Политика
Максім Калашнікаў, “Мы”

Як працавалі на выбарах людзі Бэла

Кампанія Лорда Бэла "Бэл Поцінгер Груп", якая займаецца рэбрэндынгам іміджа Беларусі, актыўна дапамагала замежным журналістам асвятляць парламенцкія выбары, часам гуляючы на мяжы дазволенага ў спробах дабіцца пазітыўнага асвятлення працэсу.

Напрыклад, карэспандэнт "Sunday Telegraph" Колін Фрыман у сваім рэпартажы з Беларусі ўспамінае, што ён не змог атрымаць журналісцкую візу на прэзідэнцкія выбары 2006 года, бо Міністэрства замежных спраў часам не адказвала на тэлефанаванні і марудзіла з разглядам яго заяўкі.

Сёлета было без праблем: Фрыман патэлефанаваў у офіс лорда Бэла, які хутка зрабіў акрэдытацыю і нават прапанаваў інтэрв'ю з кіраўнічкай Цэнтрвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай.

Спробы англамоўнага тэлеканала "Аль-Джазіра" дамовіцца са спадарыняй Ярмошынай на інтэрв'ю не давалі выніку, пакуль журналісты зноў жа не набралі нумар офісу лорда Бэла.

Супрацоўнікі "Бэл Поцінгер Груп" працавалі ў Мінску падчас выбараў. "Спін-дактары" з Брытаніі, здаецца, не цураюцца маніпуляцый фактамі, каб "адмыць" Аляксандра Лукашэнку.

Напрыклад, у прэс-рэлізе для замежных журналістаў, што патрапіў рэсурсу “Мы”, кампанія сцвярджае:

— 16 жніўня ўлады вызвалілі Аляксандра Казуліна. Яны гэта зрабілі без умоў, да крайняга тэрміну рэгістрацыі кандыдатаў у выбарах, прызначаных на 28 верасня, без аніякіх абмежаванняў на яго магчымасць удзельнічаць у іх.

Магчыма гэта так, але нічога не гаворыцца пра тое, што ў Казуліна было толькі два дні, каб сабраць 1.000 подпісаў ды падрыхтаваць дэкларацыю аб даходах. Апошняе было ўвогуле немагчыма, бо ён выйшаў з турмы ў суботу. Да таго ж, Казулін дагэтуль не бачыў указа аб памілаванні і не ведае, ці была з яго знятая судзімасць.

Наступныя пасажы нават пацешныя:

— Сёлета Беларусь прыняла новы закон аб СМІ, які ўступіць у сілу 9 лютага 2009 года. Гэты закон спрашчае працэсс акрэдытацыі СМІ, гарантуе свабоду слова, абараняе крыніцы журналістаў, спыняе цэнзуру ў СМІ і гарантуе канкурэнцыю. Фактычна ён кадыфікуе бягучую лібералізацыю беларускіх СМІ. У 2006 годзе Беларусь карала медыі 102 разы, а ў гэтым годзе — толькі адзін раз. Поўныя жыцця свабодныя СМІ забяспечаць дэмакратычныя правы народа Беларусі.

Ёсць таксама і параграф аб правах чалавека.

— Беларусь імкнецца да дабрабыту ўсіх грамадзян. Улады не праводзяць адрозненняў паміж правамі кожнага грамадзяніна незалежна ад пола, групы або рэлігіі. Урад жадае, каб усе беларусы дабіліся поспеху і адыгравалі поўную ролю ў грамадстве.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)