уладзімір Арлоў адахвоціў маскоўскага літаратара ад беларускіх жанчын

Тры гісторыі, якія распавёў чытачам у Гомелі вядомы пісьменнік, перакладчык «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч.

Фота Ліліі Хоміч, часопіс OnAir

Уладзімір Арлоў лічыць гэты твор самай значнай кнігай нобелеўскай лаўрэаткі. На сустрэчы з чытачамі Гомельскай абласной бібліятэкі, дзе адбылася прэзентацыя пяцікніжжа Алексіевіч «Галасы ўтопіі» на беларускай мове, пісьменнік успомніў, як упершыню трапіў у Чарнобыль.

— У 1984 годзе я плыў на цеплаходзе з Пінска ў Кіеў. На гадзіну ён спыніўся ў горадзе Чарнобыль. Я выйшаў і закахаўся ў гэты горад.  Жнівень. Чырванелі і залаціліся яблыкі, налітыя сокам так, што былі бачныя «семкі». У садах віселі гронкі спелых грушаў. Над драўлянымі ходнікамі вуліц  звісалі каралі фіялетавых сліваў. Я падумаў, што абавязкова вярнуся сюды калі-небудзь у адпачынак, спынюся на месяц ў гатэлі і напішу такую сабе «паўднёвую» аповесць...Я не ведаў, што на здзяйсненне мары мне засталося менш за паўтара гады. Не паспеў…

У канцы красавіка 86-га года журналіст гарадской газеты Уладзімір Арлоў збіраўся на Магілёўшчыну, у вёску, дзе нарадзілася ягоная маці.

— Хадзілі чуткі пра радыёактыўныя хмары.  Мы даведваліся пра іх не з савецкіх перадач і газет, а слухаючы, як гаварылі тады, «варожыя галасы». На вуліцы я сустрэў другога сакратара гаркама партыі. Кажу, што паеду заўтра на поўдзень Беларусі. Ніякай панікі, супакоіў сакратар, усё цудоўна,  «Голас Амерыкі» хлусіць.

Я паехаў, і ўжо за Оршай у цягніку ў мяне пачала страшэнна свярбець галава. Падумаў, няўжо па дарозе маю фрызуру абралі, перапрашаю, вошы.

Арлоў убачыў, што не толькі ён, але і іншыя пасажыры, асабліва дзеці, якія ехалі гэтым цягніком, дружна дзёрлі свае галовы.

— Карацей, хапянулі мы тады ўсе сваю дозу радыяцыі.

Гісторыя, дарэчы, паўтарылася праз год, калі пісьменнік разам з Данутай Бічэль-Загнетавай прыехаў на выступы ў Гомель і Ветку.

Найбольшую цікавасць гомельскіх чытачоў выклікаў аповед пра тое, як Арлоў выратаваў беларуску ад рамана з маскоўскім літаратарам.

У 1986-м годзе пісьменнік прыехаў у Дом творчасці ў Дубултах.

— Са мной пазнаёміўся калега з Масквы, запрасіў да сябе ў нумар. Мы выпівалі, лаялі савецкую ўладу. Ён прапанаваў у мэтах канспірацыі называць яе «Софья Власьевна». А потым з шуфляды дастае дыктафон, тады гэта была яшчэ рэдкасць,  і дае праслухаць запіс — усю нашую размову.

Не бойся, кажа, Валодзя, я цябе не здам. Але ты мне павінен дапамагчы. Пазнаёміўся, маўляў, на пляжы з прыгожай дамай. «Но ты знаешь, она из Гомеля. Скажи, а радиация  передается половым путем?»  Вядома, я зрабіў страшныя вочы і запэўніў калегу, што якраз гэты шлях перадачы радыяцыі — самы эфектыўны. «Все. Я о ней забыл», — адказаў напалоханы масквіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(43)