Спорт

Як у Жодзіна прайшоў адзіны ў сьвеце футбольны матч

На сёньня вышэйшая ліга Беларусі па футболе — найлепшы турнір на плянэце. Акрамя Сінявокай, у футбол гуляюць толькі ў Нікарагуа. За два апошнія тыдні зь беларускім футболам здарылася тое, чаго не здаралася за ўсе трыццаць сэзонаў розыгрышу нацыянальнага першынства. Рэпартаж Алеся Пілецкага на Радыё Свабода.

Спачатку правы на паказ матчаў вышэйшай лігі выкупіў расейскі канал «Матч ТВ», затым тое самае зрабіў украінскі Sport 1. Пасьля пайшло-паехала. Беларускі футбол пачалі афіцыйна паказваць у Ізраілі, Сэрбіі, Босьніі, Чарнагорыі, Славеніі ды іншых балканскіх краінах. Вядучыя спартыўныя СМІ сьвету публікуюць агляды матчаў паміж беларускімі клюбамі.

Але справа не ў дасягненьнях беларускіх футбалістаў. Проста да выходных 27-29 сакавіка ў сьвеце заставаліся ўсяго тры чэмпіянаты — Беларусі, Бурундзі і Нікарагуа. У чацьвер 26 сакавіка здалася Бурундзі. Пайшлі чуткі, што Беларусь таксама перанясе гульні. Аднак замест гэтага футбольная фэдэрацыя параіла клюбам прыбраць са стадыёнаў пункты з харчаваньнем і фан-зоны.

Другі тур чэмпіянату адкрываў матч у Жодзіне паміж мясцовым «Тарпэда-БелАЗ» і бабруйскай «Белшынай». На момант стартавага сьвістка гэта быў адзіны афіцыйны футбольны матч на плянэце.

«Красная икра»: чемпионат Беларуси по футболу стал деликатесом

— Хлопец, чаго тут баяцца, усё ў нас нармальна. Ты што, тэлевізар не глядзіш? — ці то жартам, ці то сур’ёзна рэагуе на маё пытаньне пра бясьпечнасьць наведваньня футбольнага матча жодзінскі заўзятар Валянцін Сяргеевіч. — Гэта там усё, за мяжой. А ў нас жа ўсё нармальна. Выпіў, закусіў. Нічога нас не бярэ.

Валянціну Сяргеевічу за 60. Кажа, што на футбол хадзіў «яшчэ пры Саюзе» і спыняцца не зьбіраецца. Хоць «футбол цяпер, вядома, ня той». Захады бясьпекі, уведзеныя ў другім туры чэмпіянату, лічыць дапушчальнымі, хоць і не абавязковымі.

Яны, дарэчы, самыя сур’ёзныя. Замест міліцыі на ўваходзе на стадыён мяне сустракаюць мэдыкі. Ветліва просяць зьняць шапку і мераюць тэмпэратуру адмысловым тэрмомэтрам.

Ці не ўпершыню ў жыцьці баюся не прайсьці праверку на стадыёне. Але з тэмпэратурай усё нармальна. Застаецца толькі дэзынфікаваць рукі санітайзэрам, прайсьці праз рамку мэталашукальніка — і можна ісьці радавацца футбольнаму відовішчу.

Санітайзэр, дарэчы, некаторыя жодзінскія аматары футболу спрабуюць праверыць на наяўнасьць этылявага сьпірту. «Гэта ня сьпірт, піць ня трэба», — катэгарычна спыняюць спробы мэдыкі.

— Паважаныя аматары футболу, — зьвяртаецца да гледачоў стадыённы дыктар перад пачаткам матчу. — Усе вы ведаеце, што разам з намі сёньняшні матч глядзяць ва ўсім сьвеце. Давайце прадэманструем, хто мы такія. Нас мала, але мы жодзінцы!

Жодзінцы задаволена гудуць на трыбунах. Іх, дарэчы, ня так і мала. Каля дзьвюх тысяч прыкладна. Неаднаразовыя заклікі дыктара трымацца рэкамэндацыі Ўсясьветнай арганізацыі здароўя і рассаджвацца ў шахматным парадку бясстрашныя аматары беларускага чэмпіянату ігнаруюць.

Да сярэдзіны першага тайма цэнтральныя трыбуны запаўняюцца амаль цалкам і шчыльна. Маскі на тварах — толькі ў ст’юардаў і мэдыкаў.

— Уся Эўропа нам цяпер зайздросьціць, — кажа мне яшчэ адзін жодзінскі заўзятар у другім тайме. — Гішпанія, Італія — усе. У іх жа ўсё спынілі, а ў нас футбол. Усе купілі правы паказваць наш чэмпіянат, усе глядзяць. Калі такое яшчэ было?

Пакуль я гэта слухаю, Гішпанія, Італія і ўсе іншыя краіны дазнаюцца пра існаваньне 25-гадовага форварда «Тарпэда-БелАЗ» Валеры Гарбачыка, які забівае гол у браму «Белшыны». Ну як забівае, хутчэй прапіхвае мяч у сетку. — ле заўзятарам усё адно, радасьці гэта не псуе.

«Раз дазволілі праводзіць чэмпіянат, значыць, усё нармальна, — працягваюць пераконваць мяне жодзінскія «кузьмічы» (дасьведчаныя заўзятары. — РС). — А заразіцца можна і ў іншым месцы. Ня толькі на стадыёне.

Сярод «кузьмічоў», дарэчы, ня толькі мужчыны са стажам наведваньня футбольных стадыёнаў. Хапае і моладзі, і жанчын зь дзецьмі, і дзяўчат. Ёсьць нават немаўляты ў вазках. «Бясстрашны чэмпіянат» — так назвалі вышэйшую лігу Беларусі па футболе ў сьвежым рэпартажы Euronews.

«Тарпэда» зь цяжкасьцю дацягвае матч да перамогі і часова ўзначальвае турнірную табліцу. Такога не здаралася ўжо шмат гадоў, звычайна там ці БАТЭ, ці нехта з «Дынама», ці салігорскі «Шахцёр».

Цалкам верагодна, што ў жодзінскага клюбу цяпер больш прыхільнікаў, чым за ўсю ранейшую гісторыю. Пакуль невядома, як доўга гэта працягнецца. Як і невядома, што павінна здарыцца, каб у Беларусі перасталі хадзіць на футбол.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(32)