Алесь Гальмак
Як стаць спонсарам новай кнігі Рыгора Барадуліна

Абвешчаны збор сродкаў на выданне ў серыі “Беларускі кнігазбор” выбраных твораў народнага пісьменніка Беларусі, намінанта на Нобелеўскую прэмію Рыгора Барадуліна. Падтрымаць гэтую кнігу сваім рублём – справа гонару кожнага.

“Беларускі кнігазбор” – гэта праект, які не мае аналагаў у гісторыі нацыянальнага кнігавыдавецтва. У гэтай цудоўна складзенай і густоўна аздобленай серыі ўжо выйшаў 41 том. Атрымліваецца сапраўдная бібліятэка беларускай класікі.

Але, каб справа рухалася далей, выдавецтву неабходная фінансавая падтрымка. Бо гэта ж, прабачце, не Дар’ю Данцову штампаваць: класічная літаратура, на жаль, сёння карыстаецца іншым попытам.

Зараз у “Кнігазборы” ўжо падрыхтаваныя да друку “Выбраныя творы” Рыгора Барадуліна. Выданне кнігі плануецца ў красавіку-траўні 2008 г. У гэты том аб’ёмам 640 старонак увойдуць лепшыя вершы, паэмы і проза Барадуліна, а таксама зробленыя ім пераклады з Уільяма Шэкспіра, Джорджа Байрана, Федэрыка Гарсія Лоркі ды іншых паэтаў.

-- Выданне сур’ёзнай класічнай літаратуры ўсюды з’яўляецца стратным, -- кажа дырэктар “Кнігазбору” Генадзь Вінярскі. -- Выпуск класікі магчымы толькі пры шырокай падтрымцы грамадскасці. Для таго, каб кнігу змаглі набыць студэнты, пенсіянеры, работнікі культуры, мы ўсялякімі сродкамі змяншаем яе сабекошт, у тым ліку з дапамогай спонсарскіх грошай.

Спонсарам “Выбраных твораў” Рыгора Барадуліна можа стаць не толькі буйная камерцыйная фірма, але і любы грамадзянін Беларусі. У рэшце рэшт, ахвяраванне –гэта не абавязкова мільён ці два. Выдавецтва гарантуе мэтавае выкарыстанне грошай і фінансавую справаздачу. Па жаданню ахвярадаўцы, яго імя (ці назва арганізацыі) будуць згаданы на старонках кнігі.

Тым, хто жадае сваім рублём падтрымаць гэты праект, прапануецца звяртацца ў выдавецтва “ Кнігазбор” па тэлефонах: (017)204-86-97 (гарадскі), (029)772-19-14 (МТС), (029)912-83-86 (Velcom).

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)