Общество
Дзмітры Гурневіч, «Белорусский партизан»

Як самагоншчык выратаваў 500 чалавек

Адразу пасля захопу немцамі Заходняй Беларусі ў 1941 годзе пачалося паляванне на беларускіх габрэяў. Нямногім удалося ўцячы на савецкую тэрыторыю. Па загадзе НКВД, габрэяў, якія хацелі перайсці былую польска-савецкую мяжу, расстрэльвалі на месцы.

Немцы амаль адразу пачалі ствараць гета і праводзіць масавыя экзэкуцыі. Адзінымі, на чыю дапамогу маглі спадзявацца габрэі – было мясцовае насельніцтва. Тысячы беларусаў, рызыкуючы жыццём, ратавалі сваіх былых суседзяў. Абсалютна ўнікальным выпадкам з’ўляецца гісторыя беларускага селяніна з-пад Наваградка Косціка Казлоўскага (на фота). Ён дапамагаў габрэям усю вайну і выратаваў ад Халакосту больш за пяцьсот чалавек.

За сталом пры гарэлцы сядзяць двое мужчын. Побач незадаволена завіхаецца жанчына. Гаспадар дае госцю пісталет і чатыры патроны. Мужчыны выпіваюць па чарцы за памерлых. Раптам з-за вакна ў хату залятаюць промні святла, чуваць гук машыны. Да гаспадара у пошуках габрэяў прыязджаюць паліцаі. «Хутка ў хлеў» - загадвае ён госцю. Той бяжыць да прыбудоў і залазіць па драбіне на гарышча. Там ужо хаваюцца каля дзясятка чалавек. Гэта ўцекачы з наваградскага гета. Пакуль гаспадар гамоніць з паліцаямі, яны затаіўшы дыханне чакаюць. Калі паліцыя ад'язджае мужчына з групай габрэяў сыходзяць у лес. Праз пару дзён гаспадара вешаюць немцы і прымацоўваюць да цела шыльду: «Аматар жыдоў». Гэта сцэны з нашумелага галівудскага фільму «Выклік» з Даніэлем Крэйгам у галоўных ролях.

Гаспадар – беларускі селянін Косцік Казлоўскі, які жыве на хутары ля вёскі Макрэц пад Наваградкам. Ягоны госць – Тувія Бельскі, кіраўнік габрэйскага партызанскага атрада, заснавальнік ляснога лагеру «Ерусалім» ў Налібоцкай пушчы.

Смерць Казлоўскага – гэта мастацкая фікцыя. Насамрэч ён пражыў доўгае жыццё і памёр маючы амаль 100 гадоў. Аднак яшчэ большай рэжысёрскай выдумкай з’яўляецца прадстаўленне яго героем другога плану. Рэальны Косцік Казлоўскі ратаваў габрэяў 3 гады – ад прыходу немцаў і ажно да іх уцёкаў з Беларусі.

Нарадзіўся Косцік Казлоўскі ў 1886 годзе на хутары Макрэц ля Наваградка. Бацька Рыгор працаваў на млыне ў пана Мэрца. Сям’я Казлоўскіх была небагатая, мела ўсяго 1,5 гектары зямлі. З братамі Бельскімі малы Кастусь сябраваў з дзяцінства. Яны былі суседзямі. Родная вёска Бельскіх, Станкевічы, знаходзілася ўсяго ў кіламетры ад дому Казлоўскіх. Ад малога Косцік умеў размаўляць на ідыш. Яшчэ дзіцем бацькі аддалі яго на навуку мясцоваму габрэю-шаўцу. Ад яго Косцік і навучыўся свабодна размаўляць на мове суседзяў-габрэяў.

На жыццё Казлоўскія зараблялі дробным гандлем. Косцік ездзіў на кані па навакольных вёсках, прадаваў і скупляў тавар. Быў вядомым у наваколлі самагоншчыкам. Смак яго “сівухі” ведалі і савецкія партызаны, і габрэі з атраду Бельскага і мясцовыя паліцаі. Косціка ведалі ўсе, а ён, дзякуючы гэтаму, ведаў пра ўсё, што адбывалася навокал.

Першая жонка Косціка памерла падчас родаў у 1938 годзе. Ён сам гадаваў пецярых дзяцей. Суседзі яго амаль не заўважалі. Казлоўскі займаўся сваёй справай, жыў на водшыбе, непадалёк ад шашы Наваградак-Ліда. З дарогі яго хутар быў нябачны, вяскоўцы не ведалі, чым займаецца іх сусед. Ды і характар у яго быў такі, што не любіў быць у цэнтры ўвагі, быў негаваркі і сціплы.

Увосень 1941 году, калі немцы пачалі арганізоўваць у Наваградку гета, нямногім габрэям удалося збегчы. Сярод шчасліўцаў быў Тувія Бельскі з жонкай і братамі. Жонка Бельскага, дарэчы, стала першай, каго Казлоўскі хаваў на сваім хутары.

Улетку нацысты праводзяць другую буйнамаштабную акцыю па ліквідацыі габрэяў у Наваградку. Гіне каля 5 тысяч чалавек. Тувія Бельскі просіць Косціка, каб той пайшоў у гета і перадаў яго дваюраднаму брату Іехуду ліст. У ім Тувія просіць далучацца да габрэйскага партызанскага атраду ў пушчы. Іехуда збіраўся ўцякаць і раней, але яго напалохалі чуткі аб тым, што савецкія партызаны забілі некалькі ўцекачоў з гета, прыняўшы іх за нямецкіх шпіёнаў. Атрымаўшы ліст ад брата, Іехуда доўга не думае. Разам з ім уцякае 7 чалавек.

Яны не адразу знаходзяць хутар Казлоўскага, блукаюць па лесе. 11-кіламетровы шлях ад Наваградка заняў ім усю ноч. Першым у хату ідзе Іехуда. Прывітаўшы стомленага прышэльца Косцік кажа хлопцу, што той толькі што размінуўся з Тувіям. “Але на хвалюйся – кажа Косцік – яны часта прыходзяць. Неўзабаве вернуцца”. У лесе хаваецца рэшта групы. Косцік перадае ім малако і хлеб, рыхтуе начлег: бульбяную яму пры самым лесе. Прыкрыўшы яму драўлянай дошкай, Косцік засыпае яе зверху саломай і смеццем. Гэтая бульбяная яма выратуе яшчэ не адно жыццё. Ранкам Косцік корміць уцекачоў сняданкам: хлебам, кілбасой, налівае па чарцы самагонкі. На раніцу на хутары з’яўляецца Тувія і забірае шчасліўцаў у глыб пушчы.

Праз некалькі дзён людзі з групы Іехуды выпраўляюцца ў Наваградак, каб забраць з гета ў лес сваіх сяброў. Сярод вязняў ужо ходзяць чуткі пра лясны атрад братоў Бельскіх і перавалачны пункт у Казлоўскага ля лідскай шашы. Са жніўня да верасня з гета ўцякае ўсё больш і больш людзей. Ладная частка з іх спыняецца ў доме Казлоўскага. Некаторыя ж ідуць наўпрост у лес, бо не давяраюць нікому. Кагосьці да Косціка прыводзяць знаёмыя. Але пра ратаўніка габрэяў у ваколіцы ведаюць адзінкі.

Айк Бэрнштэйн з двума сябрамі трапляе на хутар Казлоўскага выпадкова. Блукаўшы па лесе ўсю ноч яны выходзяць у Макрэц. Косцік слухае іх гісторыю і з усмешкай кажа: “Ну вы хлопцы і шчаслівыя. Будзеце жыць”. Гаспадар размяшчае гасцей у пуні. Там яны адпачываюць пасля начных прыгодаў. Ранкам Косцік рыхтуе гасцям лазню і бялізну. Каб падсілкавацца - бульба з хлебам. Праз чатыры дні партызаны Бельскага забіраюць небарак у лес.

Калі ў «Ерусаліме» былі патрэбныя лекі, Казлоўскі ішоў у Наваградак і здабываў іх. Па дарозе ён заходзіў у гета і перадаваў вязням лісты ад Тувіі. Чаговымі адрастамі сталі 20-ці гадовая Рая Каплінская і яе 11 сяброў. Яны ўцякалі праз дзірку ў плоце, але немцы іх заўважылі і адкрылі агонь. Уцекачам цудам удалося ацалець. Праз пару гадзін яны трапляюць на хутар Косціка, а ранкам Арон Бельскі забірае іх у лес.

Два сховішчы Косцік падрыхтаваў і ў хаце - гэта паддашша і яма пад падлогай у кухні. На гарышчы змяшчалася 8 чалавек. У яме пад кухняй - трое. Абодва сховішчы выкарыстоўваліся толькі ў выключных выпадках. Калі на двары з’яўляліся паліцаі, то Косцік не рызыкаваў і не выпраўляў габрэяў у лес. У самы крытычны момант яны хаваліся ў хаце.

Тым часам мясцовае насельніцтва пачынае скардзіцца партызанам, што габрэі забіраюць у іх апошнія харчы. Саветы лютуюць. Адзін з партызанскіх камандзіраў Віктар Панчанкаў прымае рашэнне знішчыць лагер Бельскіх і пакараць смерцю ўсіх без выключэння габрэйскіх партызнаў. Пра гэта дазнаецца Косцік і перадае Тувіі. Дзякуючы Казлоўскаму адбываецца сустрэча паміж Панчанкам і Бельскім. Ім цудам удаецца дамовіцца не пераступаць адзін аднаму дарогу. Панчанкаў даруе габрэям жыццё.

Узімку 1942 году ваколіца замірае ў жаху. Немцы забіваюць сям’ю Баброўскіх. Жонка з мужам, як і Косцік, хавалі ў сябе ўцекачоў з гета. Баброўскіх расстрэлялі, хату падпалілі, а шасцярых дзяцей адправілі ў канцэнтрацыйны лагер у Нямеччыну.

Падобны лёс чакае і брата Косціка. Іван Казлоўскі працаваў паліцаем у Наваградку. Але сваю пасаду ён выкарыстоўвае для таго, каб дапамагаць габрэям арганізоўваць ўцёкі, здабываць для Бельскіх зброю і збіраць неабходную інфармацыю. Дзякуючы яму Косцік ведаў усё, што адбываецца ў гета і якія планы ёсць у немцаў. У апошнія дні жыцця Іван быццам адчуваў, што смерць можа стаць рэальнасцю. Ён гадзінамі сядзіць у братавай хаце і глядзеў у пустэчу. Іван прадучваў, што начальства ведае пра яго ролю, але ён не ратаваў сябе, а працягваў дапамагаць габрэям і партызанам. Немцы яму не даравалі. Івана застрэлілі і спалілі ў адрыне ля лідскай шашы.

Ані забойства Баброўскіх, ані трагедыя з братам не спыняюць Косціка. Ён працягвае дапамагаць габрэям і робіць гэта яшчэ больш адважна. Калі Тувія некалькі дзён не прыходзіць за новымі ўцекачамі з гета, Косцік заводзіць іх у пушчу самастойна.

4 лютага немцы прымаюць рашэнне ліквідаваць гета ў Наваградку. Чатары сотні габрэяў перавозяць у Літоўку, расстрэльваюць і засыпаюць у яме.

Інфармацыя пра дзейнасць Косціка ўсё ж даходзіць да немцаў. Адным вясеннім ранкам на хутары з’яўляюцца паліцаі. Самога 47-гадовага гаспадара няма. За тое ёсць ягоныя дзеці. Ім удаецца схавацца. Паліцаі забягаюць у хату і пачынаюць страляць без разбору, спрабуючы куляй знайсці Косціка. Залазяць на паддашша і пачынаюць каламі шукаць у сене жывое. Толькі цудам яны не знаходзяць трох габрэйскіх дзяцей, якія хаваліся на гарышчы. Так і не знайшоўшы ані “жыдоў”, ані Косціка, паліцаі цалкам нішчаць гаспадарчыя пабудовы. Дачка Таіса паспявае ўцячы да дзядзкі, які жыве побач. Дзяўчынка хаваецца пад ложкам стрыечнай сястры.

У гэты час паліцаі пачынаюць допыт малодшага сына Косціка. Хлопец маўчыць. Яго кладуць на лаўку і пачынаюць лупцаваць стальнымі прутамі. Сын так і не раскрыўшы дзе бацька, страчвае прытомнасць. Паліцаі ідуць у дом брата. Адзін з іх заглядае пад ложка і выцягвае Таісу. “Дык вось дзе ты, жыдоўскае дзіця” – цягнучы за валасы малую крычыць паліцай. Гаспадары бажацца, што мала іхная, Казлоўская. Паліцая супакойвае калега: “Гэта ж дзіця, што ў цябе сваіх няма, не чапай яе”. З сабою “вароны” забіраюць малодшага Косціка і кідаюць яго на дарозе непадалёк ад вёскі. Хлапцу пашанцавала, яго знайшлі сябры і прывялі дадому. Некалькі наступных месяцаў Кастусь вяртаўся да здароўя.

Пасля гэтага выпадку дом Косціка не мог больш быць бяспечным месцам не толькі для габрэяў, але і для ягонай сям’і. Казлоўскія перабіраюцца ў лес і жывуць разам з тымі, каго яшчэ нядаўна самі ратавалі ад смерці.

З лесу Казлоўскія выходзяць праз некалькі месяцаў, пасля ўцёкаў немцаў 9 ліпеня 1944 году. Але на хутар яны ўжо не вяртаюцца. Косцік з сынамі будуе новы дом у вёсцы Лаўцы, дзе да пенсіі працуе загатоўшчыкам. У наваколлі застаецца жыць і некалькі габрэяў, якія за свае жыцці ўдзячныя Косціку. Аднак большасць з выжыўшых выязджае праз Польшчу ў Ізраіль. А частка, як Бельскія, перабіраецца ў ЗША. З Казлоўскім яны больш ніколі не бачацца, некаторыя час ад часу пішуць яму лісты, высылаюць пасылкі. 12 ліпеня 1981 года, ва ўзросце 95 год, Косцік памірае. Яго хаваюць на мясцовых могілках.

22 снежня 1993 года Косцік Казлоўскі (пасмяротна) і яго старэйшыя сыны Генадзь і Ўладзімір атрымалі званне «Праведнікаў народ свету». Паводле камісіі Яд Вашэм, цягам трох гадоў вайны Казлоўскія ўратавалі ня менш за 500 габрэяў.

У часы калі адвага і спагада былі ў дэфіцыце, калі кожны справядліва клапаціўся пра сябе і сваю сям'ю, Косцік Казлоўскі паказаў прыклад незвычайнай чалавечнасці. У яго не было сувязяў і грошай Оскара Шындлера, каб «адкупіць» габрэяў. Ён не мог разлічваць на дапамагу 350 супрацоўнікаў і дыпламатычны імунітэт, як славуты Рауль Валенберг. Косціку дапамагалі дзеці і грошы, выручаныя за продаж самагонкі.

Без Косціка Казлоўскага не было б геройскай гісторыі братоў Бельскіх, якія выратавалі ад смерці больш за тысячу габрэяў у налібоцкіх лясах.

Пасля вайны пра яго не пісалі кніг і не здымалі фільмаў. Гісторыя Косціка Казлоўскага стала вядомай толькі пасля ягонай смерці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)