Як Мінабароны за месяц стварыла новы пратэставы рух
30 ліпеня ў краіне былі афіцыйна апублікаваныя зьмены ў працэдуру прызыву ў войска, яны пачнуць дзейнічаць 9 жніўня. Іх праціўнікі лічаць, што гэтая гісторыя можа скончыцца масавымі пратэстамі. Піша Радыё Свабода.
Архіўнае фота, sb.by
У канцы чэрвеня стала вядома, што Міністэрства абароны Беларусі падрыхтавала зьмены ў правілы прызыву. Асноўнае новаўвядзеньне — толькі адна адтэрміноўка для паступленьня ў навучальную ўстанову пасьля школы (раней іх колькасьць не была абмежаванай).
На практыцы гэта азначае, што калі нехта ўжо адвучыўся ў тэхнікуме і хоча адразу пайсьці ва ўнівэрсытэт, то зможа гэта зрабіць толькі пасьля службы ў войску. З паступленьнем у магістратуру тое самае.
У Мінабароны новаўвядзеньні патлумачылі недахопам прызыўнікоў і адзначылі, што новыя правілы дазволяць кожны год набіраць на 4,5 тысячы больш маладых салдат, чым раней.
Праз дэпутатку Палаты прадстаўнікоў праект трапіў у сеціва і прадказальна нарабіў шмат шуму. Публікацыі ў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, круглыя сталы, пасты ў сацыяльных сетках. Але гэтым справа не абмежавалася.
У інтэрнэце за кароткі тэрмін узьнік цэлы рух пад хэштэгам #учёбаважнее. Адзін зь яго каардынатараў, памочнік дэпутаткі Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка расказаў Свабодзе, як гэта ўсё ўзьнікла і чым можа скончыцца.
Сьнежны камяк
— Як толькі праект новага закону трапіў у парлямэнт, яго ўбачыла Ганна Канапацкая, — расказвае Ціханенка пра самы пачатак гісторыі. — Адпаведна, пабачыў і я. Усе пагрозы, праблемы, якія там крыліся. Пабачыў, што пытаньні, у ім пастаўленыя, не вырашаюць праблемаў нацыянальнай бясьпекі. І што прыняцьце гэтага закону створыць яшчэ большую пагрозу нацбясьпецы. Ад’езд моладзі за мяжу, нежаданьне служыць у войску — вось гэта вось усё.
Ціханенка вырашыў стварыць тэлеграм-канал, прысьвечаны новаму законапраекту. Робіць усё самастойна, дэпутатка Ганна Канапацкая да гэтай кампаніі дачыненьня ня мае.
Акрамя таго, Ціханенка стварыў у інтэрнэце пэтыцыю супраць зьменаў у працэдуру прызыву. Вынікі былі нечаканыя.
— У першы дзень мы сабралі тысячу подпісаў на petitions.by, — кажа Ціханенка. — На наступны — больш за дзесяць тысяч. Падключыліся вядомыя блогеры, іншыя тэлеграм-каналы. Мы б і больш сабралі, там проста абмежаваньне было ў 10 тысяч. Усё як сьнежны камяк пайшло.
90% ня зь Менску
Сабраныя подпісы накіравалі ў Палату прадстаўнікоў. Празь месяц пасьля стварэньня чату справай займаецца ўжо ня толькі Ціханенка. Ён кажа, што структура цяпер мае гарызантальную форму. Ёсьць 5–6 каардынатараў.
Кожны, хто далучаецца, прапаноўвае і рэалізуе свае ўласныя ідэі. Пры гэтым людзі гатовыя ня толькі пісаць пасты ў інтэрнэце. Ужо вырабілі паўтысячы значкоў пра сваё стаўленьне да новага закону, нехта ўвогуле пайшоў па пад’ездах зьбіраць подпісы супраць зьменаў ужывую.
— Гэта грамадзянскі актывізм, ён узьнікае знутры, — кажа Ціханенка. — Ня дзякуючы таму, што гэта я нешта некаму сказаў зрабіць альбо нехта некаму заплаціў. Гэта ініцыятыва саміх людзей, яна ідзе ад іх. Нехта дызайнэр — зрабіў улёткі, нехта яшчэ што. Зараз у нас новая онлайн-форма запаўняецца. Там людзі пішуць усе свае дадзеныя, адрасы. Я паглядзеў, адкуль гэтыя людзі — там уся краіна. Думаў, што большасьць зь Менску будзе, на 90%. А там насамрэч уся Беларусь.
