Общество
Кацярына Панцялеева, фота Яўген Ціханаў, Рэспублiка

Як мінчанін адправіўся ў вандроўку вакол свету

Герой Жуля Верна Філеас Фог біўся аб заклад, што зможа абысці зямны шар з захаду на ўсход за 80 дзён. 19-гадовы навучэнец мінскага кулінарнага тэхнікума Яўген Ціханаў вырашыў аб’ехаць увесь свет за тры гады.

1 ліпеня 2012-га ён аўтастопам адправіўся ў першую кропку свайго падарожжа — Маскву. За сем месяцаў хлопец наведаў Грузію, Арменію, Нагорны Карабах, Іран, Азербайджан, Манголію і нават прайшоў 29 кіламетраў па лёдзе да Сахаліна, дзе зараз і знаходзіцца. Каб даведацца, як гэта — у адзін момант сабраць жыццё ў рукзак і адправіцца куды вочы глядзяць, мы звязаліся з Яўгенам.

З гор на зямлю

У Мінску — субота, 18.30, на Сахаліне — нядзеля, 02.30. Па бадзёрасці Яўгена здаецца, што арганізм яго ўсё яшчэ жыве па беларускім часе.

— На Сахаліне я паўтара тыдня, — расказвае хлопец. — Планую застацца тут на месяц, каб атрымаць японскую візу і крыху падзарабіць. Днямі ўладкаваўся кандытарам, жыву ў дзяўчыны, з якой пазнаёміўся праз каучсёрфінг — інтэрнэт-сэрвіс, які дапамагае падарожнікам знайсці бясплатнае жыллё ў розных краінах.

Адважыцца на такі крыху вар’яцкі крок мінчаніна падбілі размовы сябра Ромы, які збіраўся вакол свету. Вырашыў рызыкнуць і Жэня. Але вандраваць хлопцы адправіліся паасобку.

— Бацькі стрымліваць мяне не сталі, хоць маці вельмі хвалявалася, — успамінае падарожнік. — З сабой узяў рукзак, спальны мяшок, зімовую куртку, кацялок і 50 долараў. З дакументаў былі толькі пашпарт і даведка пра тое, што я зрабіў прышчэпку ад жоўтай ліхаманкі: без яе ў экватарыяльныя краіны не пускаюць. Пра візы не клапаціўся: праблемы трэба вырашаць па меры іх паступлення.

Доўгачаканае 1 ліпеня. Траса E95. Спёка. Жэню падбірае "бусік", вадзіцель якога вязе на продаж у Расію маліну. Першая кропка на карце беларускага падарожніка — Масква. Месца не столькі турыстычнае, колькі стратэгічнае: тут трэба было набыць паходную пілу, дажджавік і пляшку.

— З Масквы аўтастопам накіраваўся ў Грузію, — расказвае Жэня. — Каўказ сустрэў мяне "гасцінна": сцяной гор і вадзіцелем нетрадыцыйнай, скажам так, арыентацыі. На адной з дарог мяне падабраў мужчына гадоў 50. Мы разгаварыліся, я гляджу, а ён ужо кладзе мне руку на калена. Каб суцішыць яго ўсходні пыл, хапіла позірку. Але далей я ехаў, прыціснуўшыся ледзь не да самай дзверцы. Да цемры дабраўся да горада Стэпанцмінда. Стаю на цэнтральнай плошчы. Нечакана да мяне падыходзіць мужчына і кажа: "Сёння ў Тбілісі ты ўжо нічым не даедзеш. Можаш пераначаваць і пад’есці ў мяне". Успомніўшы дальнабойшчыка, я адмовіўся. Паставіў палатку на старым стадыёне і лёг спаць.

Потым ужо хлопец пераканаўся, што каўказцы вельмі гасцінныя, асабліва вяскоўцы. Тут кожны гаспадар, якога сустракаеш, запрашае ў дом. На стол ставяць усё, што ёсць у хаце, і абавязкова чачу — вінаградную самагонку.

— А яшчэ яны вельмі эмацыянальныя і шчырыя, — працягвае вандроўнік. — Неяк на начной дарозе ля мяне затармазіў аўтобус. Аказалася, некалькі жанчын вярталіся з горада ў вёску. Убачыўшы мяне, яны закрычалі, каб вадзіцель спыніўся. Потым адна з іх запрасіла мяне ў госці. "Пакуль ты ў мяне дома, ты мой сын", — сказала яна. А раніцай павяла мяне ў сад. Яна нарвала яблыкаў, апельсінаў, лімонаў і кажа: "Перадасі маці". — "Але ж я буду дома праз тры гады", — адказваю. "Перадасі", — не адступала яна.

Усход — справа тонкая

Дарэчы, у Грузіі, як і ў Арменіі — наступнай краіне, куды адправіўся наш падарожнік, — грошы яму былі амаль непатрэбныя.

— Такі ж гасцінны народ і армяне, — усміхаецца Жэня. — Акрамя гэтага, яны добра ведаюць і паважаюць сваю гісторыю. Некалькі дзён я хадзіў у горы пасвіць авечак з трыма хлопцамі, старэйшаму з якіх было 13. Дык малы мне пераказаў мінулае сваёй краіны ледзь не з дагістарычных часоў. Пры гэтым дакладна называў усіх герояў і значныя даты.

З Арменіі мінчанін накіраваўся ў Нагорны Карабах.

— Дваццаць гадоў таму тут ішлі жорсткія баі, — кажа хлопец. — Але вайна ў гэтых краях жыве і сёння: вакол руіны, недагледжаныя сады, з мяжы часам даносяцца стрэлы.

На дзіва тут вельмі шмат дзяцей. Нейкія людзі прывезлі мяне ў горад Агдам. Сказалі ісці па цэнтральнай вуліцы, бо тэрыторыя можа быць замініравана. Крочу. Мястэчка зруйнавана, і толькі ў цэнтры стаіць некранутая мячэць. Ля яе бабулька. "У цябе ёсць грошы?" — пытае яна. У мяне быў толькі кавалак хлеба, ёй я яго і аддаў.

Пасля Карабаха — у Іран. Дарэчы, тут ужо яму спатрэбілася віза.

— Знаёмы іранец зрабіў мне запрашэнне, а яшчэ для дакументаў патрэбна было пацвердзіць сваю плацежаздольнасць тысячай долараў — расказвае падарожнік. — "Зялёныя" зноў жа пазычыў сябар. Потым грошы я яму вярнуў.

Іран пужаў: хлопец нічога не ведаў пра гэтую краіну і вельмі дрэнна размаўляў па-англійску.

— Вадзіцель першай машыны, у якую я сеў, жэстамі забараніў мне фатаграфаваць, падняў вокны аўто і папрасіў прысесці, каб мяне не было бачна, — успамінае хлопец. — Ён прывёз мяне ў маленькі гарадок. Жанчыны ў чадрах, мужчыны з бародамі, і па ўсім горадзе праз гучнагаварыцелі даносілася манатонная персідская мова, магчыма, чыталася малітва. Калі сустракаешся з гэтым упершыню, мурашкі бягуць па спіне.

Але за месяц, пакуль мінчанін жыў у Іране, ён прывык да жанчын у чадрах. А таксама да таго, што жанчыны і мужчыны ездзяць у транспарце паасобку, што хлопец не можа трымаць дзяўчыну за руку. Даведаўся пра паліцыю, якая сочыць за тым, каб рукаў у жаночым адзенні быў патрэбнай даўжыні.

— А яшчэ тут шмат творчай моладзі, — працягвае Жэня. — Маладыя іранцы спяваюць, пішуць музыку, малююць, ставяць спектаклі. З часам я ўлюбіўся ў гэтую краіну, нават нягледзячы на адзін не вельмі прыемны выпадак. У Тэгеране мы павінны былі сустрэцца з тым самым сябрам-падарожнікам Ромам. Каб патэлефанаваць яму, я папрасіў мабільны ў прахожага. Мне не толькі далі "трубку", але і прапанавалі падвезці да месца сустрэчы. Кіламетры праз два аўтамабіль спыніўся: "Твой сябар чакае цябе ля кіёска", — кажа адзін з праважатых. І раптам жэстам паказвае: "плаці мані". Я спрабую вырвацца з машыны, але шафёр хапаецца за мой рукзак. На дапамогу прыбягае Рома. Мужчыны цягнуць мае рэчы ў аўто, але мы іх адбіваем. Перапалка доўжыцца хвілін 30. "Я пазваню ў паліцыю", — кажа Рома. Нечакана мужчыны супакойваюцца і едуць прэч.

