Общество
Антон Клімовіч, Наша ніва

Як мы пабаролі дзедаўшчыну.Частка 1

Што мы ведаем пра побыт у нашай армii? Амаль нiчога, на самой справе.

Архіўнае фота: прыбыццё маладога папаўнення ў вайскову частку ў Барысаў, 2010 г. Фота Сяргея Гудзіліна, Наша ніва

Калi мяне забiралi на службу ў 2015 годзе, хлопца з вышэйшай адукацыяй, я здолеў толькi знайсці пару пафасных ідэалагічных ролікаў у інтэрнэце ды трохi распытаць бацьку. Але ні першае, ні другое не дапамагло мне зразумець, што адбываецца там, за дротам вайсковых частак, і да чаго рыхтавацца. Можа, мае занатоўкі дапамогуць новаму пакаленню псіхалагічна падрыхтавацца да салдацкага побыту.

Недарэчнае пытанне да генерала

У канцы мая, пад самую квецень садоў, забрылі мяне ў войска. Сціплыя провады зладзілі сябры — калегі па рок-гурту. Сабраў у рукзак зубную шчотку, шкарпэткі ды падаўся да ваенкамата. Там вызначылі мне службу ў мотастралковай дывізіі. І марудна пацяклі дні.

Кармілі няблага. Толькі перапынкі паміж сняданкам і абедам велікаватыя, і ў чаканні абедзеннага стала ў страўніку салдата — буркатня. Гэта, як кажуць хлопцы, адна кішка іншую даганяе.

Цяжка прывыкалі і да салдацкага абутку. У першыя ж дні большасць да крыві здзерла грубай скурай ботаў пяты і пальцы ног. А без здаровых ног, вядома, няма настрою на боегатоўнасць.

А калі гаварыць пра маральны аспект службы, то вельмі дакучалі мацюкі афіцэраў гарнізона.

Прызнаюся, я таксама мацюкаўся, як і моладзь вакол мяне. Звычайна, каб эмацыйна выдзеліць значнасць негатыўнай падзеі ці пры недахопе слоў.

У войску ж мацюкі ідуць сплашняком: адно нармальнае слова, а далей дзесяць нефармальных.

За час службы салдаты павялічылі слоўнікавы запас негатыўнай лексікі ў дзясяткі разоў. Камбінацыі шмат якіх слоў канфузілі ці смяшылі да слёз. У нармальным грамадстве паўтарыць іх нельга.

Афіцэры прымянялі іх не толькі калі абураліся паводзінамі салдат.

Мацюкі сыпаліся нават тады, калі афіцэры намагаліся салдатаў пахваліць ці падбадзёрыць.

Стварылася ўражанне, што нарадзілася на свет яшчэ адна мова — усеагульная, якую разумеюць без перакладу.

У першы дзень службы афіцэр вучыў салдат:

— Вы павінны быць вышэй на галаву па культуры паводзін за тых хлопцаў, якія ходзяць у цывільным. Вы павінны памятаць усе ветлівыя словы і выкарыстоўваць іх, калі звяртаецеся да іншых людзей. Заўсёды памятайце, што вы прадстаўляеце наша слаўнае беларускае войска, цывілізаванае, добра выхаванае…

Наш патрыятычны дух падскочыў высока пасля тых слоў. Мы выпнулі грудзі, ганарліва аглядзелі ваколіцу і адзін другога арліным поглядам. Але гэты горды дух з нас выпусцілі на першых жа практычных занятках.

Пасля таго, як афіцэр ахарактырызуе ўсе часткі нашага цела на ўсеагульнай мове, то арлінага погляду ніяк не атрымліваецца. Пад уздзеяннем мацюкоў кожны з нас у думках ацэньваў сябе, як кажуць, ніжэй за плінтус. Як у анекдоце: калі чалавеку сто раз скажуць, што ён — свіння,то ў сто першы раз ён зарохкае.

Дарэчы, віртуозам па мацюках ў нашай часці прызналі афіцэра, які адказваў за ідэалагічную работу.

Чаму такая завядзёнка ў войску? У першыя месяцы службы ў мяне з’явілася магчымасць спытаць пра гэта генерала.

У час навучання пры вайсковым цэнтры, дзе праходзілі падрыхтоўку тысяча салдат, аб’явілі сход для ўсіх навучэнцаў. На сходзе можна было задаць пытанні па бытавых і службовых праблемах.

