Як на «нейтралаў» можа паўплываць вайна
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў – пра паскарэнне працэсаў сацыяльнай дынамікі і змяненне канфігурацыі грамадскай думкі.
– Сярод прадэмакратычных прадстаўнікоў экспертнай супольнасці, журналістаў незалежных медыя і ўдзельнікаў пратэстовага руху пашырана зневажальнае і грэблівае стаўленне да так званых «нейтралаў», – піша Коршунаў. – Але практыка паказвае, што часцяком менавіта ад выбару нейтралаў залежыць тое, каго мы будзем называць большасцю.
Распаўсюджанае сёння ў экспертнай супольнасці дзяленне беларускага грамадства на тры вялікія групы па крытэрыі адносін да беларускіх уладаў з’яўляецца кансэнсусным. У тым ці іншым выглядзе гэтага погляду прытрымліваецца большасць даследчыкаў беларускага грамадства, прычым яшчэ з сярэдзіны 2000-ых гадоў.
У розныя часы розныя эксперты называлі іх па-рознаму, але сэнс фактычна заўсёды заставаўся нязменным: праўладны бок («лукашысты», «ябацькі» і г.д), супрацьлеглы бок («свядомыя», «пратэстуны» і г.д) і тыя, хто пасярэдзіне («балота», «хатаскрайнікі» і г.д.).
Межы гэтых груп, іх вагавая прадстаўленасць у грамадстве — рухомыя. На іх уплываюць як фактары ўнутрыкраінавай дынамікі, гэтак і знешнепалітычная сітуацыя. Гэта можна было назіраць і ў 2014, і ў 2020. І часцяком менавіта выбарам так званых «нейтралаў» вызначаецца дамінуючае стаўленне грамадства да таго ці іншага пытання. Прыклад таго ж самага 2020 году таму яскравы доказ.
Цяпер ідзе расійска-ўкраінская вайна. Любая вайна паскарае працэсы сацыяльнай дынамікі і імкліва мяняе канфігурацыю грамадскай думкі ў краіне. Тым больш у тым выпадку, калі ў гэтыя працэсы аказваецца ўцягнутае — наўпрост ці апасродкавана — насельніцтва гэтай краіны.
І як бы супярэчліва не выглядаў удзел Беларусі (і як дзяржавы, і як грамадства, і як дыяспары) у гэтай вайне, яна безумоўна будзе адбівацца на стане масавай свядомасці і грамадскай думкі. І перш за ўсё гэтая вайна будзе ўплываць на так званых «нейтралаў», прымушаючы іх палярызавацца — то бок займаць прарасійскі ці праукраінскі бок.
Актуальных звестак аб колькасці прыхільнікаў Украіны і Расіі няма. Падчас вайны, калі падзеі змяняюць адна адну вельмі шпарка, сацыялагічныя звесткі выходзяць у інфапрастору ўжо састарэлымі. Таму можна аналітычным чынам вылучыць фактары, якія будуць схіляць грамадства ў той ці іншы бок.
Падаецца, калі абмежавацца найбольш істотнымі чыннікамі ў бліжэйшай перспектыве, то іх спіс будзе выглядаць як наступныя пытанні:
— Увойдуць ці не ўвойдуць беларускія войскі на тэрыторыю Украіны?
— Ці будуць смяротныя выпадкі сярод цывільных беларусаў у выніку ваенных дзеянняў (снарады/ракеты з боку Украіны, падрывы на мінах і іншае)? Калі будуць, то ў якім маштабе?
— Як хутка, у якім аб’ёме і маштабе спрацуюць заходнія санкцыі супраць Беларусі? На якіх тэрыторыях і сацыяльна-прафесійных групах яны адаб’юцца ў першаю чаргу?
— Хто ў грамадскай думцы Беларусі будзе вызначаны ў якасці вінаватага за гэтыя санкцыі і іх наступствы?
— Якія будуць варыянты, механізмы і суб’екты зняцця санкцый, а таксама пераадолення гэтых наступстваў? Ці будзе грамадства ведаць пра гэтыя варыянты і механізмы?
У залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя, якія адказы будуць атрыманыя на гэтыя пытанні — Захад ці Расія стануць галоўным саюзнікам Беларусі ў вачах саміх беларусаў. Адпаведна з гэтым будзе мяняцца колькасць так званых нейтралаў, якія будуць перацякаць альбо ў бок патэнцыйна прадэмакратычна настроенага пратэстнага ядра беларускага грамадства, альбо ў кансерватыўна-прарасійскі лагер прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.
Калі, як і ў які бок схіліцца ківач грамадскай думкі зараз сказаць складана. Аднак з улікам таго, як развіваецца сітуацыя зараз (недыверсіфікаваныя санкцыі і адсутнасць выразнай пазіцыі Захаду па беларускім пытанні, праца расійскай прапаганды і рыторыка Лукашэнкі, цяжкасці данясення да нейтралаў альтэрнатыўнага погляду на падзеі), даводзіцца канстатаваць імавернасць спрацоўвання таго «эфекту сцяга», які ўжо працуе ў Расіі.
У нашым выпадку гэта азначае магчымасць прыняцця нейтраламі ўсё больш антызаходняй, а значыць патэнцыйна прарасійскай і пралукашэнкаўскай пазіцыі.
Галоўнае тут пытанне — на колькі моцным будзе гэты эфект?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное