Комментарии
Сямён Печанко

Як малы Лукашэнка зламаў руку, і ўсе пабеглі глядзець тэленавіны

Некалькі гісторый, што здарыліся 20 гадоў таму ў пераломным 1995-м.

У чэрвені 1995-га мы з братам адпачывалі ў дзіцячым санаторыі «Нёман» пад Гродна. У пачатку змены здарыўся такі выпадак. Разам з намі адпачываў хлопчык па прозвішчы Лукашэнка. Аднойчы ён зачапіўся за прыступку на ганку корпуса і паваліўся. Упаў няўдала. Хтосьці ўсчаў крык: «Лукашэнка руку зламаў!!!».

Але ўсе, хто пачуў той крык, выхавацелькі і дзеці, кінуліся не да небаракі, што застаўся курчыцца на ганку, а да тэлевізара, каб уключыць навіны.

Нарэшце хлопчыку дапамаглі, а мне запомнілася рэакцыя адной з выхавацелек, якая з лёгкім расчараваннем заўважыла: «А я ўжо падумала, што сам. А гэта, аказваецца, наш — малы Лукашэнка…».

Ці мог хто падумаць тады, дваццаць год таму, што некалі словазлучэнне «малы Лукашэнка» набудзе новы сэнс? Што мы будзем дзівіцца фотаздымкам хлопчыка, якога бацька вядзе па абломках узарванага метро, школьніка ў вайсковай форме з дзіўнымі пагонамі на трыбуне поруч з найвышэйшымі ўрадоўцамі краіны.

***

Чэрвень 1995-га быў багаты на сімвалічныя падзеі. Памятаю, як мы ўсе — і дзеці, і выхавацелі, і медперсанал — як зачараваныя глядзелі спартыўную перадачу на адным з польскіх тэлеканалаў, прысвечаную перамозе беларускай зборнай па футболе над галандцамі.

Тады, натуральна, мне запомніўся фантастычны гол Герасімца легендарнаму Ван дэр Сару. Праз два дзесяцігоддзі ў кароткіх роліках на YouTube той матч набывае новыя сэнсы.

Цяпер каментаванне спартыўных гульняў па-беларуску можа стаць інфармацыйнай нагодай для СМІ. А ў 1995-м выдатная беларуская мова ў выканні Уладзіміра Навіцкага падавалася звыклай будзённасцю.

На гульню з галандцамі на мінскі стадыён «Дынама» заўзятары прынеслі дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў. Побач з імі ўжо можна было заўважыць новыя чырвона-зялёныя — зусім нядаўна прайшоў рэферэндум, які змяніў дзяржаўную сімволіку. Тое, што 7 чэрвеня 1995-га падавалася навіной, у нашы дні стала традыцыяй. Розніца хіба ў тым, што падтрымаць сваю зборную з бел-чырвона-белым сцягам можна толькі за мяжой.

***

У чэрвені 1995-га група Шаміля Басаева захапіла расійскі горад Будзёнаўск. За падзеямі мы некалькі дзён сачылі па тэлевізары, пакуль чачэнцы ўтрымлівалі закладнікаў у будзёнаўскай бальніцы. Надыходзіў час крывавых рэаліці-шоў.

Выбухі жылых дамоў у Маскве, другая чачэнская вайна, «Норд-Ост» і Беслан — усё гэта адбудзецца пазней, а тады мы толькі збіраліся шчыльна пасябраваць з Расіяй, каб на гады трапіць у залежнасць ад яе газу, нафты і крэдытаў.

***

У 1995-м у санаторыі «Нёман» гулялі ў капіталізм. Тут хадзілі бутафорскія грошы, якія называліся чамусьці «нямунасамі». Зарабіць іх можна было ўзорнымі паводзінамі ды добрымі ўчынкамі. За «нямунасы» можна было пайсці па платны сеанс у відэазалу. Большасць «купюраў» былі зацёртыя і пагамтаныя. Магчыма, імі карысталіся не адну змену, а то і год. Але хутка дзяцей перасталі прывучаць да капіталізму. Неўзабаве ў беларускіх школах ізноў пачалі прымаць у піянеры, а пасля вярнуліся і «камсамольцы».

«Гэта рэванш. І гэта надоўга», — казаў наш дзядзька з Гродна ў часе адведак у санаторыі, калі мы з братам пыталі яго, што будзе пасля рэферэндуму. Мы не вельмі верылі, ці, прынамсі, не хацелі ў тое верыць. Прайшло 20 год…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)