Общество

Як «Россотрудничество» заняло менскую кватэру «идейного батьки» беларускіх нацдэмаў

Пра кватэру прафэсара БДУ Мітрафана Доўнара-Запольскага піша журналіст Радыё Свабода Сяргей Абламейка.

У апошні прыезд у Менск захацелася мне неяк вечарам падысьці да дому, дзе ў 1925-26 гадах жыў выдатны беларускі гісторык, тагачасны прафэсар БДУ Мітрафан Доўнар-Запольскі. Убачанае прымусіла напісаць гэты тэкст.

Адзін з бацькоў сучаснай Беларусі

Жыцьцё пасьля рэвалюцыі ня песьціла славутага гісторыка. Пасьля прафэсарства ў Маскоўскім і Кіеўскім ўнівэрсытэтах і рэктарства ў Кіеўскім камэрцыйным інстытуце Доўнар-Запольскі ў 1918 годзе з галавой акунаецца ў беларускі нацыянальны рух і робіцца адным зь дзеячаў БНР.

Ён ўзначальвае Беларускую гандлёвую палату ў Кіеве, удзельнічае ў працы дыпляматычнай місіі БНР ва Ўкраіне, складае дэталёвы праект заснаваньня Беларускага ўнівэрсытэту і піша «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», перакладзеныя пасьля на асноўныя эўрапейскія мовы і прадстаўленыя ўдзельнікам Вэрсальскай мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы. У траўні 1919 году ўрад БНР запрашае яго на пасаду міністра фінансаў.

Але БНР прайграе, сыны Ўсевалад і Вячаслаў гінуць у Грамадзянскую вайну на баку чырвоных, сам прафэсар спрабуе зноў выкладаць і аказваецца спачатку ў Харкаве, а пасьля ў Баку.

У 1925 годзе ён прымае запрашэньне Наркамасьветы БССР і пераяжджае ў Менск. Яго абіраюць правадзейным сябрам Інбелкульту, старшынём Гісторыка-археалягічнай камісіі Інбелкульту і прызначаюць прафэсарам катэдры гісторыі Беларусі ў БДУ.

У гэты час ён піша славутую «Гісторыю Беларусі», якая ў лютым 1926 году асуджаецца ЦК КП(б)Б як нацыянал-дэмакратычная праца і канфіскуецца. Рукапіс кнігі цудам захаваўся і быў выдадзены асобным выданьнем толькі ў 1994 годзе.

Гэтая кніга стала падставай высылкі навукоўца зь Менску ўжо ў верасьні 1926 году. На любай радзіме яму дазволілі папрацаваць усяго паўтара года.

За што я ўзношу яго на вяршыню беларускага пантэону

Мітрафан Доўнар-Запольскі — адзін з маіх улюбёных беларускіх герояў-падзьвіжнікаў. Яго лёс, даробак і постаць дагэтуль малавядомыя і недаацэненыя. Калі я думаю пра яго, у мяне кружыцца галава.

Толькі ўдумайцеся! Гэты чалавек пачаў сваю палымяную прабеларускую публіцыстычную і навуковую працу ў 16 гадоў — у 1883, будучы вучнем Мазырскай прагімназіі, а пасьля Кіеўскай гімназіі.

Яшчэ вучнем гімназіі ў 1888 годзе ён выдаў першую сваю кнігу — «Белорусская свадьба и свадебные песни (этнографический этюд)».

Да канца 1880-х гадоў вучань старэйшых клясаў гімназіі і студэнт 1-га і 2-га курсаў Кіеўскага ўнівэрсытэту Мітрафан Доўнар-Запольскі апублікаваў многія дзясяткі (!) публіцыстычных і навуковых артыкулаў у «Русскай мысли», «Этнографическом обозрении», «Живой старине», «Киевскай старине», «Виленском вестнике», «Гроденских губернскиех ведомостях», «Минских губернских ведомостях», «Минском листке» і ншых выданьнях. Гэтая спадчына дасюль не сабраная і не прааналізаваная. Тэматыка публікацый самая разнастайная — этнаграфія, гісторыя беларускай літаратуры, творчасьць Дуніна-Марцінкевіча, скарыназнаўства, палеміка з заходнерусістамі і т. д.

Гэта было вялікае шчасьце Беларусі, што юнаком Мітрафан Доўнар-Запольскі трапіў у Кіеў. Яго патрыятычны сьветапогляд, як праз 70 гадоў і сьветапогляд Уладзімера Караткевіча, быў сфармаваны пад уплывам украінскага нацыянальнага руху. Забароненымі кніжкамі, якія ў 1888 годзе былі канфіскаваныя ў кіеўскага гімназіста Доўнар-Запольскага, былі паэма Тараса Шаўчэнкі «Марыя», зборнік «Грамада» і іншыя ўкраінскія выданьні, якія ён набыў падчас падарожжа з бацькамі ў Баўгарыю.

У выніку ўжо ў 21 год у сямі нумарах газэты «Минский листок» Доўнар-Запольскі друкуе сваю працу «Белорусское прошлое: (По поводу статьи А. Пынина, напечатанной в „Вестнике Европы“ 1887 года)».

У гэтым творы, яшчэ да паступленьня ва ўнівэрсытэт, малады беларускі нацыяналіст палемізуе зь Міхаілам Каяловічам і яго пасьлядоўнікамі і акрэсьлівае галоўныя моманты сваёй будучай канцэпцыі нацыянальнай гісторыі беларусаў, нашай этнічнай і нацыянальнай самабытнасьці.

Беларускі прафэсар Дзьмітры Караў у 1994 годзе пісаў, што ў 80-я гады ХІХ стагодзьдзя менавіта Доўнар-Заполські першым паставіў пытаньне пра існаваньне беларускай нацыі.

Вось цытата, якая паказвае, што Доўнар-Запольскі ўжо ў 1888 годзе лічыў беларускі народ старым і даўно сфармаваным: «Народ, пазбаўлены палітычнага жыцьця, задушаны ўнутраным прыгнётам, часам на цэлыя стагодзьдзі сыходзячы з палітычнай арэны, як бы заміраючы, такі народ, калі ён не страціў сваёй мовы, этнаграфічных асаблівасьцяў і іншага, зноў выходзіць на арэну, калі не палітычнага, то прынамсі разумовага сацыяльнага жыцьця».

Праз год студэнт-першакурснік Кіеўскага ўнівэрсытэту выдае два тамы беларускага гісторыка-літаратурнага альманаху «Календарь Северо-Западного края на 1889 год» і «Календарь Северо-Западного края на 1890 год». Трэці том на 1891 год быў таксама падрыхтаваны, але ня выйшаў друкам з прычыны браку грошай.

У мяне такое ўражаньне, што менавіта Мітрафана Доўнар-Запольскага, а не Вацлава Іваноўскага і братоў Луцкевічаў трэба называць бацькам сучаснай беларушчыны. Або, прынамсі, называць гэтыя імёны побач.

Усеагульны любімец

Малады Доўнар-Запольскі быў такі актыўны, такі таленавіты і такі вядомы, што зь ім насіліся многія знакамітыя навукоўцы і дзеячы культуры.

Ім апякуецца славуты член Кракаўскай акадэміі ведаў, беларускі краязнавец, гісторык, літаратар, этнограф і публіцыст Аляксандар Ельскі. Ён піша водгукі на публікацыі Доўнар-Запольскага, рэкамэндуе яго выдаўцам і нават дбае пра ганарары для маладога навукоўца.

Нягледзячы на выключэньне з гімназіі за захоўваньне забароненай літаратуры, Доўнар-Запольскага прынялі ва ўнівэрсытэт, а пасьля заканчэньня, не зважаючы на нагляд паліцыі, накіравалі ў Маскву на працу і працяг навукі. Ён стаў прафэсарам Маскоўскага ўнівэрсытэту яшчэ да абароны доктарскай дысэртацыі!

Калі Доўнар-Запольскі быў толькі прыват-дацэнтам і магістрам гісторыі, Леў Талстой прасіў яго стаць рэдактарам новага часопісу «Утро», які знакаміты пісьменьнік зьбіраўся выдаваць, і які ня выйшаў толькі таму, што быў забаронены цэнзурай...

Назад з Масквы ў Кіеў яго перацягнулі славутыя прафэсары-гісторыкі Ўладзімер Антановіч і Міхайла Грушэўскі. Усе яго любілі і цанілі.

Дзе была менская кватэра Доўнар-Запольскага

У адзін зь вечароў падчас свайго апошняга прыезду ў Менск захацелася мне пайсьці пастаяць пад вокнамі менскай кватэры Мітрафана Доўнар-Запольскага. Я так часта раблю — проста іду на месца, якое зьвязана з гісторыяй старога Менску, і рэфлексую, разважаю, думаю.

Бывае, пастаю на рагу вуліц Шпалернай і Вызваленьня каля апошняй захаванай часткі менскага гарадзкога валу XVII-XVIII стагодзьдзяў. Або падымуся на вуліцу Мельнікайце, былую Ратамскую, каб пастаяць каля месца, дзе ў вайну жыў Вацлаў Іваноўскі.

Здараецца спыніцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай (былой Валоцкай) насупраць месца, дзе да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя стаяў менскі палац Сапегаў і т. д.

Гэтым разам захацелася падысьці да дому па адрасе Рэвалюцыйная, 15а, які стаіць у двары колішняга Інбелкульту (цяпер Рэвалюцыйная, 15).

Доўнар-Запольскі займаў увесь другі паверх.

У 1925 годзе Доўнар-Запольскі, пераяжджаючы ў Менск з Баку, зь вялікімі цяжкасьцямі прывёз і сваю велізарную бібліятэку. Казалі, што яе везьлі ў Менск асобным вагонам. Паводле розных ацэнак, яна налічвала ад 15 да 25 тысяч тамоў.

Таму, нягледзячы на востры дэфіцыт жыльля ва ўмовах «мешканцовага крызісу» сярэдзіны 1920-х гадоў у Менску, Доўнар-Запольскаму аддалі пад кватэру цэлы другі паверх дому ў двары Інбелкульту.

Сьцены кватэры ад падлогі да столі былі абстаўленыя простымі паліцамі з сасновых дошак, а да іх ва ўсіх пакоях былі прыстаўленыя сасновыя драбіны, каб можна было дабрацца да верхніх паліц.

Пасьля высылкі зь Менску славуты навуковец вырашыў падараваць бібліятэку, якую за свае грошы зьбіраў усё жыцьцё, Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту. Але ўнівэрсытэту прыняць кнігі не дазволілі. Таму яны спачатку аказаліся ва ўласнасьці Інбелкульту, а пасьля сталі асновай калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У кастрычніку 1926 года ОГПУ БССР сакрэтна тэлеграфавала ў Маскву: «По нашему настоянию видный идеолог движения — профессор Довнар-Запольский принужден был покинуть пределы Б. С. С. Р., Некрашевич, Смолич, Дыло, Красинский, Середа и многие другие были сняты со всех своих постов и поставлены на другую работу».

Тут яго яшчэ называюць «видным идеологом движения», але ў 1932 годзе С.Вальфсон у зборніку «Наука на службе нацдемовской контрреволюции» сфармуляваў больш дакладнае азначэньне ролі славутага прафэсара ў нацыянальным руху, назваўшы яго «идейным батькой» нацдэмаў.

Суседзкая тэрыторыя

Менавіта ў менскай кватэры Доўнар-Запольскага адбываліся нефармальныя пасяджэньні Гісторыка-археалягічнай камісіі Інбелкульту і некаторых іншых камісіяў, членам якіх быў прафэсар.

У пасяджэньнях бралі ўдзел Сьцяпан Некрашэвіч, Зьміцер Даўгяла, Васіль Друшчыц, Язэп Дыла, Мікола Касьпяровіч, Аркадзь Смоліч, Канстанцін Палікарповіч, Павел Харламповіч, Браніслаў Эпімах-Шыпіла і многія-многія іншыя. Для мяне асабліва важна, што там бываў і другі мой беларускі герой — Мікола Шчакаціхін.

Мітрафан Доўнар-Запольскі з жонкай Надзеяй.

Ішоў я туды і ўяўляў сабе Доўнар-Запольскага, які са сваёй маладзейшай за яго на 27 гадоў жонкай Надзеяй стаіць каля ўваходу — пацёртыя гарнітур і палітон, кучаравыя валасы і нязьменная, ссунутая набок кепка.

Мікола Ўлашчык пісаў, што менавіта так апраналася небагатая беларуская шляхта, да якой Доўнар-Запольскі і належаў.

А побач з парай Доўнар-Запольскіх стаіць адзін з самых вялікіх моднікаў Менску 1920-х гадоў — Мікола Шчакаціхін у сінім драпавым паліто, паласатым гарнітуры, хвацкіх чаравіках з доўгімі насамі і з рукапісам першага тому «Гісторыі беларускага мастацтва» ў руках.

Менавіта ў гэтым доме Шчакаціхін прэзэнтаваў першы том сваёй фундамэнтальнай працы і прадставіў плян-праекту ўсяго выданьня, якое мела налічваць шэсьць тамоў. Яму, аднак, напісаць іх не далі. Падышоў я да таго дамка і зразумеў, што парэфлексаваць не атрымаецца.

Увесь будынак цяпер займае «Российский центр науки и культуры» з агароджай і машынамі з дыпляматычнымі нумарамі.

Мне заўсёды думалася, што адрас Рэвалюцыйная, 15а — гэта месца для будучага музэю Мітрафана Доўнар-Запольскага. Але аказалася, што гэта — суседзкая тэрыторыя. Сумная сымболіка. І паказальная.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(32)