Як улады робяць нам «красіва»

Разважае Валянцін Жданко на Радыё Свабода.

Ілюстрацыйнае фота. Падрыхтоўка да другіх Эўрапейскіх гульняў у Менску. 31 траўня 2019 году

Едучы на працу, амаль кожную раніцу назіраю ўзбоч праспэкта Незалежнасьці цэлыя натоўпы работнікаў «Менскзелянбуду» ў зялёна-аранжавых робах з вострымі дручкамі ў руках.

Гэтых людзей з раніцы ў вялікай колькасьці ўбачыш паўсюль — на прыпынках і ў парках, у дварах і на берагах вадаёмаў. Дручкі з вастрыём служаць для наколваньня абгортак ды іншага дробнага папяровага або плястыкавага сьмецьця — каб лішні раз не нагінацца.

Людзі ў зялёна-аранжавай уніформе з дручкамі (а таксама зь венікамі, квачамі, рыдлёўкамі і граблямі) забясьпечваюць тое, што, кажуць, вельмі ўражвае іншаземцаў і што Аляксандар Лукашэнка два тыдні таму, аб’яжджаючы Менск па кальцавой дарозе, назваў «нашай фішкай»: «Надо благоустраивать Беларусь, нельзя останавливаться. Это наша фишка. Кто бы сюда ни приезжал, все ахают, как хорошо...»

І заробак — 400 рублёў за месяц

​«Наша фішка».... Яно б, здаецца, і няблага. Што дрэннага ў тым, што на падтрыманьне парадку і чысьціні ўлада выдаткоўвае немалыя рэсурсы? Як вядома, з працаўладкаваньнем цяпер у Беларусі зусім ня проста. Але любы беспрацоўны са стажам вам адразу скажа: калі ўжо нідзе нічога не знайшоў — ідзі ў зелянбуд, там заўсёды патрабуюцца працоўныя рукі.

І праўда. Заходжу на першы ж выпадковы сайт з вакансіямі, набіраю ў пошуку «праца ў «Менскзелябудзе» — і адразу «выскокваюць» дзясяткі, сотні прапаноў. Што праўда, уражваюць і абяцаныя заробкі: «рабочы зялёнага будаўніцтва» — 400 рублёў, трактарыст — 650, сьлесар — 600, прыбіральшчык тэрыторый — 450... І гэта пры тым, што сярэдні заробак у Менску, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у сакавіку 2019-га дасягнуў 1544 руб.

Час, калі людзей і машын было значна меней, а дрэў — значна больш

Менск у часы БССР, задоўга да Лукашэнкі, выглядаў на тле іншых буйных савецкіх гарадоў зусім дагледжаным і лічыўся адным з самых зялёных у Савецкім Саюзе. Што праўда, прыбіральшчыкі з дручкамі з раніцы натоўпамі па вуліцах не хадзілі, фасады на Ленінскім праспэкце сьвежай фарбай так, як цяпер, ня зьзялі, а тратуары і плошчы не былі забрукаваныя бэтоннай пліткай.

Але было ў тагачасным Менску нешта іншае, што рабіла яго больш утульным і больш прыдатным для жыцьця, чым Менск цяперашні — адшараваны шматлікімі прыбіральшчыкамі, з пастрыжанымі траўнікамі і падрэзанымі дрэвамі, але адначасова яўна перанаселены, са шматлікімі гіганцкімі новабудоўлямі на тых месцах, дзе ў Менску савецкім былі бульвары, паркі, сквэры, зялёныя двары...

Памятаю, на пачатку 1980-х у рэдакцыі «Чырвонай зьмены» мне (тады студэнту журфаку) даручылі напісаць пра азеляненьне Менску. Рыхтуючы артыкул, шмат гадзін правёў якраз у зелянбудзе. Начальства наракала на тое, што няма дастаткова тэхнікі і кадраў. Зялёныя плошчы вялізныя, а касіць часта няма чым і няма каму. Часам можна разьлічваць толькі на дзедаўскія косы. Многія зялёныя зоны (у тым ліку і блізка да цэнтру) так і заставаліся няскошанымі. Пра ўсё гэта я пісаў у артыкуле, назву якога памятаю дагэтуль: «Асьцярожна, горад дыхае».

За тры дзесяцігодзьдзі ўсё памянялася кардынальна. Штат «Менскзеленбуду» павялічыліся шматкроць. Свае зелянбуды зьявіліся ў кожным гарадзкім раёне. Недахопу ў касілках, маторных пілах ды іншай тэхніцы яўна няма. Добраўпарадкаваньне ды азеляненьне абвешчана ледзь не галоўным дзяржаўным прыярытэтам.

Ці можна было нават думаць пра такое ў СССР, дзе амаль усе заробленыя грошы выграбаліся зь бюджэтаў прыбытковых рэгіёнаў, якім была і БССР, і ішлі галоўным чынам на ракеты, танкі ды дапамогу шматлікім замежным сябрам, якія абвясьцілі, што «сталі на шлях будаўніцтва сацыялізму». І калі цяпер заробленыя рублі ідуць на фарбаваньне фасадаў, уладкаваньне тратуараў ды касьбу газонаў — хто наважыцца пярэчыць супраць гэтага?

Але зьмянілася і іншае. Там, дзе савецкімі архітэктарамі калісьці былі запраектаваныя шырокія зялёныя бульвары, цяпер — плён палітыкі «ўшчыльненьня»: шматлікія шматпавярховыя «тэрмітнікі», колькасьць якіх няспынна расьце. У позьнім Савецкім Саюзе колькасьць зялёных насаджэньняў у Менску дасягала 20 квадратных мэтраў на чалавека. У сярэдзіне 2010-х гадоў, як сьцьвярджаюць адмыслоўцы, гэты паказьнік не перавышаў 11 квадратных мэтраў. Ды і гэтая лічба, мяркую, надта аптымістычная. Бо пра якія насаджэньні гаворка?