20 шын да сталіцы

У верасні Жэня накіраваўся ў Азербайджан.

— У Баку зразумеў: людзі могуць размаўляць адзін з адным нават на розных мовах, — усміхаецца хлопец. — Уявіце, сяджу я на траве ў парку, да мяне падыходзіць паліцэйскі і па-азербайджанску пачынае нешта гаварыць. "Не понимаю", — адказваю я па-руску. Тады мужчына садзіцца на траву, робіць сумны твар і пачынае махаць пальцам — нельга, маўляў. Затым ён устае, падыходзіць да лаўкі і, апусціўшыся на яе, расплываецца ва ўсмешцы, і я разумею: сядзець трэба тут.

А яшчэ ў Азербайджане Жэня сустрэў шмат падарожнікаў з Англіі, Францыі, Ірана.

— Дарэчы, у Грузіі я пазнаёміўся з францужанкай Мегалон, якая ўжо тры гады вандруе па свеце на ўласнай лодцы, — кажа субяседнік. — Яна некалькі гадоў збірала грошы на гэтую пасудзіну. І вось яе мара збылася. Кіраваць лодкай яна навучылася ў сяброў, сабрала неабходныя рэчы і адправілася ў плаванне.

З Азербайджана Жэня адправіўся на Алтай, а потым у Манголію.

— Уявіце: мінус 30, моцны вецер, і вакол нікога, — працягвае вандроўнік. — На сотні кіламетраў — 2—3 юрты. За дзень могуць трапіцца 2—3 спадарожныя машыны. Але, на шчасце, даволі хутка мяне падабраў караван з чатырох машын. Мужчыны везлі тэхніку ва Улан-Батар. Я думаў, што ў сталіцы буду праз два дні, а аказаўся на месцы толькі праз два тыдні. Мангольскія дарогі нагадваюць узаранае поле. Мы ехалі з хуткасцю 20 кіламетраў у гадзіну. За гэты час вадзіцелі замянілі 20 шын.

Акрамя гэтага, на паўдарозе ў адной з машын прабіла бензабак.

— Мяне здзівіла, наколькі манголы марозаўстойлівыя, — успамінае хлопец. — Вадзіцель голымі рукамі пачаў корпацца ў баку, замазваючы дзірку халоднай зваркай.

З Манголіі Жэня вырашыў паехаць у Японію. Шлях туды ляжаў праз вялікую Расію.

— З Хабараўска я збіраўся рухацца на Сахалін на пароме, — успамінае падарожнік. — А потым нехта з хлопцаў сказаў: праліў паміж востравам і мацерыком замярзае, і было б здорава перайсці яго пешшу. Вось я і рызыкнуў. Працягласць такой ледзяной дарогі — 29 кіламетраў: 9 па праліве і 20 па лёдзе ўздоўж берага цераз заліў. Нягледзячы на тое што яна замецена снегам, было бачна: таўшчыня лёду больш за метр.

На Сахаліне мінчанін не толькі атрымаў часовую працу кандытара, але і прыдбаў акардэон. Знайшоў яго па аб’яве бясплатна.

— Калі думаю, што прыйдзецца несці за плячыма яшчэ 10 лішніх кілаграмаў, суцяшаю сябе тым, што гэта не раяль, — жартуе хлопец. — Затое астатняе падарожжа будзе праходзіць з музыкай.

* * *

Наступная кропка на карце беларускага вандроўніка — Японія. Затым будуць Карэя і Кітай. Але гэта потым. Пакуль жа — праца і захады для атрымання візы.

— Ніколі не думаў, што за гэтыя тры гады мог бы скончыць вучобу і знайсці добрую працу? — напрыканцы пытаюся я.

— Падарожжа вакол свету — не мэта. Магчыма, заўтра мне ўсё гэта надакучыць, і я вярнуся дадому, — кажа Жэня. — Але ж танцаваць трэба, пакуль малады, бо хто ведае, якім я буду, напрыклад, у 50. Таму зараз, калі мне хочацца жыць у палатцы, крочыць пешшу праз праліў... Трэба жыць і крочыць. А грошы? Пры жаданні іх можна зарабіць у любым узросце.

Арменія

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)