«Як такое магло стацца, што добрыя хаты і сады сталі нікому непатрэбнымі?»
У «Акадэмкнізе» з’явілася ў продажы кніга «Шчонаўскія абразкі» – вясёлыя, сумныя і эмацыйныя гісторыі пра жыццё ў беларускай вёсцы.
Аўтар бліскучага выдання – гарадзенская пісьменніца Ала Петрушкевіч (псеўданім Альжбета Кеда), якая вырасла ў вёсцы Шчонава на Карэліччыне. Акцэнт у кнізе зроблены на жыцці сялян у 50-я-60-я-70-я гады – малаасвечаны сёння перыяд жыцця беларускіх вяскоўцаў, на які прыпалі гады дзяцінства і юнацтва многіх сучаснікаў.
Ала Петрушкевіч. Фота з сайта lit-bel.org
Абразок «Лісіныя шкуры»
З’яўленне падводы жыда-ганучніка было ў Шчонаве не абы-якою падзеяй. Вельмі ж прыгожыя хусткі ён прывозіў. Аплатай былі ганучы, старая вопратка, шкуры. Абрамовіч і кажа вазніцы: «Заедзь у тую хату, там лісіныя шкуры набудзеш». І паказаў яму на двор Мікалая Лукошкі. Туды і скіраваўся абрадаваны ганучнік.
А што было далей, хай вам, шаноўныя чытачы, намалюе ваша ўяўленне. Падкажу толькі, што мянушка гаспадара, на якую ён вельмі злаваўся, была Ліс…
– Кожны чалавек – цэлы свет. Для мяне няма людзей «простых», – адзначае ў кнізе Ала Петрушкевіч.
«Салідарнасці» яна тлумачыць, што ўзялася за сварэнне «Шчоўнаўскіх абразкоў», каб той нядаўні свет не знік.
Шчонава, Карэліцкі раён. Першая палова 50-х
– Бо тое асабістае, прыватнае, што перажывае чалавек, толькі на першы погляд можа падацца нязначным, шэрым, нецікавым. Зусім не! – адзначае пісьменніца. – Большасць маіх герояў пражылі жыццё, характэрнае для беларускае вёскі паваеннае пары. Невыносна цяжкая доля ўдоваў, што не дачакаліся сваіх каханых, горкія сірочыя слёзы дзяцей, якім давялося зведаць голад, холад – усё гэта тыпова. Але як чалавек паводзіць сябе, як рэагуе на праявы несправядлівасці ці выяўляе радасць – усё гэта непаўторна. Усё гэта ўражвае мяне незвычайна. Не менш, чым вобразы, сюжэты вялікай літаратуры.
Абразок «Ты здурнела?»
Ганна Юлькава ўставала раненька-рана. Супернічала з ёю Жэня Мялешчыха. Усхопяцца яшчэ папоцемку і да вакна: ці гарыць святло ў суседкі праз коньдзеўскае балота. А тады клопат штодзённы жаночы: карову падаіць, выгнаць, у печы выпаліць, чыгуны дастаць, картоплю патаўчы, свіням даць…
Управіцца Ганна, у хату заходзіць. А тут братава Апанасіха з хаты выходзіць. Праснулася. Заміж вітання:
– Ты здурнела?
– Гэто ты здурнела!
Першая фраза азначала: чаго так рана паднялася, другая – чаго так позна ўстала.
Бацька пісьменніцы працаваў у Шчонаве брыгадзірам, маці – настаўніцай. Сёння вяскоўцы згадваюць іх з вялікай прыязнасцю і ўдзячнасцю. Але ў тым далёкім ужо часе ў сям’і ўзнікалі і праблемы, звязаныя перш за ўсё з бацькавай працай.
– Былі незадаволеныя ягонаю, мо часам залішняй, прынцыповасцю. І зайздрасць таксама была… Пра самы балючы, асабліва для мамы, выпадак помсты нагадала нядаўна цётка Мілка Лысішына. Нехта ноччу выразаў наш малады садок, – распавядае «Салідарнасці» Ала Петрушкевіч.
У сям’і брыгадзіра ўжо двое дзетак: дачка Ала і сын Коля. 1960 год
Шчонаўцы ў тыя часы свае хаты не замыкалі, але красці ў калгаса не саромеліся. Чаму так?
– Давайце згадаем адразок «Лубін»: «Красці ў калгасе ніякі маральны закон не забараняў. Асабліва даставалася таму, што расло. Паўда, і тут была пэўная іерархія: што красці больш грэшна, а што зусім не. Цёця Ганна Юлькава з гумарам абуралася: «Лубіну нажаць – хіба ж гэто красці? Во картоплю ці бураке…» Чаму не лічылася грэшным? Пэўна, таму, што тыя калгасы так людзей абабралі, такімі злодзеямі былі, крадучы сілы чалавечыя, здароўе, а плацілі за невыносна цяжкую працу «палачкамі». Ды і граху ўжо людзі менш баяцца пачалі, новыя гаспадары цэрквы, касцёлы пазакрывалі, – тлумачыць Ала Петрушкевіч.