Параўнайце фатаздымкі Ленінскага праспэкту, вуліцы Карла Маркса, Партызанскага праспэкту, вуліцы Прытыцкага 1970-1980-х гадоў і цяперашнія. 30-40 гадоў таму гэтыя вуліцы патаналі ў зеляніне разлапістых ліпаў, каштанаў, таполяў. Сёньня ж і ўздоўж праспэкта, і на іншых цэнтральных вуліцах — толькі чэзлыя замардаваныя дрэўцы, якія гінуць і сохнуць у аўтамабільным смуродзе, не пасьпеўшы нават вырасьці.

І ці варта зьдзіўляцца: нягледзячы на тое, што ўлады любяць пахваліцца, што Менск нібыта ці ня самы зялёны горад на кантынэнце, насамрэч беларуская сталіца ніколі нават не намінавалася на прэстыжную прэмію European Green Capital Award. Самымі зялёнымі гарадамі Эўропы прызнаваліся Стакгольм, Гамбург, Нант, Капэнгаген, Брыстоль, Любляна...

Закапаныя вёскі

​У беларускіх рэгіёнах — свае мэтады змаганьня за навядзеньне парадку і чысьціні. Але як дамагчыся прыгожай карцінкі навакольля, калі людзі зь вёсак няспынна калі не ўцякаюць, то паміраюць; калгасы банкрутуюць, новыя вытворчасьці не ствараюцца і, адпаведна, бюджэты папаўняць няма з чаго? Якая ж прыгажосьць, калі што ні вёска, то дзясяткі пакінутых ды занядбаных пабудоў?

Трапіў мне днямі на вочы дакумэнт пад назвай «Плян мерапрыемстваў у комплексным добраўпарадкаваньні Асіповіцкага раёну на пэрыяд да 2020 году». Не сумняваюся, што падобныя дакумэнты распрацаваныя і зацьверджаныя ў кожным раёне.

У іх падрабязна расьпісана, дзе што пафарбаваць, агарадзіць, азеляніць, адчысьціць, аж да ўстаноўкі білбордаў з прапагандай «Году малой радзімы» — усё ў рэчышчы палітыкі «нашай фішкі». Калісьці такія пляны складалі хіба што пра рост пагалоўя буйной рагатай жывёлы ці ўраджайнасьці зернебабовых. Аднак найбольш мяне ўразілі ў дакумэнце пункты, якія датычаць не рамонту і аздабленьня. Вось некалькі зь іх:

    выкананьне работ па зносе былых двухпавярховых жылых дамоў па вул. Рэвалюцыйнай;

    рэканструкцыя ці знос харчовай крамы па вул. Кастрычніцкай;

    знос пустуючага 8-кватэрнага дома № 16 па вуліцы Цэнтральнай (Коўгары);

    знос будынка былой пякарні (Ліпень);

    знос будынкаў былых інтэрнату і крамы (Ліпень).

У плян, натуральна, трапілі толькі буйныя аб’екты. Што да пакінутых хатаў, то яны без усялякіх плянаў зьнішчаюцца дзясяткамі і сотнямі. На сёньня ў Беларусі плянуецца зьнішчыць каля 15 тысяч пустуючых дамоў. І адбываецца гэта часам нават бяз згоды і ведама іхных гаспадароў. То з аднаго, то з другога кутка Беларусі прыходзяць паведамленьні: прыехаў гаспадар пасьля доўгай вандроўкі адведаць вясковую хату, а яе няма: зьнесьлі і закапалі, бо сельсавету здалося, што яна псуе эстэтыку сваім недагледжаным выглядам.

Так, напрыклад, здарылася некалькі гадоў таму з хатай Аляксея Караткова зь вёскі Каравацічы Рэчыцкага раёну. Паехаў чалавек на заробкі, празь некалькі месяцаў вярнуўся — а ад хаты ні знаку. Прычым у гаспадара ня тое што не спыталі згоды — нават не паведамілі пра тое, што зьбіраюцца зносіць. Абароненасьць прыватнай уласнасьці, вядома, і раней, у савецкай Беларусі, не лічылася для ўлады вялікай каштоўнасьцю. Але ўсё ж да зьнішчэньня жытла пры жывым гаспадару справа неяк не даходзіла.

Бяда гэтага беларускага парадку ў тым, што за вонкавым глянцам часта — гаспадарчы заняпад. Замест таго, каб зьнесьці тую ж школу, краму ці апусьцелы дом — аддаць бы іх (няхай і ўвогуле без аплаты) тым, хто наважыцца разьмясьціць там хоць якія працоўныя месцы. Няхай там будуць нейкія рамесьнікі, нарыхтоўшчыкі грыбоў і ягад, зборшчыкі дзікарослых лекавых траў.

Няхай ткуць на кроснах, вырабляюць сувэніры, пілуюць дошкі, вараць джэмы ці кампоты... Ды хоць што-небудзь, што давала б людзям магчымасьць зарабіць у вёсцы капейку і ўтрымлівала іх на гэтай зямлі. Бо толькі гэта робіць вёску жывой і дае ёй хоць якую пэрспэктыву.

Добра было б, каб «фішкай» Беларусі была, напрыклад, найлепшая ў рэгіёне мэдыцына. Ці адукацыя, па якую імкнуліся б з усёй Эўропы. Альбо самыя высокія пэнсіі. Ці рэкордныя заробкі... А як ганарыцца пафарбаванымі платамі, за якімі закапаныя ў зямлю хаты, крамы і школы?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(52)