Салдаты пыталіся пра рэжым і нормы харчавання, выказвалі пажаданні наконт параднага абмундзіравання і прасілі ўдасканаліць парадак накладання спагнанняў. Пад заслону сходу я, па ўсёй форме прадставіўшыся, задаў пытанне таксама:

— Чаму ў войску так непамерна мацюкаюцца?

У зале наступіла пранізлівая цішыня.

Пасля паўзы, марудна падбіраючы словы, генерал намагаўся растлумачыць папулярнасць «усеагульнай» мовы спецыфікай службы і скапленнем на невялікай тэрыторыі асоб мужчынскага полу.

У канцы маналога генерал прызнаў: мацюкі — гэта нядобра.

Ужо ў час сходу на мяне, як на аўтара няёмкага пытання, афіцэры пазіралі няўхвальна. Пасля сходу нас пашыхтавалі асобна ад іншых. Прагучаў загад камандзіра:

— Крок уперад радавому, які агучыў пытанне пра мацюкі.

Выйшаў уперад, адрэкамендаваўся. У мяне спыталі:

— Кім працаваў да службы?

— Настаўнік у школе.

Афіцэр пахадзіў туды-сюды ўздоўж шэрагу. У зморшчынах яго ілба чыталася думка: быццам бы настаўнік і павінен пратэставаць супраць мацюкоў. Дык за што ж яго пакараць?

 —Колькі разоў падцягваешся на турніку? — наступнае пытанне.

—Дваццаць, — адказваю.

І зноў моршчыць лоб афіцэр: моцны арэшак папаўся, лепш пакуль не накладаць спагнанне. Але трэба неяк разрадзіць абстаноўку. І ён расказаў анекдот.

З’явілася ідэя ў Міністэрстве адукацыі: правесці даследаванне ў дзіцячым садку, школе і войску на частотнасць выкарыстання мацюкоў. Ва ўстановах павесілі спецыяльныя гадзіннікі, у якіх пры кожным мацюку стрэлкі скакалі на хвіліну ўперад. Праз тыдзень інспектары прыйшлі ва установы з праверкай. У дзіцячым садку гадзіннікі апераджалі час на шэсцьдзясят хвілін, у школе — на дзесяць гадзін, а ў салдацкіх казармах гадзіннікі зніклі.

— Дзе гадзіннікі? — спыталі ў днявальнага.

— Сяржант загадаў выкінуць на … гэтыя вентылятары.

Афіцэр скончыў выступленне словамі, што лаяцца, вядома ж, нядобра, і камандны састаў будзе ўдасканальваць культуру мовы. І ў гэты момант з боку стрэльбішча пачулася: «Так вашу … … … б… х… в … і с… на … … і …!» Гэта лейтэнант праводзіў вучобу па баявой падрыхтоўцы з салдатамі.

А пакаранне я атрымаў, калі мінула два дні пасля сходу. У час вучэбных заняткаў прыплюшчыў вочы. І тут жа побач намаляваўся лейтэнант з пытаннем:

— Чаму з заплюшчанымі вачамі слухаеш лекцыю? Два нарады па-за чаргой!

Адправілі чысціць адхожыя месцы. Магло быць горш.

Камандзір

Бабёр. Такая мянушка ў маёра, аднаго з нашых камандзіраў. Ён не малады і не сказаць, што пажылы. Якраз у тым веку, калі пра мужчыну кажуць: у росквіце сіл.

Але наш Бабёр заўважна стаміўся ад службы. Магчыма, гэта ад ізаляванасці жыцця, бо вайсковая часць размешчана у лесе, далёка ад гарадоў і пасёлкаў.

Жылы дом камандзіра месціцца побач з армейскімі казармамі. У працоўны і вольны час ён бачыць толькі салдатаў ды афіцэраў. Дзень за днём адно і тое ж.

Вось чарговы выхадны дзень выпадае на зазімак. Жонка Бабра выправадзіла яго пагуляць з шасцігадовай дачкой. Ён выйшаў на ганак, агледзеў знаёмыя прасторы і задумаўся: куды павесці дзіця. Усе сцежкі ў лесе таптаныя-ператаптаныя, усе казармы па сто разоў агледжаныя. Толькі замерзлая лужына каля лесу — нешта новае ў пачатку зімняга сезону.

— Гайда, доча, катацца, — кажа бацька. І яны удваіх гадзіну коўзаюцца па тонкім лёдзе на падэшвах ботаў: туды-сюды. Потым стала нудна так забаўляцца ўдваіх. І бацька рашыў прыцягнуць да забавы на лёдзе салдатаў. А ў іх па распарадку дня ціхая гадзіна.

Салдаты цэняць гэты час, бо штодня а шостай раніцы пад’ём, а пасля заняткамі і працай шчыльна загружаны дзень. Таму 60 хвілін адпачынку днём — раскоша. Але калі Бабёр рашыў, то паступіла каманда: пад’ём, марш на прагулку. І салдаты заслізгалі па лёдзе. Праз некаторы час каток ператварыўся ў цёмную брудную лужыну, разлахмачаную салдацкімі ботамі.

Ніхто са служывых не атрымаў задавальнення. Ім шкада было гадзіны адпачынку, якую скраў у іх старшы па званні. А ён, адпачыўшы на імправізаванай коўзанцы, адправіўся дадому абедаць.

Вечарам камандзір кінуў кліч, каб салдаты скінуліся па пяць тысяч рублёў яму на бутэльку гарэлкі. Заробак Бабра пад кантролем жонкі, а выпіць у выхадны вельмі захацелася.

Салдаты сабралі падатак і ўручылі камандзіру. У думках без злосці нават пажадалі: выпівай, калі табе вельмі ўжо трэба. Яму трэба. Ён губляе розум, нудзіцца ў глухім гарнізоне і співаецца.

За год службы гэта быў адзіны выпадак пабораў афіцэра з салдат на бутэльку гарэлкі.

Гульня, якую прыдумалі дарослыя

Да службы ў войску мне давялося выслухаць нямала расповедаў пра дзедаўшчыну.

Рассказвалі знаёмыя, хто ўжо адслужыў. Звычайна яны сканчалі свае апавяданні так: не страшна, вытрымаеш, ты — не хлюпік, са спортам дружыў, абаронішся, калі спатрэбіцца сіла. Сапраўды, я хадзіў у качалку, нарасціў мускулы, быццам бы мог за сябе пастаяць у выпадку наездаў, а там — хто яго ведае, як будзе складацца.

Першыя тры месяцы службы прайшлі ў вучэбцы. Слядоў дзедаўшчыны не заўважыў. Салдацкае жыццё працякала строга па статуце. Шчыра служылі сержанты: вучылі маладых салдат усяму, што самі ўмелі. Сяржантаў строга кантралявалі афіцэры.

Вучоба скончыліся, і мы, маладыя салдаты, адбылі ў рэгулярную вайсковую часць. Нам наладзілі сустрэчу дзяды. Першыя іх словы прывітання былі пытаннем: вы як будзеце жыць, па статуту ці па дзядусе? Я, у прыватнасці, адказаў: буду жыць як ўсе. Што тут іншае скажаш у першыя дні службы?

Прайшоў тыдзень, і стала зразумела, што дзедаўшчына — гэта гульня, якую прыдумалі дарослыя людзі.

Усе салдаты па ўмовах гульні падзяляюцца на сланоў, чарпакоў і дзядоў. Сланы — маладыя салдаты, якія пачынаюць службу.

Яны на самай нізкай прыступцы іерархіі і павінны падпарадкоўвацца чарпакам і дзядам. Для сланоў — найгоршыя ўмовы ў побыце.

Напрыклад, у сталоўцы, дзяды сядзяць каля сцяны, дзе найзручней, чарпакі— пасярод залы, а для сланоў вызначаны апошнія шэрагі сталоў на ўваходзе, самыя нязручныя. У буфеце сланам можна купляць толькі мінеральную ваду і халву, у прыбіральні для іх вызначаны спецыяльныя пісуары, мабільным тэлефонам можна карыстацца толькі ў вызначаны час

(дзяды карыстаюцца мабільнікам вольна, як захочуць).

Мне яшчэ ў вучэбцы далі званне сяржанта. Але я ўсё роўна застаўся сланом, калі прыбыў у часць, і вымушаны быў падпарадкоўвацца чарпаку. Калі мне загадае чарпак прынесці булку ці курыва з буфета, то я павінен купіць гэта за свае грошы.

Абрад пасвячэння ў салдаты, прыдуманы дзядамі, мякка кажучы, бянтэжыў. Уявіце сабе, перавернутую табурэтку, над якой ставяць салдата ракам і сцябаюць папругай па голай задніцы столькі разоў, колькі месяцаў яму служыць: васямнадцаць у большасці выпадкаў.

Я катэгарычна адмовіўся ўдзельнічаць, вельмі зневажальнай падалася працэдура. Напэўна, у мяне ў той момант быў шалёны выгляд чалавека, здольнага даць адпор, калі хто будзе настойваць. Таму ад мяне з той табурэткай адступіліся.

Пасля выпадкова давялося пачуць, як малады салдат расказваў пра гэты абрад сябру, што прыехаў да яго на выхадны. У яго голасе чулася захапленне тым момантам, калі яго дралі па голай задніцы папругай.

Ён не адчуў пры гэтым сябе прыніжаным. Яму было цікава гуляць у дзедаўшчыну. Падумаў у той момант, што з-за такіх хлопцаў, звыклых да прыніжэння, гатовых да рабскай паслухмянасці, і нараджаюцца такія правілы гульні.

Дарэчы, правілы дзедаўшчыны дыктуюць: чым паслухмянейшы салдат, тым хутчэй пераходзіць у наступнае саслоўе: у чарпакі ці дзяды, а непакорных і дзёрзкіх караюць.

Непакорны мае шанец выстаяць, калі моцны фізічна.

Ён можа ў адказ на агрэсію даць у лоб таму ж чарпаку. І з ім хутчэй за ўсё не стануць звязвацца «прадстаўнікі вышэйшага саслоўя».

Пералом

Жывучасць дзядоўскіх абрадаў залежыць і ад падбору салдатаў у часці. Калі верхаводзяць жарсткаватыя і тупаватыя хлопцы, чакай бяды.

Прыніжаны і пабіты салдат з маладых можа сарвацца ва ўцёкі ці стрэліць па жывой мішэні. І пакараюць яго, а не таго, хто яго давёў.

Салдатам, якія толькі прыйшлі на службу, цяжка падпарадкоўвацца чарпакам і дзядам. Асабліва пасля працоўнага дня, на стрэльбішчы, па калена ў снезе, альбо на рамонце баявой тэхнікі. Ідзеш у сталоўку і думаеш толькі, як дабрацца да пасцелі і адпачыць. І ў гэты момант дзед знаходзіць табе занятак: ля яго прыбяры, збегай яму курыва прынясі. У такія хвіліны напружанне дасягае мяжы.

Пералом у жыцці нашага падраздзялення наступіў пасля вяртання групы салдат з камандзіроўкі.

Мы адсутнічалі ў часці месяц і засталіся па-ранейшаму сланамі. За гэты час саслужбоўцы, што прызываліся адначасова з намі, павысіліся, сталі чарпакамі. У першы ж дзень яны намагаліся прадэманстраваць уладу: паслаць за булкамі. Мы ў адказ абурыліся:

— Што выпендрываецеся? Вы ж такія, як і мы.

А яны ў адказ:

— Мы вышэйшыя за вас, падпарадкоўвайцеся чарпакам.

Мы аб’ядналіся вакол лідара нашай групы, Аляксандра, высокага і здаровага хлопца, прадумалі тактыку паводзін і абвясцілі:

— Мы больш не служым па дзядусе, а толькі па статуту. Ніякіх чарпакоў і дзядоў не прызнаём. Да тых, хто служыць другі год, будзем ставіцца з павагай. Па іх просьбе можам і булку прынесці, і падлогу памыць, але толькі па просьбе і без зневажальных загадаў.

Нам спрабавалі пагражаць. У адказ мы прадэманстравалі рашучасць выстаяць і бугры-мускулы Аляксандра.

Той не цырымоніўся:

— У лоб дам і саміх ракам пастаўлю, калі будзеце задзірацца.

Дзяды і чарпакі не сталі задзірацца. У падраздзяленні сталі жыць па статуту. Але ж час ідзе, хутка мы дэмабілізуемся. Хто прыйдзе пасля нас на месца дзядоў? І не факт, што не пачнуць яны чарговую гульню, дзе ўзновяць прыніжэнні маладых салдат.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)