У агульную базу з рэальнымі кантактамі і адрасамі, па словах Дзяніса Ціханенкі, запісалася ўжо каля тысячы чалавек. Удзельнічаюць у новай кампаніі нават тыя, каму служба ў войску зусім не пагражае.
«Хочам сабраць масавы мітынг»
— З сайтам такая гісторыя выйшла — хлопец літаральна за дзень зьявіўся, — кажа Ціханенка. — Ён беларус, але жыве за мяжой. Кажа, што для яго гэта настолькі абуральна, што такі закон зьявіўся, што проста ня можа застацца ўбаку. Ён сам набыў дамэн, сам гэты сайт вядзе, сочыць за ўсім. Я нават ня моцна разьбіраюся ў тым, што ён робіць. Яшчэ адзін самастойна зрабіў відэаролік, дзе тлумачыцца ўся сытуацыя, запусьцілі яго зараз.
Адзін з апошніх крокаў — збор сродкаў на рэкляму ініцыятывы і яе прадуктаў у сацсетках. Дзяніс Ціханенка кажа, што такога ў Беларусі яшчэ ніхто не рабіў. Напачатку ён нават сумняваўся, ці атрымаецца.
У месяц на рэкляму плянавалася траціць каля 30 эўра. Ужо сабралі больш за 85 эўра, 25 даляраў і 205 рублёў. У тэлеграм-чаце, створаным неўзабаве пасьля публікацыі законапраекту, ужо больш за 1700 чалавек.
Пасьля афіцыйнай публікацыі падпісанага Лукашэнкам дакумэнту праціўнікі зьменаў у працэдуру прызыву задумаліся над выхадам пратэсту ў офлайн.
— Нашая мэта — правядзеньне масавага дазволенага мітынгу ў Менску, — кажа Дзяніс Ціханенка. — Пакуль пра нейкую верагоднасьць гэтай падзеі я гаварыць не магу. У першую чаргу патрэбныя людзі. Актыўныя людзі, якія ведаюць пра гэтую праблему. Пакуль што мы працуем месяц, гэта этап інфармаваньня. і ён будзе працягвацца. Пакуль яшчэ мала людзей ведае пра праблему. Прапаганда даводзіць, які гэта добры закон. Людзі глядзяць БТ, мы пакуль інфармуем у асноўным праз інтэрнэт. У сацсетках, у мэсэнджэрах».
«Гэта тое самае, што «дэкрэт пра дармаедаў»»
Некалькі актывістаў ужо падалі заяўкі на правядзеньне адзіночных пікетаў. Адказу ад мясцовых уладаў пакуль не было. Каардынатары чакаюць рэакцыі. Паводле Ціханенкі, вельмі важна паказаць людзям, што пратэставаць можна легальна і без наступстваў для сябе і сваіх родных.
Пры гэтым ён падкрэсьлівае, што мэта пратэсту супраць новаўвядзеньняў — ня толькі іх поўная адмена. Актывісты могуць пагадзіцца і на ўнясеньне зьменаў у новыя правілы. Галоўнае, каб яны ўлічвалі інтарэсы ня толькі вайскоўцаў, але і цывільных грамадзян. У адваротным выпадку, перакананы Дзяніс Ціханенка, у Беларусі могуць паўтарыцца масавыя пратэсты 2017 году.
— Закон пра адтэрміноўкі — гэта той самы «дэкрэт пра дармаедаў», — кажа ён. — Калі закрануты вялізны пласт грамадзтва. Гэта ж ня толькі прызыўнікі, якія сёлета пойдуць у войска. Гэта іх бацькі, знаёмыя, падрастаючае пакаленьне, старшаклясьнікі, студэнты першых курсаў.
Яшчэ да галасаваньня па гэтым праекце дэпутатам казалі — не будзіце ліха, будзе тое самае, што з дэкрэтам № 3. Тады былі «лісты шчасьця», зараз пойдуць позвы. Людзі могуць выйсьці на вуліцы. Такога рэзанансу не было ў ніводнай пэтыцыі. Сытуацыя можа быць яшчэ вастрэйшая, чым у 2017 годзе. Мы вырашылі, што маем права на мірны пратэст. Калі гэтага не дазволяць, то паўторыцца сытуацыя 2017 году. Я мяркую, верагоднасьць гэтага вельмі высокая».
Новыя правілы прызыву ў беларускае войска пачнуць дзейнічаць 10 жніўня. Актывісты кампаніі «Пратэст BY» перакананыя, што пратрымаюцца зьмены нядоўга.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное