Общество

Наталля Лубнеўская, Наша Нiва

Як магілёўскі школьнік адзін падарожнічае па Беларусі на цягніках

Даніілу Халейка 15 гадоў. З іх апошнія пяць ён падарожнічае па Беларусі.

У Нацыянальным мастацкім музеі

У тым ліку самастойна: сядае ў цягнік ды імчыцца ў Пінск ці Крычаў. Хлопец падлічыў, што яго чыгуначны «прабег» па краіне ўжо пераваліў за 10 тысяч кіламетраў.

Па Беларусі Данііл ездзіць з 10 гадоў. Спачатку з татам, а потым сам. Першым пунктам, куды дабіраўся адзін, была вёска Дары, дзе жыве бабуля, — ад Магілёва да яе ўсяго 15 хвілін на цягніку. Пасля хлопчык аб’ездзіў суседнія вёскі, а праз пару гадоў пераключыўся на райцэнтры.

— Падарожнічаў адзін, бо сяброў, на жаль, не адпускалі бацькі: маўляў, небяспечна. Падрасцеш — потым паедзеш. Мой бацька нармальна ставіўся да майго захаплення. Маці, канечне, баялася і не хацела адпускаць. Ну а потым ужо ганарылася, што я падарожнічаю. Наогул я заўсёды быў самастойным: бабулі дапамагаў, усе лекі ведаў, — расказвае хлопец.

Каб мама не хвалявалася, па першым часе ён адсылаў ёй фота па вайберы ці тэлефанаваў па відэасувязі. Сам жа, калі прыязджае ў незнаёмы горад, ні кроплі не перажывае: «Ёсць навігатар у тэлефоне, таму ў мяне няма страху, што я недзе заблукаю. І людзі заўсёды дапамагаюць: неяк нават у касцёл мяне звазілі, пабылі бясплатнымі экскурсаводамі».

«З'ездзіць у Бабруйск і не сфатаграфавацца з бабром — усё роўна што прайсці міма Эйфелевай вежы і нават не зірнуць на яе», — падпісаў Данііл гэты здымак у сацсетках

Чаму падарожнічае чыгункай? Данііл усміхаецца: падабаецца гарбата ў падшклянніках і танныя квіткі. Плюс ты едзеш не па трасе, а праз гарады — ёсць магчымасць глянуць на іх мімаходам.

Падлетак успамінае, як аднойчы правадніца не хацела пускаць яго ў вагон праз узрост. Давялося паклікаць начальніка цягніка, каб вырашыць сітуацыю і даехаць дадому.

Сярод гарадоў, дзе Данііл ужо пабываў, — Шклоў, Чавусы, Крычаў, Асіповічы, Нясвіж, Быхаў, Бабруйск. Плюс усе абласныя цэнтры. Галоўны крытэрый пры выбары маршруту — даступнасць. У ідэале — каб было не больш за адну перасадку. Да адных паездак падлетак старанна рыхтуецца, у другія выпраўляецца спантанна. «Вось нядаўна нехта параіў: з’ездзі ў Полацк. Я пайшоў, купіў квіток і назаўтра ўжо быў там».

У Гомелі

— Кожны горад унікальны. І мясцовыя жыхары таксама, — заўважае хлопец. — У Крычаве, напрыклад, больш рускамоўнае насельніцтва, а калі паехаць у вёску пад Пінскам пачуеш зусім іншую гаворку. Я спачатку наогул не разумеў нічога, што там кажуць! Нейкі польска-ўкраінскі акцэнт. А потым мая цётка, якая там жыве, навучыла.

    У найбліжэйшых планах Данііла — наведаць Тураў і Мір. А пакуль з убачанага ў яго топ беларускіх славутасцяў уваходзяць Нясвіжскі замак, касцёлы ў Пінску ды Гродне і ратуша ў Магілёве.

Грошы на падарожжы хлопец адкладае з падораных на дзень народзінаў.

    — Ведаю, што мае сябры збіраюць грошы на прыстаўку, новы тэлефон ці камп’ютар. У мяне звычайны тэлефон — не было ніколі мэты бегчы за дзясятым айфонам. Я лепш атрымаю больш уражанняў ад паездак і, калі стану дарослым, буду расказваць пра гэта сваім дзецям.

У Быхаве (2016 год)

Цяпер пра Беларусь падлетак распавядае замежнікам, калі бывае ў іншых краінах разам з бацькамі ці класам.

— Быў выпадак, калі ў мяне запытвалі пра месцы, дзе б не было турыстаў, каб пабачыць Беларусь як яна ёсць. Раіў наведаць вёскі на Палессі. Замежнікі прапанавалі разам з’ездзіць туды, калі будуць у Беларусі. Думаю, што было б цікава.

Хлопец упэўнены, што падарожнічаць па сваёй краіне павінен кожны, каб не было сорамна, што не ведаеш роднага краю. Але сярод яго знаёмых ўнутраным турызмам займаюцца нямногія.

— Часцей за ўсё гэта проста лянота, — разважае падлетак. — Кажуць, няма часу — але ёсць жа час ва «Укантакце» пасядзець.

Сам Данііл у камп'ютары сядзець не любіць. Апроч падарожжаў, у яго ёсць яшчэ адно хобі — пасткросінг. Для перапіскі выбірае паштоўкі з выявамі Беларусі, каб больш замежнікаў ведала пра нашу радзіму.

У штодзённым жыцці хлопец размаўляе па-беларуску. Цалкам перайшоў на родную мову год таму — для алімпіядніка па беларускай мове і літаратуры гэта не было складана.

— Я разумею, што мова — гэта ідэнтыфікацыя нашай нацыі, — тлумачыць свой крок падлетак. — Бацькі размаўляюць па-руску, але добра паставіліся да майго рашэння. У Магілёве неяк сустрэў беларускамоўнага кандуктара — для нас гэта рэдкасць. Горад недалёка ад расійскай мяжы, таму вельмі нязвыкла чуць родную мову. У Мінску інакш: калі я прыязджаю ці тэлефаную туды, ні ў кога няма здзіўлення, што я размаўляю па-беларуску.

З неразуменнем у крамах ці іншых установах Данііл ужо сутыкаўся.

— Я гэтыя моманты стараюся вырашаць мірна. Але калі мне мне хамяць, кажуць «размаўляйце на нармальнай, чалавечай мове», прашу кнігу скаргаў і прапаноў або пішу электронны зварот у райвыканкам, гарвыканкам, каб гэтага супрацоўніка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 9.22 [Кодэкса ад адміністрацыйных правапарушэннях] аб мовах.

Хлопец вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі №1 — з верасня пойдзе ў філалагічны клас з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы і літаратуры. Пасля збіраецца атрымаць адукацыю журналіста. Але звязаць жыццё марыць з падарожжамі.

— Вельмі хачу працаваць на самалётах бортправадніком. Не вырашыў, будзе гэта «Белавія» ці «Эмірэйтс». Але ведаю, што ў «Эмірэйтс», калі бортправаднік прылятае ў нейкую краіну, то часам застаецца ў горадзе на 2-3 дні, і авіякампанія прапаноўвае пападарожнічаць, арганізоўвае экскурсіі. Мне такі расклад падабаецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)