Абразок «Ціпуля»
Старэйшая дачка Алёшы Канцавога, якога ўсе клікалі Адосем, Ніна выйшла замуж у Малюшычы. Кіламетраў са тры ад Шчонава. Яе сястра Тамара пабыла ў Ніны з тыдзень і вярнулася адтуль гарадскою. Па-руску пачала гаварыць. Не ў Шчонаве ж усе гэтыя дні жыла!
Шчонаўскі зух, жартаўнік Коля Трахімаў, разумеючы, што ад Тамарынае мовы рускай і не пахне, вырашыў вывесці «гарадскую» на чыстую ваду. Наладзіў ёй іспыт пры ўсёй вясковай дзетвары:
— Тамара, а як будзе па-руску цыбуля?
— Ціпуля, — з гонарам адказала «руская» Тамара.
Смех быў ёй адзнакай.
У шведскім Vіsby ад эстонскай пісьменніцы Кадры пачула, што па-эстонску цыбуля гучыць сібуль, пры гэтым звонкае б заўважна аглушаецца. Не ведала Тамара Адосева, што адказала ўсё ж не па-беларуску, а ледзьве не па-эстонску.
У штодзённым жыцці герояў «Шчонаўскіх абразкоў» шмат гумару.
– Мяркую, ні адзін народ не выжыў бы, каб не ўмеў жартаваць. І з сябе пасмяяцца, і з іншых. Беларусы не выключэнне, – лічыць аўтарка кнігі.
Вяселле ў Шчонаве, 1975 год
Ала Петрушкевіч падкрэслівае, што для яе было важным нічога не прыдумваць, а толькі захаваць і напісаць з любоўю. Не засталося ў Шчонаве чалавека, з кім яна не пагаварыла б, каго не распытала б. За гэта, дарэчы, нядобразычліўцы яе нават папракнулі: «Навошта па хатах ходзіш і збіраеш няведама што?»
Разам з цёплымі і ўдзячнымі водгукамі шчонаўцаў за кнігу, якая назаўсёды застанецца помнікам вёсцы, пачула пісьменніца папрок: «Навошта нас прынізіла, мянушкі згадаўшы!?»
– Прызнаюся: абразлівыя мянушкі проста не падала ў кнізе. Каб не крыўдзіць, – падкрэслівае Ала Петрушкевіч. – Атрымала ад тых, ад каго і не думала, бо што непрыгожае ў той жа мянушцы Канцавы? Дазволю тут урывак з майго новага апавядання «Здымак»: «Любіла шчонаўскія мянушкі. Па-рознаму яны гучалі. То ласкава – Леснічок, Чорненькі, то грубавата – Корч, то са смяшынкай – Чубко, то ганарова – Ахвіцэр, Пасэсар, Барын».
Абразок «Я ж табе гэту дзеўку ў рыжуй сукенцы вывяду!»
Праца, цяжкая вясковая праца. Да знямогі. Асабліва летам. Палоць, жаць, лён рваць, касіць, сушыць, стагі класці... А яшчэ ж чорная, страшная – торф капаць. Я ўжо такое і не застала. Катаржная. Не іначай. Капалі той торф ля Дубровы, за чатыры кіламетры. З ног падалі. Гэтак стамляліся. Здавалася, дахаты б хутчэй, каб адпачыць, выспацца. Але вярталіся шчонаўскія дзяўчаты вечарам, неяк абмывалі з сябе бруд (лазняў ні ў кога не было). Вадзіца ажыўляла, здымала стому. І маладосць брала сваё. Збіраліся каля Пасэсаравага гумна і заводзілі песню. Любімаю была пра «дзевушку Тамару», «эту дзевушку в шэрэнькам плацье, эту дзеву Тамару-красу».
А песню пачуўшы, хлопцы падходзілі. І дзе ўжо тут пра сон думаць? Кароткая летняя ночка мінала як адно імгненне…
А назаўтра ранкам цётка Ганна Пасэсарава, маючы несканчоныя клопаты па гаспадарцы, на кухні, мусіла па некалькі разоў бегчы да таго гумна, каб падняць дзяўчат на працу. Будзячы-недабудзячыся сваю Ніну і яе сябровак, якія і начаваць заставаліся ў тым гумне, быццам у дзявочым інтэрнаце, куды хлопцы ніколі не дапускаліся, злавалася, прыгаворваючы: «Я ж табе гэту дзеўку ў рыжуй сукенцы вывяду!»
А назаўтра паўтаралася тое ж…
У кнізе пералічыны ўсе хаты, якія былі ў Шчонаве ў 60-ыя гады, зроблены перапіс жыхароў таго часу, а побач тое, што засталося сёння. Нямнога засталося. Нават 20 чалавек, што стала жывуць, не набярэцца.
– А хаты многія яшчэ добрыя. Каб толькі гаспадары знайшліся! Апошнія дзеткі шчонаўскія выехалі ў горад. Зразумела, што там лепей… Недзе чытала, што так і павінна быць. Неістотна, штучны гэты працэс ці натуральны, бо ненармальны, недарэчны. Як такое магло стацца, што добрыя хаты, зямелька, сады сталі нікому непатрэбнымі? – дзеліцца болем Ала Петрушкевіч.
Аднак яна верыць у цуд, што вернецца да жыцця яе Шчонава і ўсе тыя вёскі беларускія, «у якіх яшчэ жыццё цепліцца, якія яшчэ пакуль не зааралі, як заворваюць сёння шчонаўскія хутары».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное