Общество
Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Як працуе сыстэма прымусовай падпіскі

Раённая гімназія траціць на абавязковую падпіску на дзяржаўныя выданьні 10 тысяч рублёў. Копіі дакумэнтаў, табліцы разнарадак, сьведчаньні людзей, сумы выдаткаў і тлумачэньні чыноўнікаў.

«Аднойчы падпісаліся ўсім аддзелам на адрас начальніка»

Вікторыя, былая настаўніца:

— Прымушалі газэты выпісваць. Раённую ды дзяржаўную, ну і «Настаўніцкую» абавязкова. Дзяржаўную «7 дней» выпісвалі, бо самая танная была... Некаторыя настаўнікі на хітрыкі ішлі — выпісвалі на месяц, а казалі, што на квартал. Абураліся, вядома. Напрыклад, жанчына адна ў школе працавала, а муж яе ў лясьніцтве, а там таксама абавязковая падпіска. То на дваіх ледзь не палова заробку выходзіла. Хадзіў зь лісьцікам сакратар, плюсікі ставіў, хто што выпісаў і на колькі... Але вось калі нехта выпісваў на месяц, а казаў, што на тры, то да начальства гэта даходзіла. Адкуль — ня ведаю. Ну, і палохалі заўсёды, што ўсе зьвесткі пра падпіску — на стале ў старшыні райвыканкаму.

Дзьмітры, 17 гадоў адпрацаваў у міліцыі, звольніўся падпалкоўнікам:

— Супрацоўнікаў РУУСаў просяць выпісваць газэту «На страже», афіцэраў на дадатак абавязвалі падпісвацца на часопіс «Милиция Беларуси». Часопіс, здаецца, раз на тры месяцы выходзіць, газэта раз на тыдзень. Пра падпіску нагадваў спачатку кіраўнік аддзелу кадраў, ён жа ідэоляг. А потым, калі народ масава гэта ігнараваў, то за справу браліся кіраўнікі падразьдзяленьняў, УУС і іншыя...

Нікому не хацелася за пустышку плаціць гэтую, усе выдатна разумелі, што гэта пустая растрата грошай. Зьмест гэтых выданьняў для службы зусім ня быў патрэбны, абсалютна. Аднойчы, яшчэ ў сярэдзіне 90-х, цэлы райаддзел падпісаўся на газэту «На страже» на адрас начальніка РУУС. Ён, мякка кажучы, быў незадаволены. Яму ўсё гэта прыходзіла. Такі жарт зрабілі.

Дзьмітры, доктар, больш за 10 гадоў «добраахвотна» выпісваў «Медицинский вестник»:

— Дзяржаўная бальніца — РНПЦ. Але сытуацыя ўсюды аднолькавая. Кожнае аддзяленьне падпісваецца на два «Медицинских вестника» і адзін часопіс «Здравоохранение». Карысьці ад іх так сабе. Два разы на год проста абвяшчаюць, што час падпіскі. Усе скідваюцца па рублёў 20 — і адчапіцеся.

Ірына, працуе ў прыватнай фірме:

— Пастаянны ціск з боку падатковых органаў з «просьбай» падпісацца на часопіс «Налоги Беларуси». Сума ня вельмі вялікая, 240 рублёў гадавая падпіска. Звычайна тэлефануюць і вельмі настойліва прапануюць падпісацца. Залішне настойліва, я б сказала. Або пры здачы справаздачнасьці непасрэдна інспэктару абавязкова ўсунуць рахунак на аплату... Без «Налогов Беларуси» можна абысьціся, бо існуюць інфармацыйныя базы накшталт рэсурсу «КонсультантПлюс» альбо парталу «Главный бухгалтер». Часопісы даўно састарэлі. Гэтая падпіска нікому не патрэбная. Я думаю, што гэта нават нейкі спосаб папоўніць бюджэт.

Ліст з райвыканкама зь інфармацыяй аб арганізацыі падпіскі, forteen.info

«Рэкамэндуем арганізаваць падпіску»

«Аддзел адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэту рэкамэндуе дзяржаўным установам адукацыі арганізаваць падпіску на пэрыядычныя выданьні на І квартал 2018 году», — так пачынаецца ліст, разасланы ў канцы лістапада 2017 году дырэктарам школаў Ваўкавыскага раёну.

У лісьце пералічваюцца выданьні, на якія неабходна арганізаваць падпіску за кошт бюджэту, за кошт устаноў адукацыі, а таксама за кошт настаўнікаў. У першы сьпіс увайшлі «СБ: Беларусь сегодня», «Наш час», «Зборнік нарматыўных дакументаў», «Настаўніцкая газета», «Гродзенская праўда», «Народная асвета» (апошняе выданьне можна не выпісваць дзіцячым садкам).

За свой кошт, як адзначана ў лісьце з Ваўкавыскага райвыканкаму, школы павінны выпісаць «Роднае слова», «Арэлі», «Вясёлку», «Переходный возраст», прадметныя навукова-мэтадычныя часопісы і іншае.

Асобным абзацам згаданыя настаўнікі.

«Рэкамэндуем таксама правесьці арганізацыйна-тлумачальную працу з пэдагогамі аб індывідуальнай падпісцы на наступныя выданьні: «СБ: Беларусь сегодня», «Настаўніцкая газета», «Гродзенская праўда», «Наш час» і забясьпечыць падпіску ў колькасьці ня меншай, чым указана ў табліцы».

Табліца зь пералікам усіх устаноў адукацыі раёну прыкладаецца. Калі ёй верыць, то на 1528 пэдагогаў, якія працуюць у Ваўкавыскім раёне, неабходна аформіць 440 падпісак на «СБ», 410 — на «Настаўніцкую газету», 180 — на абласную «Гродзенскую праўду» і ажно 800 — на мясцовую ваўкавыскую раёнку «Наш час». Нагадаем, што на ўсе гэтыя выданьні, згодна з райвыканкамаўскім лістом, падпісваюцца таксама ўсе ўстановы адукацыі.

Табліца-дадатак да ліста з райвыканкаму, forteen.info

Колькі грошай ідзе на падпіску?

Ня так мала, як можа здавацца на першы погляд. Праз сайт дзяржзакупаў можна ацаніць сумы, якія на падпіску трацяць асобныя дзяржаўныя ўстановы. Напрыклад, гімназія ў Фаніпалі на пэрыядычныя выданьні плянуе патраціць 10 тысяч рублёў, Камітэт дзяржкантролю па Берасьцейскай вобласьці — 2750 рублёў (на 8 выданьняў).

Галоўнае ўпраўленьне Міністэрства фінансаў па Магілёўскай вобласьці плянуе выдаткаваць на падпіску на шэсьць выданьняў за 2018 год 1800 рублёў.

Слонімскі райвыканкам у 2018 годзе падпішацца на «Газету Слонімскую», а таксама на выданьні «Бюджетные организации», «Зарплата в бюджетной орагнизации», «Отдел кадров» і іншыя на агульную суму 2500 рублёў. Для параўнаньня — на інтэрнэт райвыканкам Слоніма ў 2018 годзе плянуе патраціць амаль у дзесяць разоў менш, толькі 280 рублёў.

Індывідуальная падпіска таксама каштуе нямала. Асабліва адчувальныя сумы выходзяць, калі падпісвацца адразу на паўгода. Міліцэйская «На страже» — амаль 20 рублёў на 6 месяцаў, часопіс «Милиция Беларуси» — яшчэ амаль 13 рублёў. Падпіска на «Медицинский вестник» на 6 месяцаў — 27 рублёў 6 капеек, часопіс «Таможенный вестник» — 162 рублі за паўгоддзе, «Настаўніцкая газета» — 53 рублі 40 капеек за той жа пэрыяд.

Калі сабраць пакет з «СБ: Беларусь сегодня», «Настаўніцкай газеты», «Гродзенскай праўды», «Нашага часу», то ў месяц сярэдні настаўнік павінен патраціць на падпіску на пэрыядычныя выданьні каля 30 рублёў. У год, адпаведна, каля 360.

Калі ўлічыць, што ў Беларусі працуе каля 90 тысяч настаўнікаў, то кожны год толькі яны трацяць на падпіску на дзяржаўныя выданьні каля 1,5 мільёна даляраў.

