Выборы-2020

Як пераправерыць падлік галасоў? Больш за 200 айцішнікаў паўдзельнічалі ў «мазгавым штурме»

18–19 ліпеня беларускія айцішнікі з розных краін правялі онлайн-хакатон Social Technology Hackathon 2020. Яны распрацоўвалі тэхнічныя рашэньні для альтэрнатыўнага падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня, піша Радыё Свабода.

На думку аднаго з арганізатараў, студэнта Гарвардзкага ўнівэрсытэту Максіма Багдановіча, хакатон прайшоў вельмі эфэктыўна.

Зарэгістравалася каля 500 чалавек, больш за 200 зь іх былі вельмі актыўныя. Мэнтары былі неверагоднага ўзроўню, кандыдаты навук, эканамісты з салідным стажам, людзі, якія стваралі свае праекты і пасьпяхова сканчалі іх. Гэта людзі, у якіх ёсьць і грошы, і ўплыў, і веды, каб дапамагчы ўсё ажыцьцявіць. А самае галоўнае — было шмат гарачых галоваў, якія працавалі ўсю ноч і прапаноўвалі варыянты праектаў, якія ўжо могуць быць увасобленыя ў жыцьцё.

19 ліпеня на першым мітынгу аб’яднанага штабу Віктара Бабарыкі, Сьвятланы Ціханоўскай і Валера Цапкалы Вераніка Цапкала сказала, што ў хакатоне ўдзельнічаюць больш за 200 ІТ-супрацоўнікаў, неабыякавых грамадзян, якія жывуць у Беларусі, Украіне, Нямеччыне, Расеі, іншых краінах, і аб’яднаныя яны адной задачай — дамагчыся пераменаў у Беларусі.

— Таму мэта хакатону — распрацоўка новых ІТ-інструмэнтаў, якія ўскладняюць фальсыфікацыі на выбарах. Дзякуй, айцішнікі, вы робіце вялікую справу для сваёй краіны, — заявіла Вераніка Цапкала.

Цяпер арганізатары хакатону занятыя сыстэматызацыяй праектаў і ідэй.

— Найбольш карысныя і цікавыя неабходна ўвасобіць у некалькі супольных рашэньняў, каб яны працавалі на агульную мэту: сумленныя выбары, — кажа Максім Багдановіч.

Ужо створана плятформа для назіральнікаў і выбарцаў для кантролю за хадой выбарчага працэсу — zubr.in. Гэта адзіная сыстэма онлайн-маніторынгу, дзе можна даведацца пра кожнага з кандыдатаў і пра іх кампаніі, пра любую арганізацыю, якая задзейнічана ў выбарах, пра сяброў выбарчых камісій на любым участку для галасаваньня.

Мэта праекту zubr.in — фіксаваць, апрацоўваць і адлюстроўваць усе зьвесткі аб працэсе выбараў у Беларусі ў рэжыме рэальнага часу.

Максім Багдановіч кажа, што было шмат ідэй, як ажыцьцяўляць незалежны падлік і як праводзіць агітацыю.

На пытаньне Свабоды, наколькі рэальна ўвасобіць гэтыя праекты ў краіне, дзе ў любы момант могуць «вырубіць» інтэрнэт, ці ўлічваліся іншыя асаблівасьці і неспадзяванкі, Максім Багдановіч адказаў, што ідэі рэалізоўваюцца, не зважаючы на палітычныя рэаліі.

— Калі людзі дашлюць свае бюлетэні, іх апрацуюць з дапамогай штучнага інтэлекту. Тут нічога складанага для выбарніка — павінны быць Telegram, Viber і камэра на тэлефоне. Астатняе ўсё робіцца не ў Беларусі.

У Беларусі сумленнага падліку ня будзе — але мы палічым самі. Вырубяць інтэрнэт — на наступны дзень людзі дашлюць бюлетэні, усё адно ў дзень выбараў іх нельга публікаваць. Ёсьць розныя варыянты, — кажа Максім Багдановіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(113)