Общество
Алена Струвэ, Радыё Свабода

Як ставяцца ў сьвеце да беларускага пашпарту?

Ад 15 траўня ў Беларусі пачалі выдаваць пашпарты новага ўзору. Паводле міжнародных стандартаў, фотакарткі ў новых дакумэнтах не ўклееныя, а адсканаваныя, дададзена болей за 10 новых элемэнтаў абароны. Тым часам міністэрства ўнутраных справаў Беларусі пакуль не рэкамэндуе выкарыстоўваць новыя пашпарты для вандровак за мяжу. Прычына ў тым, што памежныя службы ня ўсіх дзяржаваў папярэджаныя пра новаўвядзеньні. З пашпартам старога ўзору ў кішэні нашая карэспандэнтка Алена Струвэ наведала не адну краіну. Вашае ўвазе — яе нататкі.

Пасьля таго, як мне споўнілася 45 і я атрымала новы пашпарт тэрмінам на 55 год, памежнікі ўсіх краінаў (акрамя Беларусі) дэманструюць ў дачыненьні да мяне надзвычайную цікавасьць. Рэакцыя самая розная. Найбольш сымпатычным мне падаўся супрацоўнік аднаго з аэрапортаў ЗША. “Вы зьбіраецеся пражыць сто год?”, — засьмяяўся ён. — “О, гэта вельмі аптымістычна!”

Чэскі чыноўнік, ўбачыўшы мой пашпарт з тэрмінам дзеяньня ў 50 год, напачатку доўга маўчаў. Затым папрасіў дазволу паказаць мой дакумэнт калегу. Праз некалькі хвілінаў зь іншых вагонаў прыйшла, здаецца, уся зьмена. “Скажыце, гэта ўсім у Беларусі выдаюць пашпарты да стогадовага ўзросту?”, зьдзіўлена спытаўся чэскі памежнік.

Самым пільным кантралёрам аказаўся супрацоўнік нямецкай памежнай паліцыі. У выніку мая пэрсона апынулася ў цэнтры агульнай ўвагі ўсяго вагону цягніка Прага — Дрэздэн.

“У чым мае праблемы?”, запыталася я.

“У вас праз адныя лічбы на першай старонцы праступаюць іншыя, фотакартка пад плястыкам наклееная абы-як, акрамя таго, нейкі нерэальны тэрмін дзейнасьці пашпарту”, строга адказаў нямецкі памежнік.

“Да вас мой пашпарт трымалі дзясяткі нямецкіх памежнікаў, аднак ніхто не выказваў падобных прэтэнзіяў”, кажу я і ўзгадваю апошнюю рэзалюцыю Бундэстагу, дзе гаворыцца пра спрыяльную палітыку Бэрліну што да падарожжаў у ЭЗ шараговых беларускіх грамадзянаў. Пры канцы я называю імёны ўсіх знаёмых мне дэпутатаў Бундэстагу.

Цікавая асаблівасьць любога нямецкага цягніка. Тут у кожным вагоне заўсёды знойдзецца найменей адзін праваабаронца.

"Мы абавязкова напішам ліст да старшыні парлямэнцкай камісіі па правах чалавека", — абураецца мой новы знаёмы. — "У краіну апошнім часам трапляе столькі тэрарыстаў, а тут чапляюцца да сьціплай інтэлігентнай жанчыны".

Памежнік сыходзіць з вагону, уціснуўшы галаву ў плечы.

"Алена", — кажа мне сяброўка, — "падаецца, што тут, сапраўды, праступаюць нейкія іншыя лічбы ды й плястык прыклеены неяк неахайна". Я параўноўваю яе пашпарт са сваім і бачу ўсе хібы майго дакумэнту.

На зваротным шляху ў Прагу другі нямецкі памежнік ізноў пільна разглядае мой дакумэнт. Ён глядзіць у нейкія паперы і кажа: “Так, у беларусаў, сапраўды, дзейнічаюць менавіта такія пашпарты”. Мне раяць абавязкова браць з сабой яшчэ нейкі дакумэнт, які б сьведчыў пра маю асобу.

На разьвітаньне нямецкі памежнік просіць: “Калі ласка, перакажыце сваім уладам, каб яны не рабілі такіх пашпартоў”. Я не знаходжу, што адказаць і проста маўчу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)