История

Андрэй Кныш

Як Лукашэнка выкарыстаў адстаўку Шушкевіча для ўласнага ўзлёту

«Салiдарнасць» нагадвае: 26 студзеня спаўняецца трыццаць год знакавай падзеі, якая паўплывала на далейшы лёс нашай краіны.

У гэты дзень Вярхоўны Савет XII склікання прагаласаваў за адстаўку спікера Станіслава Шушкевіча.

І хоць прагаласавалі далёка не ўсе дэпутаты — у галасаванні былі задзейнічаныя 250 бюлетэняў з 290 раздадзеных, пяць з іх прызналі несапраўднымі — канчатковая лічба была красамоўнай: супраць знаходжання Шушкевіча на чале парламента выказаліся 209 народных абраннікаў.

Станіслаў Шушкевіч, фота: Уладзімір Спагоў

Многія з нас звязваюць тую адстаўку з нашумелай антыкарупцыйнай прамовай Лукашэнкі, у якой ён, сярод іншага, звінаваціў спікера Вярхоўнага Савета ў злоўжыванні паўнамоцтвамі ў часе рамонту ўласнага лецішча: Шушкевіч нібыта незаконна прысвоіў скрыню цвікоў.

Зразумела, што гэта далёка не асноўная прычына. Пра што, дарэчы, у разгар падзеяў трыццацігадовай даўніны казаў і дэпутат Віктар Ганчар:

— Станіслаў Станіслававіч, няўжо вы думаеце, што мы ставім пытанне аб адкліканні на падставе двух кілаграмаў цвікоў, якія вы няправільна аформілі? Калі вы хочаце звесці рахункі з Лукашэнкам, то звяртайцеся ў суд. Вы не адбыліся як вышэйшая службовая асоба, вы дэзарганізавалі працу Вярхоўнага Савета.

Гэта цікавая і важная заўвага. У ёй ёсць і доля праўды, але і вялікая хлусьня, якая дорага каштавала і Шушкевічу, і Ганчару, і ўсім нам.

У атмасферы недаверу

Па сведчаннях сучаснікаў і непасрэдных удзельнікаў падзей, Станіслаў Шушкевіч меў няпросты характар і не абы якія ўласныя амбіцыі, а таксама быў нясхільны да саюзаў, якія б дапамаглі яму захаваць уладу.

Увесь час знаходжання на чале парламента ён меў няпростыя ўзаемадачынні з усімі ўплывововымі сіламі ў парламенце — пачынаючы з наменклатурнай большасці і сканчваючы параўнальна нешматлікай, але вельмі актыўнай апазіцыйнай групай дэпутатаў БНФ. 

Калі коратка, то першыя мелі зуб на Шушкевіча за ягонае прамаруджванне з далучэннем Беларусі да АДКБ. І ўжо адзін гэты факт стаў прычынай актыўных спробаў пазбавіць яго пасады.

У ліпені 1994-га спікеру прыйшлося прайсці праз працэдуру даверу. Тое галасаванне было не на ягоную карысць: 166 дэпутатаў выказалі яму свой недавер, 27 — падтрымалі яго. 

Тады Шушкевіча ўратавала адсутнасць кворуму пры зацвярджэнні вынікаў працэдуры, а таксама адмова чальцоў Падліковай камісіі Ігара Герменчука і Аляксандра Шута падпісаць выніковы пратакол.

Моцным, калі не вырашальным, ударам па пазіцыі спікера Вярхоўнага Савета стала гісторыя з літоўскімі камуністамі. 15 студзеня 1994-га літоўскія спецслужбы таемна вывезлі з тэрыторыі Беларусі Міколаса Буракявічуса і Юозаса Ермалавічуса, былых кіраўнікоў кампартыі Літвы. На радзіме іх абвінавалі ў трагічных падзеях у Вільнюсе 13 студзеня 1991-га.

Гэты інцыдэнт каштаваў пасадаў тагачасным кіраўнікам МУС і КДБ Уладзіміру Ягораву і Эдуарду Шыркоўскаму.

А на наступны дзень настала чарга і Шушкевіча.

Працытуем тут успаміны колішняга міністра сельскай гаспадаркі Васіля Старавойтава:

— Я памятаю тую сесію, калі здымалі з пасады кіраўніка парламента Станіслава Шушкевіча. Здымалі не толькі за тое, што пры ягоным папушчальніцтве спецслужбам Літвы выдалі літоўскіх артадаксальных камуністаў, якія знайшлі ў Беларусі прытулак.

Надакучыла ягонае аднекванне, пастаянныя адмовы ад уладных дзеянняў. Яму казалі: «Добра, Кебіч не хоча — дык давай, ты прапануй!». Але ён таксама не прапаноўваў нічога. І выдача камуністаў стала падзеяй-дэтанатарам, якая справакавала парламенцкі выбух.

Не хачу сказаць, што гэта была нейкая змова. Мяне, напрыклад, ніхто не ўгаворваў і не агітаваў галасаваць супраць Шушкевіча. І шмат іншых дэпутатаў, з кім даводзілася і тады, і пазней гутарыць на гэтую тэму. Проста — назапасіліся стомленасць і раздражненне.

Што не маглі прабачыць Шушкевічу дэпутаты Незалежнасці

Спіс прэтэнзій чальцоў парламенцкай апазіцыі да спікера парламента шырокі. Прыгадаем найбольшт важныя і лёсавызначальныя моманты.