Такія квітанцыі настаўнікі, дактары і міліцыянты павінны дэманстраваць правяраючым

«Збор сродкаў ва ўстанове адукацыі для афармленьня падпіскі не прадугледжаны»

У кастрычніку 2017 году група бацькоў накіравала зварот у Адміністрацыю кіраўніка краіны, дзе сярод іншага прасіла адказаць на пытаньне пра законнасьць збору грошай на падпіску з бацькоў вучняў.

З Адміністрацыі зварот накіравалі ў Міністэрства адукацыі, якое ў сваім адказе паведаміла, што грошы на падпісныя выданьні для школ выдзяляюцца зь бюджэту, «збор грашовых сродкаў ва ўстанове адукацыі для афармленьня ведамаснай падпіскі заканадаўствам не прадугледжаны», а «работнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі могуць аформіць індывідуальную падпіску на пэрыядычныя выданьні».

— Мы да прымусовай падпіскі ніякага дачыненьня ня маем, Мінадукацыі таксама, — перакананы галоўны рэдактар «Настаўніцкай газеты» Вадзім Кнышаў. — Калі гэта патрабаваньне наймальніка, напрыклад, калі кіраўнік установы адукацыі лічыць гэта неабходным, а я лічу, што гэта неабходна, то ён патрабуе.

Вадзім Кнышаў спасылаецца на статыстыку. Па яго словах, у Беларусі на сёньня працуе каля 120 тысяч пэдагогаў, наклад «Настаўніцкай газеты» — 35 тысяч.

— Якая ж яна прымусовая тады, — кажа галоўны рэдактар «Настаўніцкай газеты». — Калі б падпіска была прымусовая, то ў нас наклад быў бы 120 тысяч. Я б гаварыў пра рэкамэндацыйны характар.

«СБ: Беларусь сегодня» асабіста мне вельмі падабаецца»

Свабода зьвярнулася ў аддзел адукацыі Ваўкавыскага райвыканкаму, чый ліст кіраўніцтву школаў раёну з прапановай «арганізаваць падпіску» ёсьць у рэдакцыі. Кіраўнік аддзелу Пётар Красько прызнае, што арганізацыяй падпіскі школ на дзяржаўныя выданьні займаецца райвыканкам.

— На першае паўгодзьдзе 2018 году ва ўсе ўстановы адукацыі аформленая бюджэтная падпіска. Усе іншыя выданьні ўстановы выпісваюць па жаданьні, — кажа Красько. — Максымальна, што мы можам абмяркоўваць, гэта тое, якія выданьні каштоўныя асабіста для мяне — гэта прафэсійныя і мясцовыя выданьні.

Чыноўнік катэгарычна абвяргае тое, што настаўнікаў у раёне прымушаюць падпісвацца на шэраг выданьняў.

— Мне ніхто ня скардзіцца на прымусовую падпіску, я нікога не прымушаю. Што значыць слова „прымушаць“, вось патлумачце мне? — пытаецца Красько. — Ніхто нікога не прымушае. Я сам як пэдагог сваю ведамасную газэту выпісваю. Таму што інфармацыя для пэдагога ідзе праз ведамаснае выданьне. Інфармацыя па раёне ў першую чаргу ідзе праз «Наш час». Для мяне гэта актуальна. Але слова «прымус» я не магу пацьвердзіць. Ніхто нікога не прымушае.

Кіраўнік аддзелу адукацыі Ваўкавыскага райвыканкаму ня стаў абвяргаць рэальнасьць існаваньня табліцы з колькасьцю настаўнікаў раёну і лічбамі падпіскі, спаслаўшыся на неабходнасьць праверыць гэтую інфармацыю. На пытаньне Свабоды, чаму сярод прафэсійных і мясцовых выданьняў, якія рэкамэндаваныя настаўнікам, ёсьць таксама «СБ: Беларусь сегодня», чыноўнік адказаў, што гэтая газэта вельмі падабаецца яму асабіста.

— Маё асабістае меркаваньне. Вельмі актуальнае выданьне, — сказаў Красько

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)