Як Лукашэнка падняў на сьцяг тое, чаго крыху саромеліся ў СССР

Штучнае сьвята «Дзень народнага адзінства», уведзенае на патрэбу цяперашняй палітычнай каньюнктуры, паказвае, што рэжыму не хапае пазытыўных палітычных наратываў, піша Валер Карбалевіч на Свабодзе.

Адпачатку лёгіка ўладаў была зразумелая. Акрамя рэпрэсій, трэба прапанаваць грамадзтву ці хаця б толькі сваім прыхільнікам нейкую мабілізуючую ідэю. Бо мабілізаваць людзей толькі на ідэйным грунце нянавісьці да пратэстоўцаў і на неабходнасьці захаваць уладу ў руках Лукашэнкі — гэта неяк вузка, прымітыўна.

Патрэбен быў нейкі станоўчы вобраз. І тут выявілася, што фантазія прыдворных ідэолягаў ня вельмі багатая. Яна зьвялася да таго, што пазытыўны вобраз трэба шукаць у гісторыі. То бок прапанаваць народу глядзець не наперад, бо самі ўлады разумеюць, што там нічога радаснага не відаць, а назад. Што само па сабе вельмі знамянальна.

У выніку прыдумалі два наратывы, якія наўрад ці можна лічыць новымі. Першае — гэта тэма фашысцкага генацыду беларускага народу падчас Другой сусьветнай вайны. І другі кірунак — вызваленьне беларусаў ад прыгнёту Польшчы ў 1939 годзе. Улады чамусьці вырашылі, што калі расказаць народу пра гэтыя падзеі, то людзі адразу палюбяць Лукашэнку.

На чым грунтуюцца такія ўяўленьні, што гістарычныя падзеі ў сёньняшнюю інфармацыйную эпоху могуць стаць мабілізуючым чыньнікам, сказаць цяжка. Але яны ўсяляк прапагандуюцца дзяржаўнымі мэдыя як сродак вярнуць давер грамадзтва да ўлады. Магчыма, спрацаваў расейскі досьвед, дзе тэма перамогі СССР у Вялікай Айчыннай вайне стала моцным ідэалягічным падмуркам палітыкі імпэрскага рэваншу.

Аднак у нашым выпадку ў саміх тэмах, гістарычных падзеях, якія былі ўзятыя для ідэалягічнай мабілізацыі, закладзена супярэчнасьць. Лукашэнка, разважаючы пра сьвята «Дзень народнага адзінства» 17 верасьня, казаў, што, маўляў, раней мы яшчэ з савецкіх часоў саромеліся сьвяткаваць гэты дзень аб’яднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі, бо баяліся кагосьці пакрыўдзіць. Мелася на ўвазе — Польшчу, бо гэтая краіна была саюзьнікам СССР, часткай сацыялістычнага лягеру.

Але ў СССР саромеліся ня толькі гэтага. Рэч у тым, што акцэнтаваць увагу на падзеях 17 верасьня 1939 году было небясьпечна яшчэ з адной прычыны. Гэта міжволі нагадвала пра непрыемную акалічнасьць: амаль два гады, з 1939 па 1941, СССР і фашысцкая Нямеччына былі САЮЗЬНІКАМІ. Савецкая, а таксама сёньняшняя беларуская і расейская гістарыяграфія ўсяляк замоўчвала і замоўчвае гэты факт.

А вось Лукашэнка лічыць, што прыйшоў час перастаць саромецца. У выніку атрымліваецца парадокс. Ідэю аднаўленьня гістарычнай памяці пра нацысцкі генацыд і ідэю вызваленьня Заходняй Беларусі ў саюзе з гэтымі самымі нацыстамі, якія якраз і ўчынілі гэты генацыд праз два гады, спрабуюць сумясьціць. Атрымліваецца дзіўны сымбіёз.

Гэты парадокс сытуацыі тым большы, што сьвята народнага адзінства адбываецца ў момант найбольшага ў найноўшай гісторыі Беларусі грамадзкага расколу. Таму паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальнасьцю існуе сапраўдная прорва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(49)