Як расейская прапаганда падае падзеі ў Казахстане

Не прайшло і некалькіх дзён ад пачатку казахстанскіх падзеяў, як расейская і беларуская прапаганда зразумела, што ня варта прыдумляць нічога новага, і пачала карміць сваіх спажыўцоў знаёмымі хадамі і «аргумэнтамі», піша Віталь Цыганкоў на Радыё Св*бода.

Сілавікі на вуліцах Алматы. 6 студзеня 2022

Яшчэ на пачатку пратэстаў яны маглі блытаць «пратэстоўцаў» і «тэрарыстаў», як паказана ў гэтым твіце, але даволі хутка хор загаварыў адзіным голасам.

Яшчэ 5 студзеня прэс-сакратар Пуціна называў падзеі ў Казахстане ўнутранымі праблемамі краіны, але ўжо на наступны дзень у МЗС Расеі заявілі, што падзеі ў Казахстане разглядаюцца Расеяй як інсьпіраваная звонку спроба гвалтоўным шляхам падарваць бясьпеку і цэласнасьць дзяржавы.

Ясна, што калі трэба ідэалягічна абгрунтаваць увядзеньне ў краіну замежных войскаў, то не абысьціся бяз вэрсіі пра абарону ад замежнага ўмяшаньня. Прадстаўляць любы ўнутраны крызіс як замежную агрэсію — у савецкай традыцыі, якая менавіта гэтым тлумачыла ўвод войскаў у Вугоршчыну, Чэхію і Афганістан.

Мы назіралі гэта ў Беларусі падчас падзеяў 9–12 жніўня 2020 году. Тады некалькі дзён пасьля галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах расейская прапаганда ня мела дакладнай устаноўкі, як рэагаваць на зьверствы на вуліцах беларускіх гарадоў — тым больш што пад гарачую руку беларускіх сілавікоў траплялі і расейскія журналісты. Але як толькі стала зразумела, што Лукашэнка пайшоў на паклон да Масквы, дык расейская прапаганда хуценька зацягнула сваю звыклую песьню пра захад і лялькаводаў.

Пры гэтым можна не сумнявацца, што калі б казахстанскія пратэстоўцы і «пагромшчыкі» выходзілі з прарасейскімі лёзунгамі і настроямі, то расейская прапаганда ўхваляла б іх, выстаўляла б іх як герояў, змагароў за справядлівасьць — прыблізна як прарасейскіх ваеўнікоў на Данбасе.

Людзі выходзяць на вуліцы ад жабрацтва і несправядлівасьці. Але расейская і беларуская прапаганда ўсё роўна запісвае іх у заходнія агенты. Пры тым, што казахстанскія падзеі яўна не былі пратэстам хіпстэраў і сярэдняй адукаванай клясы. Тыя кадры, якія мы бачым, акурат пераконваюць, што гэта быў пратэст самых звычайных людзей, магчыма, нават пераважна незаможных, сацыяльна неабароненых. Тыя зь іх, хто з кіямі кідаўся на міліцыянтаў, — наўрад ці чыстыя прыхільнікі павагі да закону і парлямэнцкай дэмакратыі. А іх туды ж — у заходнія агенты.

Але беларуская і расейская прапаганда не зьвяртаюць увагі на канкрэтыку. Любыя выступы ў любой форме супраць уладаў адразу малююцца як рука Захаду, замежнае фінансаваньне, зьнішчэньне стабільнасьці і гэтак далей. Прытым кормяць гэтымі казкамі шырокую публіку нават у тых выпадках, калі выступы ня маюць ніякай геапалітычнай накіраванасьці і нават дэ-факта могуць у канчатковым выніку прынесьці карысьць Расеі.

Як іранічна адзначыў калега Яраслаў Шымаў, «самы кайф сытуацыі з Казахстанам у тым, што гэта рай для кансьпіролягаў самых розных, нават процілеглых кірункаў». То бок падзеі ў Казахстане пры жаданьні і адпаведным настроі можна ацэньваць і як змову Масквы дзеля большай залежнасьці казахстанскага кіраўніцтва ад Расеі, «Пуцін зноў усіх перайграў», — і як гульню ЗША ў «подбрюшье» Расеі, кіраваны хаос, аслабленьне Расеі і Кітаю і перамогу Вашынгтону.

Для кансьпіролягаў і прапагандыстаў няма такога паняцьця, як свабодная воля свабодных людзей, іхныя эмоцыі, жаданьні і пачуцьці. Любы радок у СМІ, любую спантанную акцыю пратэсту яны заўсёды тлумачаць дзеяньнямі таямнічых лялькаводаў, якія кажуць тысячам людзей, што і як рабіць, што адчуваць, што любіць, а што ненавідзець, калі сядзець дома, а калі выходзіць на вуліцы. Для расейскіх і беларускіх прапагандыстаў кожны чалавек, які ў нейкай форме выступае за перамены, супраць аўтарытарнай улады, — апрыёры замежны агент.

Калі я быў у РАУСе, а потым на Акрэсьціна 12–13 жніўня 2020 году, то ў кожнай размове сілавікоў з затрыманымі я чуў пытаньне: «Колькі вам заплацілі?». Спачатку я думаў, што яны прыколваюцца. Потым вырашыў, што яны выконваюць нейкі рытуал перад начальствам. Але ў канцы дня ў мяне сасьпела разуменьне, што некаторыя зь іх сапраўды ў гэта вераць, што гэта ўбілі ў іхныя галовы за месяцы інфармацыйнай падрыхтоўкі-напампоўкі.

Для гэтых сілавікоў, не абцяжараных глыбокім інтэлектам і верай у прагрэс, не бывае шчырых парываў, не існуе барацьбы за справядлівасьць, не існуе жаданьня людзей жыць сумленна і прыстойна. Ёсьць толькі адпрацоўка грошай сваіх гаспадароў. Такую карціну сьвету малюе аўтарытарная прапаганда ў аўтарытарных дзяржавах.

Што называецца, па сабе мяркуюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(30)