Комментарии
Сямён Печанко

Як Лукашэнка адбіў у мяне ахвоту стаць настаўнікам

Кожны раз, калі чую словы кіраўніка краіны пра ролю настаўніцтва, прыгадваю адну гісторыю са школьнай пары.

Месца, дзе я мог працаваць

Калі ў школе паўстала пытанне пра будучую прафесію, я амаль не сумняваўся, што стану настаўнікам. Мае бацькі ўсё жыццё прапрацавалі ў школе, таму такі выбар мне падаваўся тады цалкам натуральным і я не разглядаў іншыя варыянты.

Да ўсяго, мае памкненні падагравала сімвалічнае супадзенне: у пачатку 1990-х, праз год пасля абвяшчэння незалежнасці, у нашай вёсцы збудавалі новую школу. Я памятаю, як настаўнікі нібы свяціліся ад энтузіязму. Здавалася, пачыналася новае жыццё…

Потым быў 1994-ы, Лукашэнка. Першы рэферэндум. Насупраць галоўнага зваходу з’явілася гіганцкае пано з выявай падрэдагаванага савецкага герба. У школу пачала вяртацца падзабытая казёншчына.

І ўсё ж я не пакідаў думак пра будучую прафесію. Пакуль у красавіку 1996-га ў мяне не здарылася размова з бацькамі. Я рыхтаваўся да экзаменаў за 9 клас і яшчэ не ведаў, што гэта будзе мой апошні год у школе.

«Пры Польшчы настаўнік не гадаваў свіней»

Пра гэта часам любіў прыгадваць мой бацька, калі мы выбіраліся ў лес па ягады, каб трохі зарабіць — настаўніцкага заробку ніколі не хапала. Бацька вырас на хутары пад Стаўбцамі ў сям’і былога арандатара рачнога млына. У ягонай сям’і было пяць дзяцей, трое вывучыліся на настаўнікаў. Цяпер, згадваючы тыя размовы, я цудоўна разумею іх выбар.

Пры Польшчы настаўнік быў забяспечаны ўсім неабходным і меў годны заробак. Ён не мусіў корпацца ў агародзе, трымаць свойскую жывёлу, клапаціцца пра дровы. Бацькава старэйшая сястра працавала за працадні ў калгасе і мела жабрацкі заробак — добрая матывацыя паступіць у педінстытут, каб не ведаць калгаснага пекла.

У красавіку 1996-га з размовы з бацькамі я даведаўся не толькі пра канец вучобы ў школе. Іронія лёсу — мне прапанавалі паступаць у сельскагаспадарчы тэхнікум.

Почему Беларусь продолжит терять лучших учителей

«Трэба шукаць працу, якая будзе даваць аддачу. А што можна прынесці сёння са школы — сшыткі з хатнімі заданнямі?», — казала мне мама. На думку бацькоў, аграному ў эпоху ўсеагульнага калгасу, якая тады па нашых адчуваннях імкліва наступала, выжыць было непараўнальна прасцей, чым настаўніку. Я пагадзіўся. І хоць аграномам я так і не стаў працаваць, праз двадцаць год усё больш адчуваю, што бацькі мелі рацыю.

«…И никогда богатыми учителя не были»

Лукашэнка не схлусіў, калі сказаў у пачатку жніўня, што настаўнікі ніколі не былі багатымі. Не былі багатымі пры саветах, не сталі і пры ім.

І калі камуністы па-свойму імкнуліся трымацца старых польскіх стандартаў, забараняюся вясковым педагогам займацца прысядзібнай гаспадаркай, то пры Лукашэнку настаўнікі проста вымушаныя трымаць агарод і свойскую жывёлу, каб выжыць.

Я не люблю прыгадваць другую палову 1990-х. Гэта былі асабліва цяжкія гады. Наша сям’я жыла ад заробку да заробку. Каб стачыць канцы з канцамі, бацька ездзіў на навагрудскі рынак прадаваць гародніну.

«Через месяц никто не вспомнит об этом предложении для учителей. «Выборы» уже пройдут!»

У школе пачаліся рэформы: пераход на 12-годку, вяртанне назад, увядзенне цэнтралізаванага цэсціравання. А яшчэ БРСМ і «Белая Русь», выбарчыя камісіі і кантрактная сістэма, як гарантыя настаўніцкай пакоры. І бясконцае запаўненне папераў. З імі ў мяне трымавала асацыююцца апошнія гады працы бацькі ў школе. Перад пенсіяй ён усё часцей казаў пра падзенне настаўніцкага аўтарытэту сярод вучняў і бацькоў.

Асабіста для мяне гэтага больш чым дастаткова, каб праз два дзясяткі год не перажываць з-за нерэалізаванай мары.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)