Як мінчанін даказаў чыноўнікам, што вышыванка не з`яўляецца незарэгістраванай сімволікай

Алесь Крот сфатаграфаваўся на пашпарт у вышыванцы, але ў пашпартным стале адмовіліся прыняць дакументы.

Фота з Фэйсбуку Алеся Крата

Месяц таму Алесь Крот вырашыў памяняць пашпарт. Здаў усе неабходныя дакументы, але праз тры дні даведаўся, што не прынялі яго паперы. Сказалі, што праблема ў здымку. Калі ён пацікавіўся, што з ім не так, атрымаў адказ: «Напэўна, ў кашулі вашай, што з арнамэнтам...».

«Як толькі першае пачуццё несправядлівасці адпусціла, вырашыў наважыць на сваім і перайсці ў наступ, каб далі мне больш уцямнае тлумачэнне ў адмове дый яшчэ са спасылкамі на нарматыўныя акты, – піша Алесь Крот на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. – Але нічога канкрэтнага так і не пачуў, акром як адсылку да патрабавання пад назвай «на здымку павіннна адсутнічаць незарэгістраваная сымболіка». Чаму беларускі арнамэнт лічыцца незарэгістраванай сымболікай, я так і не зразумеў».

Алесь паехаў у раённы аддзел па грамадзянству і міграцыі, дзе спецыялісты паказалі яму раздрукаваны нарматыўны дакумент, у якім было напісана: «не дапускаецца наяўнасць на твары, шыі, прадметах адзення фатаграфуемага (у межах трафарэта для фотадруку) сімволікі, не зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку (акрамя ювелірных вырабаў і біжутэрыі)».

«Патлумачыць, чаму беларускі арнамэнт лічыцца незарэгістраванай сымболікай, мне ізноў не змаглі», – піша Алесь Крот.

Ён напісаў электронны зварот і адаслаў ліст у раённы і гарадскі аддзелы па грамадзянству і міграцыі.

Меньш чым праз тыдзень, перад святамі, Алесю патэлефанаваў начальнік раённага аддзелу і паведаміў, што яго справа вырашана, а ўсе вінаватыя падначаленыя пакараныя: «бо які нармальны чалавек будзе лічыць вышыванку незарэгістраванай сымболікай?».

«Пры гэтым дужа выбачаўся, што ня можа па-беларуску стасавацца, і папрасіў прыехаць на наступны дзень, каб прывез ім дакументы, а яны адпаведна мелі магчымасць зрабіць мне пашпарт.

І што мы маем у выніку?

1) рабіць здымкі на пашпарт у вышыванках не забараняецца;

2) беларускі арнамент не з'яўляецца незарэгістраванай сымболікай, таму калі вам пра гэта кажуць, то смела адказвайце, што ні ў якіх нарматыўных актах МУСа гэтага няма і ня будзе (альбо ў аддзеле па грамадзянству і міграцыі пра гэта тады нічога ня ведаюць);

3) не кідайце справу на палове вашага маршруту: вярнулі дакументы – пішыце запыт у вышэйстаячыя інстанцыі. Гэта ж глупства якое, назваць беларускую вышыванку незарэгістраванай сымболікай!».