Аляксандр Кур’яновіч, Новы час
Як у Заходняй Беларусі ўпершыню выбіралі мясцовыя органы савецкай улады

Панскія кілеры, «легіён смерці» і стрыжка святароў.

Перадвыбарчы сталінскі плакат на беларускай мове. Крыніца: Звязда, снежань 1940 года.

Комплекс надзвычайных палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных захадаў бальшавіцкай улады ў Заходняй Беларусі пасля ўключэння яе ў склад Савецкага Саюза і далучэння да Беларускай ССР гісторыкі і публіцысты правамерна называюць «саветызацыяй». Адной з яе неад’емных частак стала правядзенне выбарчых кампаній, якія мусілі засведчыць перамогу «непарушнага блока камуністаў і беспартыйных».

Гэта павінна было пераканаць заходнебеларускае шматмільённае насельніцтва, якое звыш паўтара дзясятка гадоў жыло ў цалкам адрозных ад бальшавізму палітычных і сацыяльна-эканамічных умовах, у перавазе прынцыпова іншай грамадскай мадэлі на сацыялістычных пачатках, а таксама істотна павысіць легітымнасць савецкай улады

Замацаваць савецкую ўладу

12 кастрычніка 1940 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдаў указ аб правядзенні выбараў у абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя Саветы працоўных у пяці заходніх абласцях рэспублікі: Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай. Паводле ўказа, выбарчая кампанія павінна была стартаваць 15 кастрычніка 1940 года.

У выбарчую кампанію ўключалася вялізарная колькасць кандыдатаў: у мясцовыя органы ўлады належала накіраваць каля 42 тыс. чалавек.

Аналагічная кампанія была праведзена ва ўсходніх абласцях БССР у канцы снежня 1939 года. Гэты вопыт трэба было выкарыстаць і ў Заходняй Беларусі.

У заходнім рэгіёне савецкая ўлада адносна добра валодала грамадска-палітычнай сітуацыяй: тут былі праведзены дзве буйныя палітычныя кампаніі: выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі ў кастрычніку 1939 года і выбары ў Вярхоўны Савет СССР і БССР у сакавіку 1940 года.

Выбары 15 снежня 1940 года павінны былі прайсці паводле адпаведнага Палажэння, якое было зацверджана яшчэ 27 ліпеня 1939 года

У сувязі з уключэннем Заходняй Беларусі ў склад СССР і далучэннем яе да БССР чацвёртая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 27 красавіка 1940 года ўнесла ў Палажэнне змены і дапаўненні. У прыватнасці, для заходніх абласцей былі вызначаны нормы па выбарах дэпутатаў у абласны Савета. Так, дэпутат ад Баранавіцкай і Беластоцкай абласцей абіраўся не менш чым ад 15 тыс. чалавек, за Вілейшчынай і Брэстчынай была замацавана норма не менш 12 тыс. чалавек. А вось у Пінскай вобласці дэпутат аблсавета абіраўся не менш як 10 тыс. грамадзянамі.

Само Палажэнне знешне выглядала даволі дэмакратычна. Адсутнічалі ўсялякія перашкоды па сацыяльных, рэлігійных, нацыянальных і іншых прыкметах. Галасаванне абвяшчалася роўным і на таемнай аснове. У двухтыднёвы тэрмін прадугледжваўся другі тур галасавання. У дзень выбараў на выбарчым участку забаранялася агітацыя за кандыдата. Існавала і крымінальная — да трох год турмы — адказнасць за фальсіфікацыю выбараў.

1 лістапада 1940 года наконт артыкула 69 Палажэння (там прапісвалася працэдура выстаўлення кандыдатаў) быў прыняты спецыяльны ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Паводле яго, у сельскіх раёнах Заходняй Беларусі (калектывізацыя шмат у якіх раёнах «буксавала») права выстаўлення кандыдатаў атрымлівалі агульныя сходы сялян па вёсках (у адрозненні ад мясцовых выбараў ва ўсходніх абласцях, дзе кандыдатуры вылучаліся сходамі сялян выключна па калгасах).

Працяг тут

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)