Падпісанне Шушкевічам у апошні момант дамовы аб далучэнні Беларусі да АДКБ дэпутаты Незалежнасці расцанілі як здраду. На той момант па дамоўленасці з ім быў праведзены збор подпісаў дэпутатаў пад зваротам аб правядзенні рэферэндума, на які планавалася вынесці пытанне «Ці лічыце вы, што Рэспубліка Беларусь павінна быць нейтральнай і без’ядзернай дзяржавай і не ўваходзіць у ваенныя блокі?»

Падпісаўся нават Лукашэнка, але Шушкевіч тымі подпісамі так і не скарыстаўся.

Не скарыстаўся ён і подпісамі 440 тысяч беларусаў, якія выступалі за правядзенне іншага рэферэндума — аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета і правядзенні новых выбараў.

Такім чынам парламенцкая апазіцыя намагалася не дапусціць рэваншу былой камуністычнай наменклатуры і ўцягвання Беларусі ў расійскую арбіту.

Прывядзём цытату Сяргея Навумчыка, непасрэднага ўдзельніка падзей, колішняга дэпутата і аўтара кніг пра палітычнае жыццё ў Беларусі ў першыя гады незалежнасці:

— Пасля таго, як у першыя месяцы 1992 года БНФ сабраў подпісы, з якіх 440 тысяч ЦВК былі прызнаныя сапраўднымі (не ўзнікла пытанняў у ЦВК і па фармулёўцы вынесенага на рэферэндум пытання), Вярхоўны Савет мусіў прызначыць дату. Аднак Шушкевіч спыніў вясновую сесію. Распусціў дэпутатаў «па хатах» і паўгода сесію не збіраў. Адначасна, у сваіх публічных выступах усяляк падвяргаў ідэю рэферэндуму крытыцы, у чым цалкам салідарызаваўся з наменклатурай. Фактычна, ён рабіў усё, каб рэферэндум не адбыўся. На восеньскай сесіі ў канцы кастрычніка 1992 года Вярхоўны Савет адмовіўся прызначаць дату — і рэферэндум быў сарваны. Некаторыя аналітыкі менавіта гэтую падзею называюць стратай таго апошняга шанцу, які мог утрымаць краіну ад спаўзання ў аўтарытарызм.

Лукашэнка і суверэнітэт

Займеў ворагаў Станіслаў Шушкевіч і сярод «маладых ваўкоў». Так называлі групу дэпутатаў, сярод якіх быў Аляксандр Лукашэнка, Віктар Ганчар, Дзмітрый Булахаў ды іншыя.

Віктар Ганчар і Аляксандр Лукашэнка, фота Уладзімір Кармілкін

Для іх спікер парламента ўяўляў перашкоду на шляху да новай Канстытуцыі, якая давала ім шанец на прыход да ўлады праз увядзенне пасады прэзідэнта.

Прадстаўнікі гэтай групы не раз ініцыявалі атакі на Шушкевіча. А апошні цвік у яго кар’еру спікера забіў Лукашэнка з ягонай справаздачай аб карупцыі. Іронія лёсу — на пасаду старшыні антыкарупцыйнай камісіі яго прызначыў не хто іншы, як старшыня прэзідыюма Вярхоўнага Савета.

Малады старшыня саўгаса ўжо тады вылучаўся своеасаблівай логікай. Калі паўстала пытанне пра далучэнне да АДКБ, ён патрабаваў ад Шушкевіча паставіць подпіс.

Пры гэтым ён даводзіў, што гэта толькі ўмацуе суверэнітэт краіны, але для гэтага трэба… ахвяраваць ягонай часткай, «отступить от него на шаг, на полшага».  

Калі ж пытанне пра адстаўку спікера было амаль вырашанае, Лукашэнка папракнуў Шушкевіча за арганізацыю візіту прэзідэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь. Маўляў, гэта стала актам прыніжэння суверэнітэту краіны.

Гэта казаў чалавек, які з першых дзён дэпутатцтва адкрыта заклікаў да самага цеснага саюза з Расіяй.

Закіды Лукашэнкі наконт «няправільна аформленых цвікоў», якія засталіся ў памяці беларусаў, самі па сабе не сталі фатальным ударам па кар’еры Шушкевіча ў парламенце.

Але тая справаздача, як і ўся ягоная «антыкарупцыйная» дзейнасць у парламенце, зрабілі самога Лукаашэнку папулярным у Беларусі. І гэта, як стала вядома ўжо тады, быў узлёт на ілжы. Бо праверка высветліла, што Шушкевіч нічога не парушыў.

Як, дарэчы, было і ў выпадку з «замахам пад Лёзна», калі ў аўто з Лукашэнкам нібыта стралялі. Следчы эксперымент зняпраўдзіў версіі паплечнікаў будучага прэзідэнта. Але ягонай імклівай кар’еры гэта ўжо ніяк не пашкодзіла.

Фота: Уладзімір Сапагоў

Што было далей, добра вядома. Напрыканцы прыгадаем, што пра тыя падзеі пісала «Салідарнасць» у рамках праекта «Беларусь. Совершеннолетие»:

— У чэрвені Аляксандр Лукашэнка ўзначаліў парламенцкую камісію па барацьбе з карупцыяй. Для яго гэта быў своеасаблівы трамплін для скачка ў вялікую палітыку.

Хаця тады, за год да першых прэзідэнцкіх выбараў, мала хто мог падумаць, што менавіта гэты чалавек стане кіраўніком беларускай дзяржавы. І ўжо тым больш ніхто не мог меркаваць, што за 15 гадоў прэзідэнт Беларусі так і не зменіцца…

Гэтай публікацыі ў красавіку споўніцца 15 гадоў.