Общество

Як працуюць сілавікі па справе аб «генацыдзе беларускага народа»

У Беларусі Генпракуратура завяла справу «аб генацыдзе беларускага народа» падчас Другой сусветнай вайны. Як на практыцы праходзіць следства? «Наша Ніва» знайшла сведкаў.

Канцлагер у Азарычах, Гомельская вобласць

Жыхар невялікага пасёлка расказаў, што да яго бабулі следчы прыехаў разам з журналістам, які рабіў матэрыял пра тое, як беларусы пацярпелі падчас вайны.

— Бабуля была дзіцём у вайну, потым яе часта запрашалі ў школу расказваць сучасным дзецям пра гэта. На мінулым тыдні ёй званілі з праваахоўчых органаў, прасілі аб сустрэчы, у выніку прыехаў следчы і журналіст — бабулю вазілі па ваколіцах, яна расказвала тое, што звычайна расказвае дзецям.

Па выніках гэтага былі напісаны паперы, са зместам якіх яе не азнаёмілі, што асобна мяне засмуціла — яна нібыта падпісвала таксама і пустыя аркушы.

Хаця пры званку ёй і казалі, што гэта ўзгоднена са сваякамі — гэта была няпраўда, у нас ніхто не пытаў, што гэта ўсё ў рамках крымінальнай справы яна не зразумела.

Калі я сказаў, з якой мэтай гэта насамрэч робіцца, што яе словы могуць быць выкарыстаныя для апраўдання гвалту над яе ўнукамі, яна моцна расхвалявалася, таму я адыграў назад і сказаў, што пераблытаў — «імаверна, гэта было проста чарговае інтэрв’ю». Каб яна не пераймалася, — расказаў нам унук.

У іншым выпадку да старога чалавека прыйшлі, калі нікога іншага не было дома.

— Да маёй мамы прыходзілі супрацоўнікі органаў, — расказала нам чытачка. — Запаўнялі гатовыя анкеты, а яна толькі паставіла подпіс. Яна была дома адна і адкрыла ім дзверы — мякка кажучы, непрыстойна, як мінімум такія візіты трэба ўзгадняць са сваякамі. Яна хвалявалася і нервавалася. Сама мама падчас вайны была ў лагеры «Азарычы» разам са сваёй мамай і сястрой, яны загінулі неўзабаве пасля вяртання.

Яшчэ адзін чытач расказаў нам, што яго сям’я не дала дазволу сілавікам сустракацца з іх дзедам.

— Да майго бацькі (малалетні вязень вайны з сакавіка 1944 па май 1945) спрабаваў дазваніцца нейкі, нібыта, следчы, але з ім гаварыў іншы сваяк, на якога зарэгістраваны нумар.

Следчы прапаноўваў, каб тата прыйшоў да іх даваць паказанні. Яму адказалі, што чалавек стары, слабы і хворы, няма вам чаго яму падымаць ціск сваімі пытаннямі, на што ён адказаў, маўляў, што можна прыйсці нам самім, даць паказанні з яго словаў, ад чаго мы адмовіліся.

Бацьку нашаму было 11 год, калі яго з маці і сястрой забралі ў Германію, трапіліся падчас зачысткі Любаншчыны ад партызанаў — іх ледзь не спалілі, але ў апошні момант з’явіліся немцы і загадалі паліцаям не знішчаць людзей. Іх замест таго адправілі на сельскагаспадарчыя работы ў Германію. Пашчасціла вярнуцца, — расказаў чытач.

Разбураны Мінск

Таксама мы пагаварылі з 95-гадовай ахвярай вайны, спадарыняй Маргарытай, якая расказала, як праходзіць такі допыт.

— Следчы званіў і спрабаваў дамовіцца на сустрэчу, мы дамовіліся на адзін час, а ён не прыехаў, я такое не люблю, я чалавек-слова.

Але ў выніку яго прыняла, ён пачаў мне задаваць пытанні: «Вас білі, а як гэта?».

Уласна, я яму вельмі сцісла адказвала, ніводнага кепскага слова пра немцаў я не сказала: асабіста мне немцы ў Германіі дапамаглі, мне пашанцавала. Я ў яго яшчэ спытала, што гэта такое, прайшло столькі год і вы раптам пачынаеце гэта варушыце.

— Ну гэта цяпер трэба, — ён мне так адказаў. Сказаў, што хочуць немцам прад’явіць. Праўда, я не чытала што ён там з маіх словаў запісваў.

Мяне з сям’ёй пры канцы красавіка 44-га вывезлі з Віцебска ў таварным вагоне, дзякуй богу, што ўсіх разам. Трапілі мы ў Цюрынгію, там нас разбіралі па сем’ях, падыходзілі, глядзелі і забіралі, а ў сястры было двое малых дзяцей, і ніхто не браў, а апошнім падышоў шэф шклянога заводу.

Як ён да нас ставіўся, нічога кепскага сказаць не магу. Мы працавалі ў цэху, дзе стаялі круглыя машыны на газе, для фармацэўтычнай прамысловасці рабілі тару: піпеткі, колбы. Машыны круціліся, трэба было сачыць, каб не зляталі. Працавалі разам з немцамі — яны былі ўжо старыя, маладыя без ног, без рук.

Нам у параўнанні з іншымі вельмі пашанцавала. Сястра не працавала, ёй дазвалялі, бо была з дзецьмі. Есці, канечне, асабліва добрага нічога не было, але немцы нам то пару сліваў, то пару яблык — «аднясі малым». Простыя людзі нас добра сустракалі, але былі ўсякія, канечне, з нацыстамі я не бачылася.

Вызвалілі нас амерыканцы, а 25 мая адправілі на студабекерах да Дрэздэна, і можаце сабе ўявіць — мы з 25 мая па 16 верасня ехалі ў Віцебск! Нас ссаджвалі з цягніка, нас дапытвалі, чаму мы ў Германіі былі, што мы ледзь не прастытуткі і гэтак далей. Калі даехалі, у Віцебску жылі ў акопе, наш дом згарэў.

Нам прапаноўвалі амерыканцы перабрацца ў ЗША, папярэджвалі, што нас па вяртанні могуць кашмарыць, але тата наш на фронце быў, муж сястры — на фронце. Мы не ўяўлялі, як можна ў Амерыку ехаць.

Не дай бог перажываць вайну, страшная справа, — кажа спадарыня Маргарыта.

Генпракурор Андрэй Швед заявіў, што страты Беларусі ад вайны склалі 500 млрд даляраў. Нагадаем, пагадненне па рэпарацыях было дасягнутае яшчэ ў 1945 годзе на Патсдамскай канферэнцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(35)